Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў адбыў яшчэ 12 дзён у карцэры


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Пра тое, што Васіль Парфянкоў зноў патрапіў у ШЫЗА паведаміла Свабодзе актывістка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з палітвязьнем.

«Ён у апошнім лісьце паведаміў, што атрымаў ад мяне лісты з часопісамі і газэтамі, а галоўнае, што адбыў 12 сутак у ШЫЗА. А пасьля гэтага ад яго зноў маўчаньне, з чаго я раблю выснову, што ён, мабыць, зноў пакараны карцэрам — у дадатак. Яшчэ напісаў, што, дзякуй Богу, засталося сядзець ужо няшмат — усяго два месяцы».

Прычына, паводле якой Васіль Парфянкоў пакараны карцэрам, Вользе Мікалайчык невядомая. Актывістка нагадала сытуацыю з палітвязьнем Ігарам Аліневічам, пра якога днямі стала вядома, што яго ў калёніі «Віцьба-3» пакаралі карцэрам за адмову мыць прыбіральню, бо гэта панізіць ягоны статус у калёніі. Вольга Мікалайчык не выключае, што гэтаксама мог зрабіць і Васіль Парфянкоў.

Палітвязень, які да таго знаходзіўся ў памяшканьні крытага тыпу — ПКТ, ужо не разьлічвае да вызваленьня трапіць у звычайны атрад.

«Васіль напісаў, што яго ўжо на зону не перавядуць, што будзе даседжваць у крытай, у камэры-адзіночцы. Але ён праз гэта не журыцца. Кажа, што ня хоча гэтых пераездаў, гэтай зоны з новымі людзьмі і з правакацыямі, якія ўжо сталі нормай. Кажа, што прызвычаіўся сядзець адзін».

Васіль Парфянкоў адбывае год зьняволеньня ў горацкай калёніі. Яго пакаралі за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду, які ён атрымаў пасьля затрыманьняў на шматлікіх акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі — удзельнікамі мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня выбараў 19 сьнежня 2010 году.

XS
SM
MD
LG