Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 20 кастрычніка: дзень памяці Міхася Чарота, прэзэнтацыя новай кніжкі сэрыі «Бібліятэка Свабоды»


Міхась Чарот

Міхась Чарот

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

У Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Удзельнічаюць яе аўтары і героі, якія перамаглі сьмяротную хваробу. Таксама ў мерапрыемстве возьмуць удзел музычныя гурты NAVI, Recha і RAHIS. Малая заля к/з «Мінск». Пачатак а 19-й гадзіне. Уваход вольны.

У Менску ў Нацыянальным гістарычным музэі адбудзецца прэзэнтацыя зборніка «Гісторыя гандлю ў Беларусі». Удзел возьме вядомы беларускі гісторык, навуковы супрацоўнік праекту, прафэсар Захар Шыбека. Пачатак а 18-й гадзіне.

У Менску ў Вялікай зале Белдзяржфілярмоніі канцэрт з цыклю «Джазавыя вечары ў Філярмоніі». Выступаюць квартэт Эміля Парызьена і трыа «Асабісты дзёньнік». (Францыя). Пачатак а 19-й гадзіне.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1506 — на княжаньне ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім абраны Жыгімонт І Стары

1655 — была заключаная Кейданаўская вунія паміж ВКЛ і Швэцыяй, ініцыятарам якой была група паноў і шляхты з Жамойці, і да якой далучыліся Януш і Багуслаў Радзівілы.

1920 — на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага створаны блёк беларускіх партыяў для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь.

1929 — ЦК ВКП(б) абвясьціў курс на суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

1947 — адкрыўся Гарадзенскі абласны драматычны тэатар.

1953 — у ЗША выйшла ў сьвет антыўтопія Рэя Брэдбэры «451 градус па Фарэнгайту».

«Калі-небудзь мы ўспомнім так шмат, што збудуем самы вялікі ў гісторыі экскаватар, выкапаем самую глыбокую, якая калі-небудзь была, магілу, і навек пахаваем ў ёй вайну».

З раману «451 градус па Фарэнгайту»

1973 — каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II адкрыла будынак Сыднэйскай опэры, прызнанай адным з самых прыгожых будынкаў у сьвеце.

У гэты дзень нарадзіліся:

1677 — Станіслаў Ляшчынскі, вялікі князь літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай.

1733 — Адам Станіслаў Нарушэвіч, польскі гісторык, паэт, перакладчык.

1854 — Арцюр Рэмбо, францускі паэт.

1885 — Алесь Бурбіс, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху.

У гэты дзень памерлі:

1906 — Канстанцін Быліч, беларускі актор.

1937 — Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік, паэт. Рэпрэсаваны, асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

«Нам добра. Цёпла. Зямля ў пажары. Дым чорны ўецца аж да нябёс. Крыжы. Магілы. Вайна. Ахвяры. Рагочуць людзі. А поўна слёз.

Чырвона неба. Зямля чырвона. Адны баяцца чырвоных хварб. Другія мкнуцца на клікі звона. Багатым помста. Бяздольным скарб.

Замоўклі песні. Шумяць дубровы. Прыгожы, вольны куток глухі. Адно чужыя равуць каровы. Шукаюць пашы іх пастухі.

Патухлі зоркі. Гарыць у дыме. Чырвона сонца — вітае рань. Яно засвеціць. Народ падыме. Смялей да працы. Загіне здань».

(1921год)

1942 — Флярыян Ждановіч, беларускі актор і рэжысэр.

1994 — Бэрт Ланкастар, амэрыканскі актор.

1953 — Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнаўца, літаратуразнаўца, публіцыст, пэдагог.

З Календара Бахарэвіча:

Некаторыя вераць, што адсечаная галава перад тым, як вясёлы кат падыме яе за валасы на пацеху нецярпліваму натоўпу і прыб’е цьвіком да брамы ў якасьці дыдактычнага матэрыялу — яшчэ колькі імгненьняў жыве і мае сувязь з разгубленым ад нечаканай страты целам.

XS
SM
MD
LG