Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асьцярожны антырасейскі трэнд


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Гэтым разам у традыцыйны рытуал штогадовай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх журналістаў умяшаўся ўкраінскі крызіс. І, як ні дзіўна, гэты фактар узмацніў антырасейскі акцэнт цяперашняй размовы кіраўніка Беларусі з журналістамі РФ. Гэты акцэнт быў даволі заўважны.

Лукашэнка выклаў сваю вэрсію ўкраінскіх падзеяў, якая ў шмат якіх момантах не супадае з афіцыйным расейскім канструктам. Найперш, ён паўтарыў сваю тэзу, якую выказваў ужо ня раз: у тым, што Майдан прывёў да такога выніку, вінаваты Януковіч. А Расея, як вядома, ва ўсім вінаваціць ЗША.

Прынцыпова важна тое, што Лукашэнка канстатаваў: далучэньне Крыму да Расеі — гэта парушэньне міжнародных дамоўленасьцяў, гэта недапушчальна і няправільна. Спасылка на тое, што Хрушчоў па-валюнтарысцку перадаў гэтую паўвыспу з РСФСР ва Ўкраіну — гэта несур’ёзны матыў. Праўда, як звычайна, беларускі кіраўнік зрабіў рэвэранс у бок Масквы, сказаўшы, што ўкраінцы «падставіліся»: зладзіўшы «антыканстытуцыйны пераварот», які насіў антырасейскі характар, яны не ваявалі за Крым. Але тым ня менш.

Больш за тое, Лукашэнка зазначыў: яшчэ невядома, што далей будзе з Крымам. Бо там цяжкая сытуацыя, усе камунікацыі завязаныя на Ўкраіну, а з Расеяй у паўвыспы няма мяжы. Бацька цяперашняга кіраўніка Крыму Аксёнава зьвярнуўся да Лукашэнкі з просьбай аб дапамозе.

Ад пытаньня ж пра юрыдычнае прызнаньне Беларусьсю цяперашняга статусу Крыму як часткі расейскай тэрыторыі беларускі кіраўнік ухіліўся.

Лукашэнка выказаў крамольную для расейскай прапаганды думку, што каб не ўмяшаньне Расеі, то дні ДНР і ЛНР былі б палічаныя. Прычым матывамі дзеяньняў Масквы ў гэтым рэгіёне былі, сярод іншага, і прэстыж, «рэйтынгі»!

Ужо ня першы раз Лукашэнка паведаміў, што Менск прапанаваў свой плян урэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Дарэчы, менавіта каб яго прэзэнтаваць, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей езьдзіў у Варшаву. Дык вось, калі раней з словаў беларускага кіраўніка вынікала, што Захад адрынуў гэты плян, то цяпер Лукашэнка паведаміў, што і Расея яго не прыняла. «Значыць, гэтая бойня камусьці патрэбная», — шматзначна канстатаваў ён.

Цікава і тое, што Лукашэнка крытыкаваў Расею за эканамічныя санкцыі супраць Малдовы (а таксама, хоць і асьцярожна, супраць Украіны), якая падпісала дамову аб асацыяцыі з ЭЗ. Забаўна, але ён папракнуў Маскву за тое, што яна хоча закрыцца, ізалявацца ад сьвету. Хто б мог падумаць яшчэ год таму, што краіны памяняюцца месцамі — Расея апынецца ў большай ізаляцыі, чым Беларусь!

«Беларусь пакуль ня ў складзе Расеі, таму вы акуратна», — гэтую фразу Лукашэнкі можна лічыць галоўнай

Лукашэнка незадаволены, як расейскія мэдыі інфармуюць пра Беларусь і непасрэдна пра палітыку кіраўніка дзяржавы. Чаму? Ад зайздрасьці! «Занадта высокі градус Лукашэнкі ў Расеі. Таму вы яго паніжаеце», — з крыўдай зазначыў ён.

Увогуле, Лукашэнка абвінаваціў Расею ў імпэрскіх амбіцыях. Бо Масква «стараецца нахіліць, недзе прынізіць, каб на каленях пастаялі, нешта папрасілі». Ён перасьцярог, што Расея можа дамовіцца з Захадам за кошт і на шкоду Беларусі. Маўляў, такія прыклады ўжо былі.

Увогуле, паводле беларускага кіраўніка, Расея ня хоча даць Беларусі зброю, напрыклад, самалёты. Замест гэтага яна прапануе разьмясьціць тут сваю авіябазу — кажа, мы самі будзем вас абараняць. Але гэта не прымаецца беларускім бокам.

Увогуле, за рытуальнай рыторыкай пра «братоў-расейцаў» чулася цьвёрдая думка, што Беларусь — незалежная краіна. «Беларусь пакуль ня ў складзе Расеі, таму вы акуратна», — гэтую фразу Лукашэнкі можна лічыць галоўнай. Зразумела, можна акцэнтаваць увагу на слове «пакуль». Але ўсё ж дамінуючая ідэя прэсавай канфэрэнцыі была заключаная ў апошніх словах гэтай фразы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG