Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Класкоўскі: «Лукашэнка ня хоча ісьці на дно разам з Расеяй»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні расейскіх журналістаў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, перасьцярог Расею ад «імпэрскіх амбіцый» адносна Беларусі і суседніх з Расеяй краін. Паводле Лукашэнкі, такое стаўленьне выявілася ў сытуацыі з падатковым манэўрам адносна нафтавага мыта.

«Званю Пуціну, кажу: Уладзімер Уладзімеравіч, гэта непарадак. Доўга перамовы вяліся дзесьці зноў, дамовіліся. Вярнулі кампэнсацыю, якую забралі праз гэты манэўр. Гэта, што — нармальна? Гэта ненармальныя адносіны, калі гаварыць пра праблемы. Разумееце, такія паводзіны часта ў навакольных краінах называюць „імпэрскія амбіцыі“. Прабачце, што гэтак кажу, але навошта гэта? Вы ж бачыце, што гэта несправядліва, недакладна, і гэта ж ня страты Расеі», — сказаў Лукашэнка.

Далей ён быў яшчэ больш шчыры пра адносіны з Расеяй:

«Наадварот, як я распавёў пра гэты манэўр, спрабуюць дзесьці нахіліць, прынізіць, каб на каленях пастаялі. Каб нешта папрасілі і гэтак далей. Гэта слушна. Гэта заўсёды прыўносіць у нашы адносіны ня проста неразуменьне, а нейкую крыўду».

Выступаючы перад расейскімі журналістамі, Аляксандар Лукашэнка выказаў нязгоду з «далучэньнем да Расеі» Крыму, паведаміў пра цяжкасьці з атрыманьнем расейскіх крэдытаў і скрытыкаваў некаторую расейскую прадукцыю. Чым выкліканая гэтая рыторыка адносна краіны, якую Лукашэнка называе братэрскай і саюзнай? Кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі лічыць, што Аляксандар Лукашэнка невыпадкова дазволіў сабе гэтыя выказваньні.

«Для Лукашэнкі надышоў момант ісьціны, і ў гэтым была галоўная інтрыга прэсавай канфэрэнцыі — будзе ён гаварыць у звычайным духу „мы з рускімі — адзін народ“, ці зьменіць рыторыку. І ён сапраўды яе зьмяніў. Ён вырашыў рэзка абазначыць сваю пазыцыю, бо ўбачыў, што далей няма куды адступаць. Хоць ён і аднекваўся ад таго, што баіцца паўтору ўкраінскага сцэнару адносна Беларусі, але, мяркую, гэтая думка сядзіць цьвіком у ягонай галаве.

І таму сёньня ён ужо не казаў пра адзіны народ, а наадварот, недзе мякчэй, а недзе больш жорстка наступаў. Пачынаючы ад заявы, што нельга было браць Крым, бо гэта парушэньне міжнароднага права, і канчаючы тым, што Расея нарвалася на сур’ёзны адказ. Ён сказаў, што нават Амэрыка сёньня не рызыкуе рабіць пэўныя рэчы, як ён сказаў, „выпендрывацца“, і зразумела было, у чый агарод гэты камень. Больш за тое, ён адкрыта сказаў, што гэтая крывавая бойня ў Данбасе — яна дзеля падтрыманьня рэйтынгу. Зноў зразумела, у чый гэта гарод.

То бок можна сказаць, што сёньня ў Лукашэнкі выступ такі антыімпэрскі і нават антыпуцінскі. Бо ён разумее, што калі зьвязацца з Расеяй і далей ісьці ў яе фарватэры, а сёньня ўжо зразумела, што заходнія санкцыі пачынаюць даставаць Расею, то заўтра можна разам зь ёй пайсьці на дно. Гэтага, вядома, Лукашэнка ня хоча. Безумоўна, застаецца ўсё адно стаяць рубам пытаньне наконт эканамічнай прывязкі. Гэта слабое месца, ахілесава пята Лукашэнкі, што ён ня можа адмовіцца ад расейскага допінгу. Відаць, таму і надалей давядзецца беларускаму кіраўніцтву круціцца як вужу на патэльні і пасьля грознай рыторыкі прасіць чарговых крэдытаў і чарговых субсыдыяў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG