Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сустрэча Пятра Парашэнкі і Ўладзімера Пуціна 17 кастрычніка ў Мілане адбываецца пры ўдзеле сямі эўрапейскіх лідэраў.

У ёй прымаюць удзел канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран, гаспадар сустрэчы прэм’ер Італіі Матэа Рэнцы, а таксама прэзыдэнты Эўрапейскай рады і Эўракамісіі, Герман ван Рампей і Жазэ Мануэль Барозу і будучы кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Федэрыка Магерыні.

Перамовы ў такім фармаце адбываюцца ўпершыню за час украінска-расейскага супрацьстаяньня. З пачатку гаворка ішла пра магчымасьць сустрэчы ў так званым «нармандзкім фармаце», з удзелам толькі двух эўрапейскіх лідэраў, Мэркель і Алянда.

Пасьля разглядалася магчымасьць прыцягнуць да перамоваў прадстаўніка ЗША, але, відавочна, перамовы пра гэта не прывялі да посьпеху, хоць напярэдадні Мілана Пятро Парашэнка правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Баракам Абамам.

Канцлер Мэркель заявіла, што ў выкананьні менскіх мірных дамоўленасьцяў шмат недахопаў і гэта трэба выправіць — гэта значыць, увасобіць мірнае пагадненьне. Як рычаг ЭЗ разглядае свае санкцыі супраць Расеі.

«Мы і ў далейшым ня будзем пакідаць ніякіх сумневаў, што парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і парушэньне міжнародных нормаў у нашых бліжэйшых суседзяў не застануцца без наступстваў. Вось чаму санкцыі зьяўляюцца важным складнікам нашага падыходу да вырашэньня крызісу ва Ўкраіне. Але самі па сабе санкцыі — не вырашэньне. Мы працягваем шукаць дыялёгу з Расеяй. Адно — санкцыі, не выключаюць іншага — дыялёгу, каб усталяваць справядлівасьць», — сказала Мэркель.

А прэзыдэнт Алянд, прыбыўшы ў Мілан, заклікаў да безумоўнай павагі да перамір’я і поўнага увасабленьня менскіх пагадненьняў.

Дээскаляцыя, а ня поўнае рашэньне канфлікту

Прафэсар Паола Кальцыні, выкладчык эўрапейскіх студыяў унівэрсытэта Johns Hopkins у італьянскай Балоньні, сказаў Радыё Свабода, што сустрэча прэзыдэнтаў ёсьць проста мінімумам з таго, што можна зрабіць пры цяперашняй канфліктнай сытуацыі. На ягоную думку, гэта станоўчы факт, што перамір’е на Данбасе, хоць і зь цяжкасьцю, але ўсё ж працягваецца.

«Мілан — гэта перадумова да працягу дыялёгу, каб дасягнуць дээскаляцыі канфлікту, я не кажу пра яго рашэньне, да гэтага яшчэ далёка! Большага сёньня не варта і чакаць», — кажа італьянскі палітоляг.

Зь ім пагаджаецца і ўкраінскі палітычны экспэрт Алеся Яхно, заклікаючы не перабольшваць чаканьні ад міланскай сустрэчы.

«Ня думаю, што ў Мілане зьявіцца нейкі новы сыстэмны дакумэнт або нейкае новае рамачнае пагадненьне, якое б кардынальна мяняла сытуацыю на Ўсходзе. Хутчэй гаворка пойдзе пра выкананьне ўжо існых дамоўленасьцяў, якія, аднак, не працуюць», — кажа Яхно.

На яе думку, міланская сустрэча будзе прамежкавай у шэрагу пастаянных перамоваў і «яна ня будзе канчатковай, і ў далейшым мы будзем бачыць яшчэ іншыя фарматы або іх працяг».

Сярод момантаў, на якіх, як чакаецца, павінны засяродзіцца Парашэнка, Пуцін і эўрапейскія лідэры, — агульная дээскаляцыя на Данбасе; поўнае спыненьне агню і захаваньне перамір’я, асабліва ў гарачых кропках, як данецкі аэрапорт; стварэньне буфэрнай 30-кілямэтровай зоны; адвод цяжкога ўзбраеньня; абмен закладнікамі; вызваленьне ўкраінскіх грамадзянаў, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Расеі.

Таксама сярод тэмаў — садзейнічаньне назіральнай місіі АБСЭ на Ўсходзе Ўкраіны, давядзеньне яе колькасьці на гэтым этапе да 500 чалавек, наданьня ёй бесьпілётнікаў для кантролю, у прыватнасьці, над украінска-расейскай мяжой. Украінскі бок можа ўзьняць пытаньне непрызнаньня выбараў, якія хочуць правесьці так званыя «ДНР» і «ЛНР» 9 лістапада, а правядзеньня замест гэтага мясцовых выбараў у кантраляваных сэпаратыстамі раёнах у пачатку сьнежня, як гэта прадугледжана мірным плянам прэзыдэнта Парашэнкі.

XS
SM
MD
LG