Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве звольнілі легендарнага змагара за беларускую мову


Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

У Магілёве застаўся бяз працы Валадар Цурпанаў — зваршчык, які ня раз судзіўся са сваім прадпрыемствам і прывучыў чыноўнікаў адказваць па-беларуску.

Валадар Цурпанаў рабіў зваршчыкам на Арматурным заводзе, змагаўся зь недапрацоўкамі адміністрацыі і ня раз судзіўся са сваім прадпрыемствам. Прычым дамогся ад раённага суду, каб ягоныя пазовы разглядаліся на беларускай мове. Ад адміністрацыі прадпрыемства таксама патрабаваў, каб на скаргі адказвалі па-беларуску. Зваршчык, акрамя таго, выдаваў для сваіх калегаў і газэтку «Валадарынка», дзе інфармаваў калег пра вынікі сваіх патрабаваньняў адносна паляпшэньня ўмоваў працы на прадпрыемстве. Ён настойвае, што звольнілі яго менавіта праз гэтыя патрабаваньні.

Фармальная прычына звальненьня: «сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычынаў абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай і правіламі ўнутранага працоўнага раскладу».

Пра сваё звальненьне Валадар Цурпанаў даведаўся 16 кастрычніка, калі выйшаў на працу пасьля хваробы. У загадзе, кажа ён, было напісана, што падставамі для звальненьня ёсьць матэрыяльная шкода, якую ён прычыніў наймальніку і наяўнасьць дысцыплінарнага пакараньня.

Цурпанаў прызнае, што адмовіўся выконваць адно з даручэньняў майстра, бо на ягоны пагляд, яно вымагала парушэньня тэхналягічных патрабаваньняў. Сьцьвярджаецца, што яны з напарнікам праз сваё непаслушэнства нібыта нанесьлі наймальніку шкоду ў 347 тысяч рублёў кожны.

«Задача была звольніць мяне любым чынам. Першы суд я выйграў. Цяпер другі праходзіць. Трэці пазоў у судзе. Мне падаецца, што я перашкаджаю іхным плянам па рэарганізацыі заводу. Наагул жа чалавек, які паказвае на нейкія недапрацоўкі, кепскія ўмовы працы і, пагатоў, непакоіць гэтым кантрольныя інстанцыі, якія вымушаныя рабіць нейкія захады і нават штрафаваць наймальніка — нікому з начальства не падабаецца», — камэнтуе сваё звальненьне Цурпанаў.

Валадар Цурпанаў піша тарашкевіцай, і з-за гэтага чыноўнікі закідаюць яму няведаньне мовы. У адным з адказаў з Магілёўскага райвыканкаму яму пішуць: «У сваіх зваротах вам трэба прытрымлівацца ня толькі формы і зьместу афіцыйнага дакумэнту, але лексычных, граматычных і арфаграфічных нормаў сучаснай беларускай, альбо расейскай моваў, якія зьяўляюцца дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь».

Паводле Цурпанава, такім чынам яму адказалі на ягоную скаргу, якая тычылася парушэньня адміністрацыяй законаў аб мовах і зваротах грамадзянаў. Ён заяўляе, што яму не адказалі на 12 скаргаў:

«Усё гэта зроблена для таго, каб не прыцягваць да адказнасьці дырэктара. Атрымліваецца, што яго варта дванаццаць разоў пакараць хаця б па мінімуму — па чатыры базавых велічыні».

У першым сваім пазове Валадар Цурпанаў праз суд намагаўся, каб адміністрацыя прадпрыемства даплаціла яму за выкананьне сумежных прафэсіяў. Працэс ня выйграў, але суд задаволіў хадайніцтва Цурпанава аб перакладчыку. Цяпер у раённым судзе разглядаецца пазоў аб скасаваньні яму дысцыплінарнага пакараньня, вынесенага за тое, што ён зьбіраўся пранесьці на тэрыторыю прадпрыемства тэлефон.

Судзьдзя з пазоўнікам гаворыць па-беларуску, а з адказчыкамі па-расейску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG