Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада выціснула апазыцыю з вуліцы. 15 гадоў таму было інакш


Марш Свабоды, Менск, 1999
Марш Свабоды, Менск, 1999

Роўна 15 гадоў таму, 17 кастрычніка 1999 году, у Менску прайшоў «Марш Свабоды». Ён скончыўся сутыкненьнямі дэманстрантаў зь міліцыянтамі і супрацоўнікамі ўнутраных войскаў, шматлікімі арыштамі.

Вось як пісалася пра гэтыя падзеі ў «Аглядзе-хроніцы парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 1999 годзе», які падрыхтаваў праваабарончы цэнтар «Вясна» (цытуецца зь невялікімі скарачэньнямі):

«Менскі гарвыканкам забараніў правядзеньне шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасьці. Дазвол быў толькі на мітынг на плошчы Бангалор.

У мітынгу на плошчы Бангалор удзельнічала каля 20 тысяч чалавек. Адтуль калёна дэманстрантаў накіравалася ў бок плошчы Незалежнасьці, каб занесьці туды нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і сіня-зорны сьцяг Эўрапейскага Зьвязу. Лік удзельнікаў шэсьця ўвесь час рос, і да праспэкту Скарыны падыходзіла ўжо калёна з 30 тысяч чалавек.

Дэманстранты паводзілі сябе прыстойна, спакойна, паварочваючы па прапанове міліцэйскіх кардонаў і не ўступаючы зь імі ў канфлікт. Так, міліцыянты не пусьцілі дэманстрантаў у бок плошчы Перамогі, а скіравалі на вуліцу Казлова і далей на Першамайскую. Там на мосьце церазь Сьвіслач іх ужо чакалі АМАПаўцы і салдаты ўнутраных войскаў.

Далей шляху не было. І тады адзін з кіраўнікоў акцыі сказаў: «Разварочваемся і ідзем назад, да плошчы Якуба Коласа». Дэманстранты павярнуліся і адышліся колькі крокаў ад кардону. І тады шчыты рассунуліся, выскачылі АМАПаўцы і пачалі зьбіваць, хапаць і цягнуць дэманстрантаў. Натуральна, людзі пачалі адбівацца. Спачатку дрэўкамі ад сьцягоў, а потым камянямі. Пачалася жорсткая сутычка, якая цягнулася каля 40 хвілінаў. У выніку сутыкненьня зьявіліся першыя параненыя з абодвух бакоў... Удзельнікі шэсьця адбілі тры «атакі» міліцыянтаў. Аднак што маглі зрабіць мірныя людзі супраць узброеных дубінкамі, схаваных за шчыты, бронекамізэлькі ды шлемы міліцыянтаў? А таму людзі сталі разьбягацца. Вось тады і пачалася сапраўдная расправа над імі, якая працягвалася ў міліцэйскіх пастарунках, у міліцэйскіх аўтобусах — увечары, ноччу, ранкам наступнага дня... Пацярпелых сотні, сярод іх шмат непаўналетніх, а таксама людзей выпадковых, якія ў той час аказаліся блізка: на вуліцы, у парку, у крамах... Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку сутыкненьняў пацярпела больш за 50 міліцыянтаў і салдатаў, арыштавана больш за 100 удзельнікаў «Маршу Свабоды».

Сёньня пра тыя падзеі згадвае адзін з актыўных арганізатараў акцыі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Па-першае, гэта быў адзін з сэрыі „Маршаў свабоды“, якія зьбіралі вялікую колькасьць людзей. Прыкладна 30–35 тысяч людзей выходзілі на вуліцу. І, канечне, гэта было ўнушальна, адчуваўся размах. Натуральна, гэта дадавала і арганізатарам маршаў, і іх удзельнікам дадатковую энэргетыку — нас шмат.

Па-другое, што датычыць сутыкненьня зь сілавымі структурамі, то тут дагэтуль многае застаецца незразумелым — хто за гэтым стаяў, хто справакаваў? Ці гэта была ўсё ж такі загадзя сплянаваная апэрацыя ўладаў, каб пасьля даціскаць гайкі? Ці гэта проста зьбегліся абставіны? Я думаю, што толькі пасьля таго, як прыадкрыюцца архівы, стане вядома, што там насамрэч адбылося.

Па-трэцяе. Калі параўноўваць той час і сёньняшні,то трэба прызнаць — сёньня нас зусім выціснулі з вуліцы. Няма вулічных акцыяў, публічных пратэстаў. Тады праз вуліцу магчыма было рабіць хоць нейкі, але ціск на ўладу. Сёньня трэба прызнацца — улада выціснула прыхільнікаў перамен з вуліцы і поўнасьцю там дамінуе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG