Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi: «Лукашэнка для Беларусі пакуль — найлепшы варыянт. Хоць і самы дрэнны»


Belarus -- Vox populi, microhpone

Belarus -- Vox populi, microhpone

​Якія высновы павінна зрабіць беларуская ўлада з украінскіх падзеяў? Апытаньне ў Горадні


— У школе пачынаць з моладзьдзю працаваць, патрыятычна настройваць, не саромецца нашага мінулага. А менш лухты з Захаду браць, а браць толькі добрае.

— Ну што: калі ўладу выбралі, павінна ўлада адказваць за сябе, за народ, а ня так проста на самацёк пускаць, як там здарылася —даверыліся масам, і нічога з гэтага ня выйшла ў выніку добрага. Цераз выбары ўсё павінна быць, а ня так дапускаць. Забараняць трэба такія моманты. Не ісьці на саступкі. Лепей тады нейкія выбары дадатковыя. Таму што іншы рэцэпт знайсьці немагчыма.

— Мы з Валгаграду. А што параіць? Дружбу, любоў паміж нашымі дзяржавамі. А што ў Валгаградзе? Шчыра, ня веру што нашы гавораць пра Ўкраіну. Я асабіста ня веру Пуціну.

— Узровень жыцьця трэба падымаць, каб заробак быў, каб пэнсія... Ад гэтага ўсё ідзе, з гэтага пачынаецца. А ва Ўкраіне было больш складана, яна вельмі разнашэрсная, разумееце. Яшчэ дзіўна, як яны жылі дагэтуль. А ў нас адна праблема: будзе праца, пэнсія, будзе ўсім хапаць усяго — то ў нас народ мірны, ён ня стане гэтым займацца. У нас меншая краіна, лягчэй кіраваць, і мэнталітэт такі — мірныя людзі. Але хто ля стырна, хто на заводзе — пайшоў вялікі разрыў з простым народам. І праз гэта можа ня выбух, але незадавальненьне вырасьці. І ўсе на гэта зьвяртаюць увагу. Але, відаць, Аляксандру Рыгоравічу такім спосабам лягчэй уладу трымаць. Начальства задаволенае сваім матэрыяльным становішчам.

— Што трэба? Трэба гуртавацца нам усім і не дапускаць гэтага ўсяго, як у іх на Майдане здарылася, гэтыя „зьбюркі“ ўсякія. У іх і пачыналася ўсё з Майдану.

Нічога вы ня зробіце: у нас народ такі, слабенькі. Гэта не Швайцарыя, дзе кожны ваяр і гатовы абараняць

— Што можна зрабіць? Нічога. Усё ўжо зроблена. Краіна ўжо загінула, і можна ўжо нічога не рабіць. Я маю на ўвазе, што эканоміка прыбіта, крэдытаў столькі набралі, што іх сплаціць амаль нерэальна. Распрадаць, можа, хіба ўсю краіну толькі. Расея нас не адпусьціць, як яна Ўкраіну не адпускала. Абараняцца мы ня зможам, украінцы нешта спрабуюць зрабіць. І Лукашэнка пакуль найлепшы варыянт, хоць і самы дрэнны.Нічога вы ня зробіце: у нас народ такі, слабенькі. Гэта людзі на балоце, пачытайце Мележа. Гэта не Швайцарыя, дзе кожны ваяр і гатовы абараняць.

— Жыву ў Расеі. Рэцэптаў няма. Гэта справа чыста беларусаў. Проста так бы Расея не забрала нічога, і ні ДНР, нічога б там не было. Бо нехта падтрымлівае яе на тэрыторыі Ўкраіны. Калі ў Беларусі такога ня будзе, то ўсё будзе нармальна. Вазьміце Прыбалтыку — там жа няма ніякіх ДНР.

— У любым выпадку, я думаю, трэба прытрымлівацца пазыцыі неўмяшаньня. Міратворцы? Я думаю, яны самі здольныя разабрацца з унутраным палітычным канфліктам. А ўрокі трэба з гэтага выносіць. У першую чаргу не дапусьціць таго, што адбывалася ва Ўкраіне цягам некалькіх месяцаў. Даволі млява нібы разьвіваліся падзеі на Майдане, а калі ўсё ўспыхнула, урад быў ня ў стане ўрэгуляваць гэты канфлікт, і ў выніку — вось ува што ўсё вылілася. Сытуацыя ў Беларусі крыху адрозьніваецца. Але ў любым выпадку павінна ўлічвацца думка меншасьцяў: калі ёсьць людзі, якія маюць іншыя погляды на дзяржаўнае ўладкаваньне, іхняя думка павінна ўлічвацца.

— Ды ў нас, я думаю, ніколі такога ня будзе. Беларусы надта талерантныя і больш працуюць. А ўкраінцам, вядома, там усе дадзелі. Я быў ва Ўкраіне да гэтых падзеяў, там людзі нашмат горш жылі. Галата была, калі куды заедзеш, не было за што жыць людзям. Натуральна, што яны ўзьняліся. У нас няма яшчэ такой сытуацыі. Ды, я думаю, калі беларусы пачнуць нешта рабіць, іх хутка прыдушаць.

XS
SM
MD
LG