Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мы ўжо прыблізна ведаем рэпэртуар Лукашэнкі, — Класкоўскі


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Чаго чакаць ад прэс-канфэрэнцыі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх СМІ, якую ён правядзе 17 кастрычніка ў Менску? Як адаб’ецца на рыторыцы расейска-ўкраінскі канфлікт?

Палітоляг і мэдыя-экспэрт Аляксандар Класкоўскі адказаў на гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды так:

«Насамрэч, з аднаго боку мы ўжо прыблізна ведаем рэпэртуар беларускага кіраўніка на падобных прэс-канфэрэнцыях. Ён заўжды стараецца казаць тое, што падабаецца аўдыторыі. Мы памятаем, што адна з такіх шаблённых фразаў, якая, вядома, была прыемная для гасьцей і потым тыражавалася, гэта тое, што „беларусы і рускія адзін народ“. Гэта вельмі цікава, бо апошнія некалькі месяцаў ня чуў я з вуснаў Лукашэнкі гэтай фразы. Нядаўна вось чарговы расейскі губэрнатар прыяжджаў, я ўважліва сачыў, чытаў, — не было гэтай фразы. Пэўна, гэта ўжо сымптом. Зразумела, што пасьля Крыму ў гэтай сытуацыі Лукашэнка зразумеў, што гэтая ягоная тэза нясе небясьпеку. Бо калі беларусы і рускія адзін народ, то тады ўзьнікае пытаньне, навошта тая мяжа і наагул існаваньне Беларусі. Гэта насамрэч вельмі турбуе, торгае Лукашэнку, і вось як ён будзе круціцца заўтра? З аднаго боку, трэба працягваць так званую братнюю інтэграцыю, трэба ж у Расеі неяк выбіваць ці выпрошваць рэсурсы, і патрэбна гэтая звычайная рыторыка пра братнюю інтэграцыю.

Але, зь іншага боку, натуральна, што Лукашэнка заняў адрозную пазыцыю ва ўкраінскім пытаньні. Ён хоць асьцярожна, хоць хітра, але выказваўся за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, і ад гэтых пытаньняў ён не адкруціцца. Таму, я думаю, ён будзе старацца дэманстраваць нейкія дзівосы слоўнай эквілібрыстыкі, каб дагадзіць і нашым, і вашым».

XS
SM
MD
LG