Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 кастрычніка: 15 гадоў таму прайшоў Марш Свабоды, беларускія дэлегацыя ў Парыжы, сустрэча Парашэнкі і Пуціна ў Міляне


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У крэатыўнай прасторы ЦЭХ адбудзецца адкрыцьцё выставы фота-археалягічнай экспэдыцыі на польска-беларускае памежжа «Albom.pl». Пачатак у 19.00.

Менск. Культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» запрашае на афлайнавае ток-шоў «Музычны Барысаў: terra incognita?». Пачатак а 17 гадзіне ў рэстарацыі «Фабрыка» (Менск, вул. Даўмана, 78)

Менск. Праект BIPART і асьветніцка-дасьледчая ўстанова «Цэнтар дасьледаваньня грамадзкага кіраваньня» ладзяць прэзэнтацыю пра магчымасьці замежнай адукацыі для дзяржаўных службоўцаў Беларусі. На прэзэнтацыі прагучыць інфармацыя аб магчымасьцях для дзяржаўных службоўцаў вучыцца ў Швэцыі, Бэльгіі, Галяндыі, Эстоніі, і іншых краінах, а таксама пра стыпэндыі на навучаньне. Пачатак у 18.30.

Менск. Адкрыцьцё выставы жывапісных твораў мастака Аляксея Несьцерава «Ачаг» адбудзецца ў арткафэ Нацыянальнага мастацкага музэя. Пачатак у 17.30.

Менск. Праект CINEMASCOPE і Асацыяцыя маладых беларускіх кампазытараў прадстаўляюць фэстываль нямога кіно і сучаснай музыкі "«КИНЕМО». Сёньня паказ стужкі «Страсьці Жаны д’Арк».

Менск. У музэі аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ праходзіць выстава «Гуляла Пава ...».

Францыя, Парыж. Беларуская дэлегацыя знаходзіцца з рабочым візытам у Францыі. Ўзначальвае дэлегацыю намесьніца міністра замежных справаў Алена Купчына. У складзе дэлегацыі пасол Беларусі ў Францыі Павал Латушка, прадстаўнікі Беларускай гандлёвай палаты і дзелавых колаў Беларусі.

Італія. У Міляне ў рамках саміту форуму «Эўропа-Азія» плянуецца сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Міжнародны дзень барацьбы супраць галечы

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1483 — папа рымскі Сыкст IV стварае гішпанскую інквізыцыю з мэтай выгнаньня з Гішпаніі арабаў і габрэяў

1588 — пачаў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага. Часам гісторыкі называюць яго першай эўрапейскай канстытуцыяй. Гэты кодэкс права на працягу 250 гадоў быў дзейным законам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Ўкраіны і складаў аснову ўсёй прававой сыстэмы Вялікага Княства.

1787 — пачаўся выхад сэрыі артыкулаў «Фэдэраліст» Джэймса Мэдзісана, Аляксандра Гамільтана і Джона Джэя, якія падрыхтавалі Канстытуцыю ЗША.

1905 — расейскі імпэратар Мікалай II падпісвае Маніфэст аб дараваньні лібэральных свабодаў і наданьні Дзяржаўнай Думе заканадаўчых паўнамоцтваў

1918 — Вугоршчына аб’явіла аб незалежнасьці ад Аўстрыі

1964 — у Беларусі было адкрытае першае прамысловае радовішча нафты. Вучоныя кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.

1924 — у Пінску заснаваны Музэй Беларускага Палесься 1990 — прэм’ера спэктаклю «Тутэйшыя» у Купалаўскім тэатры

«Гэта сьведчыць пра геніяльнасьць Купалы, калі ён не пасаромеўся высьцебаць нацыю — у асобе Мікіты Зноска. Купала стварыў геніяльны псыхалягічны тып беларуса. Канфармізм — вельмі тыповая рыса беларуса — прыстасавацца, каб выжыць. Гэта вынік жыцьця „на скрыжаваньні“. Купала не абвінавачвае, ён шкадуе чалавека. Гэта самае галоўнае, што ёсьць у п’есе. І потым — там адлюстраваная ўся беларуская гісторыя, усе рысы беларускай мэнтальнасьці. „Тутэйшыя“ — вельмі жорсткі й праўдзівы погляд аўтара на беларускую мінуўшчыну, на беларускую сучаснасьць, і, на жаль, на беларускую будучыню.»

Мікалай Пінігін пра «Тутэйшых» Янкі Купалы

1999 — У Менску прайшоў «Марш свабоды» (больш за 30 тысяч удзельнікаў), падчас акцыі адбыліся сутыкненьні дэманстрантаў зь міліцыяй.

«Марш Свабоды» увайшоў у гісторыю і адкрыў новую старонку беларускага супраціву. Для таго, каб ацаніць значэньне «Марша Свабоды», як і любой гістарычнай падзеі, трэба ўлічыць, у якіх умовах ён праходзіў. 1999 год стаў годам выкраданьняў і забойстваў лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. У сакавіку 1999 году пры загадкавых абставінах памёр наймацнейшы палітык і самы папулярны апанэнт Лукашэнкі Генадзь Карпенка. У турмах знаходзяцца дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, мастак Алесь Пушкін і іншыя апазыцыянэры. 21 ліпеня 1999 года мінае пяцігадовы тэрмін кіраваньня, на які абраны Аляксандр Лукашэнка. Але спроба апазыцыі правесьці альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта скончылася няўдачай. У гэтай сітуацыі выхад на вуліцы Менска дзясяткаў тысяч людзей стаў поўнай нечаканасцю для многіх».

З публікацыі на сайце «Эўрапейская Беларусь» пра Марш Свабоды.

У гэты дзень нарадзіліся:

1696 — Аўгуст ІІІ Сас, курфюрст саксонскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі

1865 — Люцыян Жалігоўскі, польскі вайсковы і палітычны дзяяч, генэрал

1936 — Іван Драч, украінскі пісьменьнік, адзін з заснавальнікаў Руху

У гэты дзень памерлі:

1849 — Фрэдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст

1994 — Зоя Коўш, беларуская грамадзка-палітычная дзяячка

2005 — Васіль Гроднікаў, беларускі журналіст

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Чорны кастрычнік

XS
SM
MD
LG