Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб люстрацыі ва Ўкраіне закране мільён чалавек


Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

Пад дзеяньне закону аб люстрацыі ва Ўкраіне патэнцыйна падпадае каля мільёна дзяржаўных службоўцаў, але ці прывядзе гэты закон да сапраўднага ачышчэньня ўлады, сказаць пакуль цяжка.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў украінскі палітоляг Вадзім Карасёў.

Сёньня ва Ўкраіне ўступіў у сілу закон «Аб ачышчэньні ўлады», больш вядомы як закон аб люстрацыі. Паводле закону чыноўнікам, якія ня менш як 1 год займалі кіроўныя пасады падчас прэзыдэнцтва Віктара Януковіча, будзе забаронена займаць дзяржаўныя пасады на працягу 10 гадоў. Усе без выключэньня чыноўнікі і кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў павінны будуць прайсьці люстрацыйную праверку, ад выніку якой будзе залежаць, ці змогуць яны працягнуць дзяржаўную службу.

Паводле Вадзіма Карасёва, ва Ўкраіне гэты закон успрымаецца неадназначна:

«Хтосьці кажа, што гэты закон недарэчны, таму што Ўкраіна — гэта ня Польшча і не Чэхаславаччына на той момант, калі там быў прыняты падобны закон. Іншыя падтрымліваюць гэты закон, і, дарэчы, бязь ціску грамадзтва, бязь ціску вуліцы гэты закон дэпутаты Вярхоўнай Рады б не прынялі (прынамсі дэпутаты гэтага скліканьня). Тым ня менш закон прыняты, хоць і ў ашчадным выглядзе, бо з закону выдалена першапачатковая норма пра тое, што пад мэханізм ачышчэньня ўлады падпадаюць і палітыкі. Цяпер выбарныя палітыкі не падпадаюць пад гэты закон. Гэта значыць, што тыя, хто будзе выбраны ў Вярхоўную Раду новага скліканьня, мэры гарадоў, прэзыдэнты, нават калі будуць падставы для прымяненьня да іх гэтага закону, пад гэты закон не падпадаюць. Народныя дэпутаты так падстрахаваліся на ўсялякі выпадак», — кажа Карасёў.

Палітоляг адзначае, што закон аб люстрацыі тычыцца перш за ўсё ўцекачоў зь мінулай улады, Віктара Януковіча і ягонага асяродзьдзя, якія цяпер у Маскве і наўрад ці зьявяцца ва Ўкраіне, каб заняць дзяржаўныя пасады.

«Але тым ня менш гэты закон тычыцца многіх дзяржаўных чыноўнікаў. Прадстаўнікі пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны і г.д. — усе яны пройдуць праз мэханізм ачышчэньня ўлады. У кожным міністэрстве будуць створаныя люстрацыйныя камісіі, якія будуць разглядаць справы асобных чыноўнікаў, і калі будуць падставы для іх пакараньня, яны будуць звольненыя зь дзяржаўнай службы і ім будзе забаронена займаць дзяржаўныя пасады на працягу 10 гадоў. Прыкладна гэта тычыцца мільёна чалавек. Але мэханізм імплемэнтацыі гэтага закону дастаткова складаны, і хуткім ён ня будзе — гэта расьцягнецца на 2–3 гады», — падкрэсьлівае экспэрт.

Карасёў зьвяртае ўвагу на адрозьненьні ўкраінскага закону аб люстрацыі ад аналягічных законаў, якія прымаліся ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы пасьля «аксамітных рэвалюцыяў» канца 80-х гадоў XX стагодзьдзя.

Ва Ўкраіне сёньня люстрацыя ня тычыцца перш за ўсё былых камуністаў ці КДБістаў

«Там неабходнасьць люстрацыі аргумэнтавалася ідэалягічнымі крытэрамі. То бок яна закранула перш за ўсё тых, хто належаў да камуністычных партыяў, бо ў той жа Чэхаславаччыне ці Польшчы камуністычныя партыі разглядаліся як вядучая сіла акупацыйных рэжымаў. Ва Ўкраіне сёньня люстрацыя ня тычыцца перш за ўсё былых камуністаў ці КДБістаў. Гэты закон носіць хутчэй антыкарупцыйны характар — ён будзе ачышчаць уладу ад карупцыянэраў. Таму тут больш задзейнічаныя крытэры не ідэялагічныя, а антыкарупцыйныя», — адзначае ён.

Пры гэтым Карасёў ня ўпэўнены, што закон аб люстрацыі будзе вельмі эфэктыўны і прывядзе да поўнай замены чынавенскіх кадраў:

«Я б тут ня быў вялікім аптымістам, таму што паўгода назад, яшчэ на першай хвалі Майдана, быў прыняты закон аб ачышчэньні судовай улады. Па выніках дзеяньняў гэтага закону прыкладна 90% судзьдзяў вярнуліся на свае пасады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG