Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі цікавасьць да футболу хочуць ажывіць праз Хацкевіча


Кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу вядзе перамовы з колішнім форвардам менскага і кіеўскага «Дынама» і зборнай Беларусі Аляксандрам Хацкевічам.

Пасьля сэрыі няўдачаў беларускай каманды на старце адборачнага цыклю да Эўра-2016 галоўнага трэнэр Георгій Кандрацьеў сышоў у адстаўку, і з панядзелка гэтае месца вакантнае.

Спартовыя чыноўнікі заклапочаныя тым, каб як найхутчэй знайсьці годнага пераемніка. Аляксандар Хацкевіч працуе цяпер з другім складам кіеўскага «Дынама». Ён пацьвердзіў, што прапанова ўзначаліць зборную Беларусі сапраўды паступіла.

Спартовы аналітык, рэдактар сайту by.tribuna.com Максім Беразінскі так ацэньвае кандыдатуру Аляксандра Хацкевіча і спробы выратаваць беларускі футбол:

«Што тычыцца Аляксандра Хацкевіча і таго, ці рэальна яшчэ нешта лячыць, то зборная ў любым разе ня можа быць бяз трэнэра, правільна? Нейкае рашэньне трэба прымаць у любым выпадку, таму фэдэрацыя і шукае гэтага трэнэра. Вось Хацкевіч — якраз адзін з галоўных кандыдатаў, паводле нашай інфармацыі таксама. Мне здаецца, гэта нядрэнны варыянт менавіта ў тым пляне, што зборная цяпер на пэрыфэрыі ўвагі. З боку Кандрацьева вельмі мала мэдыйнасьці было ў прынцыпе, таму прыход такога трэнэра эўрапейскай фармацыі, як Хацкевіч, які і ў вачах заўзятараў быў дастаткова добрым футбалістам, а па беларускіх мерках нават і легендарным, можа прынесьці відавочную карысьць, даць штуршок да таго, каб зборная зноў стала цікавая людзям. Бо 4,5 тысячы гледачоў на матчы са Славаччынай — гэта проста ганьба.

З гэтага пункту гледжаньня мне падаецца, што запрашэньне Хацкевіча — цалкам нармальнае. Ну, а што ў яго ня вельмі шмат досьведу на дадзены момант, — дык трэба памятаць, што зборную ня трэба трэніраваць у штодзённым рэжыме. А што тычыцца разуменьня футболу, то пасьля працы з Лабаноўскім у Кіеве, упэўнены, з гэтым кампанэнтам у Хацкевіча ўсё ў парадку».

Праз сваіх агентаў заяўкі на тое, каб прэтэндаваць на пасаду галоўнага трэнэра борнай Беларусі, даслалі яшчэ адзін легендарны ўкраінскі футбаліст — Алег Блахін і італьянскі спэцыяліст Джавані Трапатоні.

XS
SM
MD
LG