Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмяжоўваецца ад Расеі «Эўрапейскім валам»


Украіне трэба ўладкаваць мяжу з Расеяй ахоўнымі інжынэрнымі збудаваньнямі для атрыманьня бязьвізавага рэжыму з Эўрапейскім зьвязам.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк падчас агляду праекту «Сьцяна», узоры якога ўжо ўсталявалі каля прапускнога пункта «Гоптаўка» на Харкаўшчыне. Паводле словаў украінскага прэм’ера, урад аб’яўляе тэндэр для прыцягненьня прадпрыемстваў, якія возьмуцца за выраб і будаўніцтва ўмацаваньняў на мяжы з усходнім суседам.

«Каму не падабаецца „Сьцяна“, можа называць гэты праект „Эўрапейскім валам“, — зьвярнуўся да скептыкаў узьвядзеньня новых інжынэрных збудаваньняў на ўкраінска-расейскай мяжы прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк.

Памежнікі, паказваючы праектныя варыянты „Сьцяны“, адразу папярэджваюць — гэта не бэтонная, не шкляная сьцяна. На ўсходняй мяжы мяркуецца ўзьвядзеньне шматузроўневай ахоўнай сеткі.

„Ідзе супрацьтанкавы роў шырынёй у тры мэтры, глыбінёй — у два. Пасьля чаго ідзе бруствэр, шырынёй да трох мэтраў, вышынёй да двух мэтраў. Пасьля чаго ідзе сьледавая паласа шырынёй у тры мэтры. Далей ракадная дарога для перамяшчэньня памежнікаў, праводзяць кантрольныя мерапрыемствы і там, дзе неабходнае ўладкаваньне плота з датчыкамі і відэакамэрамі“, — распавёў намесьнік начальніка ўсходняга рэгіянальнага ўпраўленьня пагранічнага атрада, начальнік інжынэрнага аддзела, палкоўнік Сяргей Маскаленка, прадстаўляючы варыянт ад харкаўскіх памежнікаў.

Уласна, сьцяной памежнікі называюць мэталічную агароджу. Яе мяркуецца ўсталёўваць ў стратэгічна важных месцах дзяржаўнай мяжы і там, дзе немагчыма пракладваць супрацьтанкавыя равы.

„Сьцяна“ дапаможа выйграць час для прыбыцьця Ўзброеных сілаў» — Маскаленка

У распрацоўніка праекта агароджы, галоўнага інжынэра завода імя Фрунзэ Ігара Дузенка гатовыя тры варыянты мэталічнай агароджы — ўсе яны вышынёй у два з паловай мэтры.

«Мы зрабілі тры варыянты агароджы, каб паказаць больш трывалую, менш трывалую і такі просьценькі варыянт — дрот два мілімэтры», — паказаў сваю распрацоўку Ігар Дузенка.

Адказваючы на папрокі шэрагу палітыкаў пра немэтазгоднасьць устаноўкі на мяжы «Сьцяны», маўляў, гэта марнатраўства, памежнікі кажуць, што такая сьцяна патрэбная як сыгнальны аб’ект у выпадку перасячэньня мяжы ворагам, і каб можна было выйграць час для прыбыцьця Ўзброеных сіл.

«Супраць «Градаў», вядома,"Сьцяна" ня выстаіць. І сучасныя танкі дазваляюць гэты супрацьтанкавы роў на працягу 20 хвілінаў загарнуць або паставіць там Пантон для пераезду. Але гэты час нам дапаможа прыцягнуць дадатковыя сілы і сродкі, якія непасрэдна зьнішчаць ворага. Мы выйграем час«, — адзначыў у камэнтары Радыё Свабода палкоўнік Сяргей Маскаленка.

Пасьля азнаямленьня з характарыстыкамі ахоўных інжынэрных збудаваньняў памежнікі жартам папрасілі прэм’ера праверыць цьвёрдасьць дроту, зь якога зьвязаная сетка агароджы. Арсень Яцанюк спэцпрыладай так і ня змог перарэзаць мэтал. «Я калі паўгадзіны пастаю, то я яго перакушу», — усьміхаецца Арсень Яцанюк. «А за гэты час вас заўважаць і прыйдзе нарад. Гэта не загараджальны плот, гэта кантрольны», — на жарт кіраўніка ўрада адказаў першы намесьнік старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, генэрал-лейтэнант Віктар Назаранка.

Фактычна, за 20 гадоў незалежнасьці Ўкраіны мы ня мелі мяжы з Расеяй, — Яцанюк

«Сьцяна» або «Эўрапейскі вал», паводле плянаў урада, мусіць зьявіцца на ўсёй украінска-расейскай мяжы на працягу трох гадоў. Ад рэалізацыі гэтага праекта наўпрост залежыць прадстаўленьне Ўкраіне бязьвізавага рэжыму з ЭЗ.

«Фактычна мы за 20 гадоў украінскай незалежнасьці ня мелі мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй. Калі няма мяжы, то бязьвізавага рэжыму з Эўрапейскім зьвязам нам ніхто ня дасьць, то пытаньне пра сяброўства Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычным альянсе гэтак жа нельга вырашыць. Калі няма мяжы, то адсутнічае першы этап лініі абароны», — заявіў Яцанюк.

Прэм’ер-міністар падкрэсьлівае, што рэалізацыя праекта «Сьцяна» мае шэраг важных задачаў, такіх як: прыпыненьне нелегальнай міграцыі і дывэрсійных групаў, прыпыненьне кантрабанды і перашкоды перамяшчэньню зброі і радыеактыўных матэрыялаў.

На фінансаваньне ўзьвядзеньня «Эўрапейскага вала» трэба 500 мільёнаў грыўняў. Ільвіная доля інвэстыцыяў — гэта міжнародныя праграмы Эўрапейскага зьвязу, цяпер ад ЭЗ паступіла 235000000 грыўняў. Як сказаў Арсень Яцанюк, наперадзе правядзеньне празрыстага тэндэру для ўкраінскіх прадпрыемстваў, якія жадаюць папрацаваць на ўмацаваньне дзяржаўных межаў, забясьпечыць абарону ад расейскага агрэсара.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG