Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візы: Менск і Брусэль шукаюць кампрамісу, а зь бязьвізавым Ізраілем трэба пачакаць


Перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу праходзяць «у штатным рэжыме».

Пра гэта заявіў сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода.

Ён сказаў, што пасьля першага раўнду перамоваў, якія прайшлі ў Менску, беларускія ўлады перадалі свае прапановы.

«Цяпер бакі абменьваюцца думкамі і шукаюць нейкія варыянты кампрамісных рашэньняў. Як толькі будзе вядомая канкрэтная дата другога раўнду паседжаньня, мы паведамім пра гэта журналістам».

Дзьмітры Мірончык закрануў яшчэ тэму ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму з Ізраілем.

Дакумэнты пра гэта былі падпісаныя ў Менску 19 верасьня, аднак, як сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі, «некаторыя мэдыі перадалі некарэктную інфармацыю пра тое, што бязьвізавы рэжым будзе ажыцьцяўляцца празь 90 дзён пасьля 19 верасьня. Гэта ня так, паколькі абодва бакі павінны спачатку выканаць усе ўнутраныя працэдуры, уключаючы ратыфікацыю гэтых дакумэнтаў парлямэнтамі абедзьвюх краінаў. Дзейнічаць пагадненьне сапраўды пачне празь 90 дзён, але ня з моманту яго падпісаньня, а з таго моманту, як абедзьве краіны завершаць усе свае працэдуры».

XS
SM
MD
LG