Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі адрэагаваў на магчымую забарону тэлеканалу «Беларусь 24» ва Ўкраіне


Беларускія ўлады спадзяюцца, што ўкраінскі суд улічыць ня толькі праграмы Яўгена Новікава.

Украіна зьбіраецца забараніць трансьляцыю на сваёй тэрыторыі тэлевізійнага каналу «Беларусь 24». Нацыянальная Рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня прызнала тэлеканал «Беларусь 24» неадпаведным патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі аб транспамежным тэлебачаньні, а таксама заканадаўству Ўкраіны, і зьвярнулася ў суд з пазовам аб забароне вяшчаньня на сваёй тэрыторыі.

Як рэагуе на гэтую сытуацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі? Такое пытаньне задалі сёньня на брыфінгу ў МЗС прэсаваму сакратару зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітрыю Мірончыку.

Мірончык адказаў:

«Мы самым уважлівым чынам адсочваем разьвіцьцё сытуацыі. Мы разьлічваем, што пры прыняцьці канчатковага рашэньня (а такое рашэньне, паводле ўкраінскіх законаў, прымаецца судом) будзе ўлічаны ўвесь комплекс праграмаў беларускага тэлеканалу, а ня толькі тэкст адной аўтарскай перадачы».

Падставаю для рашэньня Нацыянальнай Рады Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня сталіся скаргі тэлегледачоў, а таксама выбарковы маніторынг, які правялі ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за мэдыйную палітыку.

Так, у праграме «Правы чалавека. Погляд у сьвет» на тэлеканале «Беларусь 24» гледачы выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэньне інфармацыі пра падзеі ва Ўкраіне.

Сярод іншых выказваньняў аўтара перадачы Яўгена Новікава прыводзяцца наступныя:

«Трэба прызнаць, што дапамога Данбасу з боку Расеі неацэнная, але і страты, нанесеныя Данбасу ўкраінскай арміяй, таксама ня маюць цаны і нават ня маюць назвы, бо якую ж назву можна даць дзеяньням Кіева, пасьля якіх ужо выяўленыя дзясяткі масавых пахаваньняў мірных грамадзян, пакараных Нацгвардыяй або „Правым сэктарам“, што адно і тое ж? І пакараных толькі за тое, што яны жадалі гаварыць на сваёй зямлі Данбаса, на Данбасе, на расейскай мове.

Не сумнявайцеся, вайна на Ўкраіне — гэта не на адзін год, і не на два, не на тры. Гэта на дзесяцігодзьдзі. Вайна на Ўкраіне пацягне за сабой новыя войны — і жывыя пазайздросьцяць мёртвым. Калі, вядома, Кіеў і яго заходнія куратары не адумаюцца, на што вельмі мала шанцаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG