Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што хочуць забараніць тэлеканал «Беларусь 24» ва Ўкраіне?


Нацыянальная Рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня прызнала тэлеканал «Беларусь 24» неадпаведным патрабаваньням Эўрапейскай канвэнцыі пра транспамежнае тэлебачаньне, а таксама заканадаўству Ўкраіны.

Такое ж рашэньне прынялі і ў дачыненьні да расейскага тэлеканалу «365 дней».

У сувязі з гэтым кіраўнік Нацрады Юры Арцёменка паведаміў, што плянуе зьвярнуцца ў суд з пазовам аб часовай забароне рэтрансьляцыі гэтых двух тэлеканалаў.

Падставаю для такога рашэньня сталіся скаргі тэлегледачоў, а таксама выбарковы маніторынг, які правялі ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за мэдыйную палітыку.

Гэтак, у праграме «Правы чалавека. Погляд у сьвет» на тэлеканале «Беларусь 24» гледачы выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэньне інфармацыі пра падзеі ва Ўкраіне.

Юры Арцёменка

Юры Арцёменка

Пра тое, што «Беларусь 24» ня ёсьць сыстэмным парушальнікам, заявіў адзін зь сябраў Нацрады Алег Чарныш, які ўстрымаўся ад галасаваньня. Паводле яго, маніторынг кантэнту каналу праводзілі некалькі разоў і ў праграме «Правы чалавека. Погляд у сьвет» выявілі парушэньні Эўрапейскай канвэнцыі аб трансгранічным тэлебачаньні (неправамернасьць прапаганды гвалту або заахвочваньне да расавай нянавісьці).

У прыватнасьці, вядоўца гэтай праграмы Яўген Новікаў сьцьвердзіў, што праз вайну Ўкраіна нібыта намагаецца разьвязаць свае эканамічныя праблемы.

«Украінская запазычанасьць складае 100 мільярдаў даляраў. Гэта таксама вайна. Скажыце, як Украіна можа вылезьці з гэтай запазычанасьці? Слушна, толькі праз вайну. Толькі нацкоўваючы адзін на аднаго Эўропу і Расею, ЗША і Расею. У такой вайне ляжыць рашэньне эканамічнага крызісу на Ўкраіне. Толькі ў гэтай вайне».

Сярод іншых выказваньняў Новікава прыводзяцца наступныя:

Вайна на Ўкраіне пацягне за сабой новыя вайны — і жывыя пазайздросьцяць мёртвым

«Трэба прызнаць, што дапамога Данбасу з боку Расеі неацэнная, але і страты, нанесеныя Данбасу ўкраінскай арміяй, таксама ня маюць цаны і нават ня маюць назвы, бо якую ж назву можна даць дзеяньням Кіева, пасьля якіх ужо выяўленыя дзясяткі масавых пахаваньняў мірных грамадзян, пакараных Нацгвардыяй або „Правым сэктарам“, што адно і тое ж? І пакараных толькі за тое, што яны жадалі гаварыць на сваёй зямлі Данбаса, на Данбасе, на рускай мове.

Не сумнявайцеся, вайна на Ўкраіне — гэта не на адзін год, і не на два, не на тры. Гэта на дзесяцігодзьдзі. Вайна на Ўкраіне пацягне за сабой новыя вайны — і жывыя пазайздросьцяць мёртвым. Калі, вядома, Кіеў і яго заходнія куратары не адумаюцца, на што вельмі мала шанцаў».

«„Беларусь 24“ — гэта першы нерасейскі канал, які мы разглядаем. Цяпер Беларусь займае чакальную пазыцыю ў канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінаю. Закрываць беларускі канал цяпер — азначае даць нагоду расейцам і беларусам заяўляць, што ва Ўкраіне адсутнічае свабода слова», — пракамэнтаваў Чарныш.

У сваю чаргу, кіраўнік Нацрады Юры Арцёменка запэўніў, што «Нацыянальная рада ня будзе ўмешвацца ў кантэнт ці цэнзураваць нешта».

«Калі б гэта быў украінскі канал, мы б падалі на яго ў суд. З замежным каналам мы маем адзінае выйсьце — прызнаць канал неадаптаваным і зьвярнуцца ў суд», — заявіў кіраўнік Нацрады.

Для Белтэлерадыёкампаніі навіна пра забарону трансьляцыі беларускага тэлеканалу ва Ўкраіне стала неспадзяванкаю. У прэсавай службе спачатку пра гэты факт увогуле нічога ня ведалі ды папрасілі ператэлефанаваць цягам гадзіны.

У выніку ж прэсавая служба гэтак пракамэнтавала забарону трансьляцыі беларускага тэлеканалу ва Ўкраіне:

«На сёньня я магу вам паведаміць, што і для Белтэлерадыёкампаніі, і для тэлеканалу „Беларусь 24“ дадзеная інфармацыя стала такой жа навіной, як і для ўсіх астатніх СМІ. Мы будзем разьбірацца з сытуацыяй і будзем шукаць рашэньняў».

На пытаньне ж пра магчымыя прычыны гэтай забароны ў прэсавай службе адказалі, што камэнтары «последуют».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG