Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада можа правесьці выбары-2015 у фармаце ЧС па хакеі, — Стэфановіч


Праваабарончы цэнтар «Вясна» распачаў кампанію ў падтрымку Паўла Вінаградава, які напярэдадні тых ці іншых грамадзка-палітычных падзей у краіне сыстэматычна робіцца ахвярай адвольных затрыманьняў і арыштаў. Пра гэта праваабаронцы абвясьцілі 15 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Праваабаронцы лічаць, што практыка масавых адвольных прэвэнтыўных затрыманьняў грамадзкіх і палітычных актывістаў будзе шырока выкарыстоўвацца падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.

«Сёньня шмат гаворыцца пра паляпшэньне іміджу рэжыму, пра тое, што ў нас Лукашэнка стаў „голубам міру“. Гэта ўсё выдатна, але ў краіне пакуль што няма таго, што б дало нам магчымасьці сьцьвярджаць пра нейкія паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека. Апошнія выпадкі якраз сьведчаць пра адваротнае», — заявіў намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай праблеме адвольных прэвэнтыўных затрыманьняў.

На думку Стэфановіча, улады будуць толькі пашыраць практыку адвольных прэвэнтыўных затрыманьняў актывістаў напярэдадні важных грамадзка-палітычных падзей у краіне:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Я думаю, што ў некаторым сэнсе апошнія тэндэнцыі могуць сьведчыць пра характар перадвыбарчай кампаніі 2015 году. Магчыма, улады ня будуць выкарыстоўваць жорсткіх формаў перасьледу (крымінальнага палітычна матываванага перасьледу). Мне чамусьці здаецца, што падчас выбараў 2015 году можа быць выкарыстаны фармат хакейнага чэмпіянату — у сэнсе прэвэнтыўных арыштаў апазыцыйных актывістаў».

Вясной 2014 году, напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, улады арыштавалі 38 палітычных актывістаў. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што на сёньняшні дзень адвольныя затрыманьні — гэта адзін зь відаў палітычнага перасьледу.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, які за час сваёй палітычнай дзейнасьці правеў на Акрэсьціна 292 дні, адзначыў, што сёньня большая частка актывістаў фактычна страціла магчымасьць пражываць па месцы рэгістрацыі.

«Гэта сьмешна, але гэта так. Напрыклад, я цяпер па месцы рэгістрацыі не жыву, таму што калі я там жыў, амаль увесь час перад любым мерапрыемствам, перад любым прыездам кагосьці да мяне пачыналі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі».

Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

Вінярскі распавёў, як звычайна адбываюцца затрыманьні:

«Калі ты выходзіш зь месца, дзе ты жывеш, да цябе падыходзяць некалькі чалавек, яны звычайна ў цывільнай вопратцы. Часьцей за ўсё яны прад’яўлюць табе дакумэнт нейкі, а потым прапаноўваюць паказаць свае дакумэнты. Калі ў цябе такіх дакумэнтаў няма, яны кажуць, што трэба ўдакладніць вашу асобу. Калі ў цябе дакумэнты з сабою ёсьць, яны забіраюць дакумэнты і кажуць: пройдзем з намі. Далей усё залежыць ад таго, колькі іх. Калі цябе затрымліваюць два чалавекі, яны паспрабуюць цябе ўгаварыць прайсьці зь імі. Калі іх 3–4, а побач няма журналістаў, усё адбываецца прасьцей: табе заварочваюць рукі назад, валакуць у аўтамабіль, і вы едзеце ў райаддзел. З моманту, калі цябе затрымалі, ты фактычна цалкам выключаны з прававога поля, бо больш твае правы нікога не турбуюць. Лёгка пісаць у мэтадычках пра тое, якія правы ты маеш у пастарунку міліцыі. Але рэалізаваць гэтыя правы фактычна немагчыма. Ёсьць у цябе сьведкі ці няма, патрэбная цябе дапамога адваката ці не — гэта ўсё існуе толькі ў мітычным прававым полі, якога насамрэч няма. Ніхто не тлумачыць табе, за што ты затрыманы. Часта атрымліваецца, што дакладны артыкул, за што цябе судзяць, ты даведваесься толькі, калі цябе прывезьлі ў суд і высьветлілі, хто судзьдзя».

Лёгка пісаць у мэтадычках пра тое, якія правы ты маеш у пастарунку міліцыі. Але рэалізаваць гэтыя правы фактычна немагчыма

Праваабарончы цэнтар «Вясна» распачаў кампанію ў падтрымку Паўла Вінаградава, які напярэдадні тых ці іншых грамадзка-палітычных падзей у краіне сыстэматычна робіцца ахвярай адвольных затрыманьняў і арыштаў.

«Дзеяньні ўладаў Беларусі ў дачыненьні да Паўла Вінаградава носяць незаконны характар і маюць палітычны матыў, які мае на мэце нядобраахвотнае спыненьне або зьмяненьне Паўлам Вінаградавым сваёй публічнай дзейнасьці. Пазбаўленьне волі (адміністратыўны арышт на 15 сутак), а таксама ранейшыя арышты былі ўжытыя ў дачыненьні да Паўла Вінаградава выключна ў сувязі зь яго палітычнымі перакананьнямі. Гэтыя акалічнасьці дазваляюць вызначыць Паўла Вінаградава на пэрыяд яго ізаляцыі як палітвязьня», — адзначаецца ў сумеснай заяве Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтру «Вясна», якую зачытаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што за 10 месяцаў 2014 году Вінаградаў ужо правёў у зьняволеньні агулам 50 сутак. Цяпер ён адбывае яшчэ 15 сутак арышту. Актывісту рэгулярна пагражаюць крымінальным перасьледам і фізычнай расправай.

«Мы распачынаем кампанію ў падтрымку Паўла Вінаградава, які цяпер пад арыштам і на прэвэнтыўным наглядзе. Мы расцэньваем гэтую кампанію ня толькі як падтрымку Паўла Вінаградава, але і ў прынцыпе супраць практыкі адвольных затрыманьняў у нашай краіне. Каб далучыцца да гэтай кампаніі, можна зрабіць пост з тэгам #freeVinagradau, сфатаграфавацца з партрэтам Паўла Вінаградава, выкласьці фота ў сацыяльныя сеткі, а таксама выказаць сваё меркаваньне наконт гэтай праблемы. Можна запісаць відэа ў падтрымку Паўла Вінаградава з тэгам #freeVinagradau і выкласьці яго ў сацыяльныя сеткі, можна дасылаць Паўлу паштоўкі салідарнасьці», — адзначыў намесьнік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Мяне заўсёды ўражвае, наколькі гэты чалавек (Вінаградаў. — РС) пазытыўны і заўсёды вясёлы, пры тым, што ён фактычна жыве ў турме. Я проста не ўяўляю сябе, як ён гэта вытрымлівае», — дадаў праваабаронца.

XS
SM
MD
LG