Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа «Барысаўдрэва». Апытаныя ўсе сьведкі, акрамя віцэ-прэм’ера Сямашкі


Уладзімер Мальцаў
Уладзімер Мальцаў

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым гендырэктарам «Барысаўдрэва» Ўладзімерам Мальцавым, якога абвінавачваюць у нанясеньні вялікай шкоды прадпрыемству і зрыве мадэрнізацыі.

Уладзімер Мальцаў цалкам не прызнае выстаўленыя яму абвінавачаньні. 15 кастрычніка працягваўся допыт сьведак, апошніх на працэсе.

У тым ліку суд выслухаў паказаньні Эміры Камісаравай, намесьніка начальніка Барысаўскага міжраённага камітэту Дзяржкантролю, якая двойчы правярала «Барысаўдрэў», калі яго ўзначальваў Уладзімер Мальцаў. Паводле сьведкі, праверка 2012 году паказала, што абсталяваньне для мадэрнізацыі энэргаўстаноўкі заводу было закуплена і дастаўлена без парушэньняў, але з-за таго, што на той час не пачаліся будаўнічыя працы, укладзеныя ў мадэрнізацыю грошы былі выкарыстаныя «неэфэктыўна». «Але яны не былі растрачаны і абсталяваньне ня зьнікла?» — удакладніў у сьведкі Камісаравай судзьдзя Вердыш і атрымаў станоўчы адказ. Паводле Эміры Камісаравай, 21-шы будаўнічы трэст, які выконваў будаўнічыя працы ў межах праекту мадэрнізацыі, мусіў адразу наўпрост заключыць дамову з турэцкай фірмай «Бэрсэй» на будаўнічыя працы, але тагачасны кіраўнік трэсту спадар Бусалаў «не хацеў браць на сябе адказнасьць». Адвакат Гарачка запытаў сьведку пра ролю Мальцава ў мадэрнізацыі: ці сапраўды ён, як лічыць сьледзтва, «сабатаваў» выкананьне гэтай задачы? Эміра Камісарава гэта рашуча абвергла.

У крымінальнай справе Ўладзімера Мальцава ёсьць зьвесткі, што ён выключыў аднаго прэтэндэнта на пастаўку катлоў яшчэ да разгляду прапаноў камісіяй. Ці гэта было зроблена законна? Супрацоўнік барысаўскага Дзяржкантролю Мікалай Бецехце правяраў скаргу літоўскай фірмы, якую не дапусьцілі да конкурсу. «Што да дакумэнтаў, конкурс быў праведзены без парушэньняў», — заявіў суду сьведка. Паводле Мікалая Бецехце, літоўцаў адхілілі ад конкурсу таму, што яны прапанавалі кошты катлоў, якія значна перавышалі памеры дзяржаўнага фінансаваньня зьдзелкі, і гэта было дакладна. Сьведка даў тлумачэньні і па выніках праверкі тэндэру на правядзеньне мантажных працаў, якія выйграла турэцкая фірма. Паводле сьледзтва, гэтая перамога — доказ таго, што Мальцаў нібыта лабіраваў інтарэсы замежнай фірмы. Мікалай Бецехце пацьвердзіў, што тэндэр быў праведзены з пэўнымі парушэньнямі. У прыватнасьці, ня быў забясьпечаны пераклад некаторых дакумэнтаў, якія прадставіла турэцкая фірма. За гэта быў у адміністрацыйным пляне пакараны галоўны інжынэр «Барысаўдрэва» Ігар Хасбулатаў, які праводзіў конкурс, пацьвердзіў сьведка.

На судовым паседжаньні 15 кастрычніка неаднойчы гучалі прэтэнзіі да будаўнікоў 21 трэсту, якія выконвалі будаўнічыя працы ў праекце мадэрнізацыі «Барысаўдрэва». Пра гэта казаў і сьведка Анатоль Жук, які адказваў за тэхнагляд на будоўлі. Паводле сьведкі, галоўнай бядой будоўлі была сьпешка:

«Каб будаваць якасна, трэба працаваць павольна, а не абы-як. А будзеш працаваць павольна, дык рабочы нічога не заробіць. Таму яны гналі як хутчэй. А значыць — няякасна. Бывала, што даводзілася і перарабляць».

Паводле сьведкі, ня толькі генпадрадчык — 21 трэст, але і заказчык — «Барысаўдрэў» таксама дазвалялі сябе кампрамісы наконт якасьці. Гэтак, з парушэньнем праекту залілі бэтонную падлогу пад новую запалкавую лінію. Сьведка як прадстаўнік тэхнагляду шмат скардзіўся наконт гэтага, але безвынікова. Адказнасьць за парушэньне сьведка Анатоль Жук усклаў таксама і на Ўладзімера Мальцава.

Як паведаміў судзьдзя Валянцін Вердыш, 16 кастрычніка суд пяройдзе да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы. У справе экс-дырэктара «Барысаўдрэва» — 117 тамоў. Такім чынам, сьведак у працэсе апыталі, за выключэньнем сама меней аднаго — віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, які таксама выкліканы ў суд. Між тым у судзе пакуль ня кажуць, калі чакаецца допыт гэтага ва ўсіх сэнсах важнага сьведкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG