Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэшткі ахвяраў Галакосту ляжаць без нагляду на стадыёне ў Валожыне


Салдат нясе мяхі з парэшткамі

Салдат нясе мяхі з парэшткамі

Прысыпаныя зямлёй і травой плястыкавыя мяхі з парэшткамі салдаты, якія праводзяць працы, проста пакідаюць на стадыёне.

У Другую сусьветную вайну на гэтым месцы расстралялі і пахавалі сотні габрэяў — сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары.

Пачатак працаў зьвязаны з тым, што на гэтым месцы заплянавалі збудаваць комплекс жылых дамоў на замову фірмаў «Дан Прод» і «Трайпл».

72 кватэры будучага комплексу меркавалася здаваць супрацоўнікам аграпрадпрыемства СТАА «Дан Прод», што каля вёскі Даўгулёўка. А яшчэ 72 хацелі аддаць мясцовым вайскоўцам.

Зранку на стадыёне былі салдаты 52-га адмысловага пошукавага батальёну, які і займаецца выяўленьнем і перазахоўваньнем парэшткаў. Называць сябе вайскоўцы адмаўляліся. Камэнтаваць, што робяць, таксама. На пытаньне, ці шмат парэштак, адзін з вайскоўцаў адказаў: «Хапае».

Пакуль салдаты працуюць, мяхі пад аховай, але як толькі яны пайшлі на абед, парэшткі засталіся без нагляду.

Актывіст БХД Павал Пракаповіч, які зранку прысутнічае на месцы працаў, сьцьвярджае, што яны вядуцца неналежным чынам. Яму капалі звычайным каўшом, парэшткі проста скідаюць у мяхі.

Пракаповіч сьцьвярджае, што бачыў, як вынятыя зь зямлі парэшткі пакідалі без нагляду. «Косткі проста зь зямлі тырчаць. Прысыпалі іх трохі зямлёю толькі пасьля нейкага званка ад галоўнага «палкоўніка».

Пракаповіч апавядае, што ўвагу на падзеі зьвярнулі мясцовыя жыхары. Паводле іх, частку знойдзеных у зямлі рэчаў проста спалілі. На думку самога актывіста, працы пачаліся толькі для таго, каб «расчысьціць месца» пад будоўлю, а знойдзеныя парэшткі цішком перахаваць.

Зранку актывіст БХД зьвязаўся з прадстаўнікамі габрэйскіх арганізацыяў. Кажа, што на гэтую праблему ўжо зьвярнуў увагу МЗС Ізраіля.

Павал Пракаповіч

Павал Пракаповіч

Палкоўнік Сяргей Варановіч, начальнік упраўленьня па ўвекавечаньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны ў Міністэрстве абароны, запэўніў Радыё Свабода, што працы вядуцца ў поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам. Палкоўнік паведаміў, што перазахоўваць парэшткі не плянуюць, але месца дасьледуюць.

Варановіч кажа, што будаваць дамы на гэтым месцы ня будуць.

Такую ж інфармацыю паведаміў Радыё Свабода начальнік аддзелу культуры Валожынскага райвыканкаму Вікенці Адамовіч.

«Дамоў тут ня будзе, гэта пэўна, — кажа ён. — Што да парэшткаў, то трэба дачакацца вынікаў працы вайскоўцаў».

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч паведаміў Радыё Свабода, што будзе пісаць запыт у пракуратуру наконт адпаведнасьці заканадаўству працаў, якія праводзяцца на стадыёне. Астаповіч зьвяртае ўвагу на тое, што падобнага кшталту працы праводзяцца толькі Міністэрствам абароны і ёсьць працэдура абыходжаньня з парэшткамі.

«Гэта не віна, а бяда гэтага пошукавага батальёна. У нас не дазволена весьці такія пошукі грамадзкім аб’яднаньням. А на ўвесь батальён — два вайсковыя археолягі. Дзяржава гэтыя працы манапалізавала, але ня можа зрабіць па-людзку. Робіцца як у савецкім войску».

Антон Астаповіч зьвяртае ўвагу, што грамадзкасьці даўно трэба было паклапаціцца пра тое, каб месцу масавых пахаваньняў быў нададзены адпаведны статус.

Увагу да сумнеўнай будоўлі ўдалося прыцягнуць дзякуючы энтузіязму мясцовага жыхара, каардынатара БХД па Менскай вобласьці Рыгора Каржанеўскага. На жаль, тры тыдні таму спадар Каржанеўскі памёр ад інсульту.

XS
SM
MD
LG