Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад пакуль не здаецца Пуціну — Ландсбергіс


Вітаўтас Ландсбергіс
Вітаўтас Ландсбергіс

Першы кіраўнік незалежнай Літвы на пачатку 1990-х Вітаўтас Ландсбергіс, які бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000» у Празе, у інтэрвію Радыё Свабода выказаўся наконт вайны ва Ўкраіне, апошніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі і сытуацыі з расейскамоўнай меншасьцю ў Літве.

Даведаўшыся, што гутарыць з карэспандэнтам Радыё Свабода, спадар Ландсбергіс сказаў: «Гэта ж маё радыё. Слухаю кожны дзень расейскую службу. На жаль, у свой час зачынілі літоўскую службу. ЗША вырашылі зэканоміць крыху грошай». [сьмяецца]

Радыё Свабода: «Як вы лічыце — ці маглі Эўрапейскі зьвяз і ЗША зрабіць нейкія крокі за апошнія гады, каб прадухіліць цяперашнюю сытуацыю: анэксію Крыму і вайну на ўсходзе Ўкраіны?»

Ландсбергіс: «Гэта было цяжка прадказаць і прадухіліць. Вядома ж гэта неверагодны і нечаканы крок — вайсковая акупацыя часткі суседняй дзяржавы. Такога ў Эўропе не здаралася дзесяцігодзьдзямі. Недзе ў Афрыцы ці Азіі такое было магчымым, але не ў Эўропе. Цяпер мы бачым, што такое можа здарыцца і ў Эўропе. Заходнія дэмакратыі сапраўды не падрыхтаваныя на гэта рэагаваць, але цяпер яны абдумваюць сытуацыю і заклапочаныя. Вядома ж, яны ня могуць рэагаваць хутка і зладжана, ня могуць праявіць еднасьць. Агульным было толькі тое, што яны павінны неяк адрэагаваць, каб спыніць Расею, каб паўплываць на Расею, але не было згоды як гэта рабіць і якімі сродкамі. У нейкім сэнсе гэта нагадвала вядомую байку Крылова...»

Радыё Свабода: «Пра лебедзя, рака і шчупака?»

Ландсбэргіс: «Не, пра ката. Кот, кот... кот Васька».

Радыё Свабода: «Слушает да ест».

Ландсбэргіс: «Слушает да ест. Менавіта» [сьмяецца].

Радыё Свабода: «Ці лічыце вы, што Эўразьвяз здолеў выпрацаваць нейкую адэкватную палітыку ў адказ на выклікі Расеі?»

Ландсбергіс: «Вядома ж, яна неадэкватная. Гэта мы можам сказаць як назіральнікі. Мы ня маем такога ўплыву, каб зьмяніць палітыку Эўразьвязу, палітыку заходніх дэмакратыяў, нават палітыку НАТО, каб яны зрабілі тыя ці іншыя крокі. Мы маем уласную пазыцыю, якую адкрыта агучваем, не баючыся выказвацца, але мы ня вельмі ўплывовыя і ня можам памяняць пазыцыю буйнейшых дзяржаў, калі ў іх ёсьць іншыя інтарэсы, разуменьне адказнасьці і гэтак далей. Таму мы крытычныя, як і мае быць. Але калі паглядзець на гэта зь іншага боку, дык магло быць нават горш. Захад пакуль не здаецца цалкам».

Радыё Свабода: «Калі б вы мелі больш уплыву і калі б існавала еднасьць сярод заходніх палітыкаў, што варта было б зрабіць у гэтай сытуацыі?»

Ландсбергіс: «Калі казаць пра эканамічныя санкцыі, дык яны маглі б быць больш пасьлядоўныя і мацнейшыя. Яны маглі закранаць больш адчувальныя ўзроўні. Напрыклад, шэраг высокіх асобаў атрымалі візавыя забароны, а іх рахункі былі арыштаваныя. Але чаму гэта ня тычыцца Пуціна? Ён жа галоўны парушальнік. Дробных парушальнікаў караюць, але ня тых, хто на самым версе. Я ня ведаю, што ў галаве ў спадара Пуціна. Магчыма гэта яго заахвочвае, бо ён думае: „Яны ня пойдуць надта далёка і не крануць мяне асабіста“. Але гэта можна было хаця б публічна абмеркаваць. Што мы будзем рабіць са спадаром Пуціным і яго рахункамі? Дапусьцім, што мы нічога такога ня зробім зь ім цяпер. Але калі б было такое абмеркаваньне, яно паслужыла б для яго папярэджаньнем. Гэта толькі адзін прыклад магчымых мацнейшых і ясьнейшых паводзінаў.

І вядома ж, калі Ўкраіна просіць аб дапамозе, і ня толькі гуманітарнай, але і ваеннай — бо ў яе няма патрэбных боепрыпасаў, касак ці танкаў — а ёй не даюць ніводнага патрона, як можна абараніць уласны народ ад нападнікаў, якія прыходзяць з-за мяжы? Гэта замежная агрэсія супраць Украіны. І такі стан рэчаў сапраўды турбуе».

Радыё Свабода: «Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка карыстаецца цяперашнім крызісам, каб паказаць сябе для Захаду рэспэктабэльным палітыкам на фоне таго, што робіць Расея. Якой, на вашую думку, павінна быць заходняя палітыка датычна Беларусі ў цяперашніх умовах?

Ландсбергіс: «Вядома ж, недастаткова таго, што спадар Лукашэнка кажа. Пры гэтым мы павінны разумець, што ён адчувае пагрозу. Ён бачыць, што Масква можа зрабіць усё, што заўгодна, у тым ліку зь ім. Анэксаваць, арганізаваць нейкую „волю народу“, быццам насельніцтва ўжо хоча далучыцца да Расеі.

Войска ўжо захопленае, бо ёсьць дамова пра агульныя ўзброеныя сілы, таму Лукашэнка ня мае рэальных сродкаў супраціўляцца. Ён павінны быць заклапочаны. І ён выказвае гэта, крытыкуючы свайго гаспадара.

Яго пакуль сур’ёзна не пакаралі за гэтую крытыку, але гэта ўсё на фармальным ўзроўні. Хто ведае, можа ў яго ёсьць згода Пуціна нешта казаць? Можаш казаць нешта, але не рабі. Можна прыгадаць няўдалае выказваньне прэзыдэнта [ЗША Барака] Абамы перад яго пераабраньнем на другі тэрмін. Ён тады сказаў [прэм’еру Расеі] Дзьмітрыю Мядзьведзеву перадаць Уладзіміру [Пуціну], што ў такой сытуацыі даводзіцца выказвацца мацней, але пасьля выбараў усё зноў будзе ОК.

Можна ўявіць, што з Лукашэнкам гэта ў 100 разоў імавернейшае, што ён мае дазвол крытыкаваць Пуціна, каб паказаць сябе больш незалежным, больш праэўрапейскім, каб заблытаць тупых эўрапейцаў». [сьмяецца]

Радыё Свабода: «І што, на Вашую думку, павінен рабіць Захад у цяперашняй сытуацыі?»

Ландсбергіс: «Захад чакае. Лукашэнка атрымоўваў заахвочваньні ўжо шмат гадоў таму — ад Эўразьвязу, ад Эўракамісіі. Прапаноўваліся вялікія выгады для Беларусі, калі Беларусь зробіць нейкія крокі да большай дэмакратыі, да вяршэнства закону. Але Лукашэнка на гэта не пагадзіўся. Вядома ж, я думаю, што ў яго не было на гэта дазволу». [сьмяецца]

Радыё Свабода: «У 1990 годзе ўлады СССР арганізавалі эканамічную блякаду Літвы. Сыходзячы зь літоўскага досьведу, што б вы параілі цяперашнім украінскім ўладам у сытуацыі залежнасьці ад расейскага газу?»

Ландсбергіс: «Мы таксама былі залежныя, і мы дагэтуль залежныя. Але гэта ня значыць, што мы ня маем голасу і ня маем выбару. Мы робім наш выбар, праводзім рэструктурызацыю нашых паставак газу з альтэрнатыўных крыніц, даволі пасьпяхова. Выглядае, што Расея ўжо ня здольная спыніць нам пастаўкі, бо ў нас ужо сёлета будзе тэрмінал для звадкаванага газу, і наша поўная залежнасьць ад манапаліста на ўсходзе скончыцца.

У нас застануцца камэрцыйныя стасункі з „Газпромам“, але „Газпром“ ужо ня будзе дыктатарам. А Эўразьвяз у сваю чаргу падтрымлівае нас, мы дзейнічаем у адпаведнасьці з эўрапейскім заканадаўствам — разьмяжоўваем крыніцы паставак і сеткі, празь якія ідзе продаж. То бок мы пакінем „Газпром“ як прадаўца, але ён ня будзе гаспадаром у разьмеркаваньні газу. Яны жорстка выступалі супраць гэтага — пагражалі, шантажавалі Літву, Эўразьвяз. Але Эўракамісія на чале з [Жузэ Мануэлам] Барозу правяіла цьвёрдасьць. Яны сказалі: „Гэта ня ваша справа. Гэта наша эўрапейскае заканадаўства. Літва мае рацыю. Літва выконвае эўрапейскія законы. Таму, калі ласка, прыміце пад увагу рэаліі існаваньня энэргетычнай палітыкі Эўразьвязу“. Краіны-пастаўшчыкі энэрганосьбітаў ня могуць быць дыктатарамі, і мы тут ідзем нага ў нагу з Эўразьвязам. Гэта паказвае, што Эўразьвяз нешта зь сябе ўяўляе, чаму ніколі не хацела верыць Расея. Украіна павінна дзейнічаць такім самым чынам».

Радыё Свабода: «Ці лічыце вы, што расейскамоўная меншасьць у Літве ўжо цалкам інтэграваная ў літоўскае грамадзтва, альбо гэта магчымая крыніца нестабільнасьці і пагроза для Літвы?»

Ландсбергіс: «Цяпер адбываецца экзамэн для іх. Мы бачым, што расейцы ў Літве дастаткова ляяльныя да Літоўскай Рэспублікі. Яны не плянуюць нейкіх паўстаньняў ці правакацый, каб заклікаць Пуціна: „Прыйдзі і дапамажы нам!“ Не, такога ніколі не было. Але Крэмль над гэтым працуе. І нам трэба быць пільнымі, як паказваюць нядаўнія навіны. Мы маем нармальныя ўмовы для нацыянальных меншасьцяў — расейскія школы, польскія школы... Высьветлілася, што настаўнікі, магчыма агенты, накіроўвалі падлеткаў з расейскіх школаў на вакацыі ў Расею ў вайсковыя лягеры, каб зь іх там рыхтавалі „зялёных чалавечкаў“ ці шпіёнаў, рыхтавалі служыць расейскаму імпэрыялізму. Таму зноў нельга казаць пра стабільнасьць. Мы заклапочаныя гэтым, але мы зьвяртаемся да расейскай супольнасьці ў Літве з гэтай заклапочанасьцю: „Паглядзіце, Крэмль хоча зрабіць з вас „пятую калёну“. Вы хочаце быць „пятай калёнай“, варожай да сваёй краіны, Літвы?“ Большасьць зь іх ня хочуць, але агенты Крамля робяць сваю працу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG