Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць Паўла Вінаградава, які «фактычна жыве ў турме»


Праваабарончы цэнтар «Вясна» распачаў кампанію ў падтрымку Паўла Вінаградава, які напярэдадні тых ці іншых грамадзка-палітычных падзей у краіне сыстэматычна робіцца ахвярай адвольных затрыманьняў і арыштаў.

Пра гэта праваабаронцы абвясьцілі 15 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

«Дзеяньні ўладаў Беларусі ў дачыненьні да Паўла Вінаградава носяць незаконны характар і маюць палітычны матыў, які мае на мэце нядобраахвотнае спыненьне або зьмяненьне Паўлам Вінаградавым сваёй публічнай дзейнасьці. Пазбаўленьне волі (адміністратыўны арышт на 15 сутак), а таксама ранейшыя арышты былі ўжытыя ў дачыненьні да Паўла Вінаградава выключна ў сувязі зь яго палітычнымі перакананьнямі. Гэтыя акалічнасьці дазваляюць вызначыць Паўла Вінаградава на пэрыяд яго ізаляцыі як палітвязьня», — адзначаецца ў сумеснай заяве Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтру «Вясна», якую зачытаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што за 10 месяцаў 2014 году Вінаградаў ужо правёў у зьняволеньні агулам 50 сутак. Цяпер ён адбывае яшчэ 15 сутак арышту. Актывісту рэгулярна пагражаюць крымінальным перасьледам і фізычнай расправай.

«Мы распачынаем кампанію ў падтрымку Паўла Вінаградава, які цяпер пад арыштам і на прэвэнтыўным наглядзе. Мы расцэньваем гэтую кампанію ня толькі як падтрымку Паўла Вінаградава, але і ў прынцыпе супраць практыкі адвольных затрыманьняў у нашай краіне. Каб далучыцца да гэтай кампаніі, можна зрабіць пост з тэгам #freeVinagradau, сфатаграфавацца з партрэтам Паўла Вінаградава, выкласьці фота ў сацыяльныя сеткі, а таксама выказаць сваё меркаваньне наконт гэтай праблемы. Можна запісаць відэа ў падтрымку Паўла Вінаградава з тэгам #freeVinagradau і выкласьці яго ў сацыяльныя сеткі, можна дасылаць Паўлу паштоўкі салідарнасьці», — адзначыў намесьнік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Мяне заўсёды ўражвае, наколькі гэты чалавек (Вінаградаў. — РС) пазытыўны і заўсёды вясёлы, пры тым, што ён фактычна жыве ў турме. Я проста не ўяўляю сябе, як ён гэта вытрымлівае», — дадаў праваабаронца.

XS
SM
MD
LG