Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, мая Чучундра


Недарэчныя ўспаміны і асацыяцыі выклікаюць прадузятасьць, а гэта замінае нам адчуваць задавальненьне ад мастацтва, пераконвае ў прадмове да сваёй «Гісторыі мастацтва» Эрнст Гомбрых. Сапраўды, у часе чытаньня кнігі «Сіні карабель у блакітным моры плыве» лепш ня згадваць, што яе аўтар — Сяргей Дубавец, не вышукваць яго тут, каб павітацца і... трапіць у пастку прадузятасьці. Паспрабуйце ўявіць, быццам вы аніколі не чыталі палымяных палемічных артыкулаў гэтага журналіста з-пад Вострай Брамы, наагул забудзьцеся на ягоныя тэксты й ідэі. Бо перад вамі мастацкі твор, які пазбаўлены аўтара — яго прозьвішча засталося на вокладцы, а далей ляжыць далёкая ад палітычных скрыжаваньняў і публіцыстычных канонаў жывая прастора літаратуры, паўнюткая разнастайных задавальненьняў і адкрыцьцяў. Побач з чытачамі і пэрсанажамі ў кнізе будзе толькі невядомы знаўца музыкі, які часам сьцісла і ненавязьліва тлумачыць партытуру, а потым ізноў змаўкае — пачынаецца новы эпізод, увага!

Будова кнігі вельмі лёгкая, акварэльная. Але гэта не мініяцюры, не эсэі, не «думкі-дыямэнты, краскі жыцьця». Тое кніга, якая аb ovo падаецца зборнікам казак і фантасмагорыяў аб жыцьці і сьмерці, у якім нібыта пераблыталіся старонкі твораў Андэрсэна, Павіча і Кафкі. Аднак тое толькі падаецца. «Сіні карабель...» — цэласны і не запазычаны з замежных моваў твор, а яго пэрсанажы — жывыя, цікавыя людзі, якія адкрываюць свае шляхі і сэнсы ў самой кнізе і трапляюць у жыцьцё адзін да аднаго. У мастацкім тэксьце, як можна пераканацца, ахапіўшы вокам увесь «Сіні карабель...», магчыма гармонія, недасяжная ў мэдыйнай прасторы — і для слухача музыкі, і для чытача, і для пэрсанажа, а сьмерць сапраўды ў тысячу разоў важнейшая за вечнае існаваньне — ізноў жа, для кожнага з нас.

Публіцыстыка скіроўвае наш позірк на існую праблему, мастацтва — зьмяняе сам спосаб ўспрыняцьця рэчаіснасьці, карэкціруе зрок. «Сіні карабель...» і аб гэтым таксама. Прыкладам, Зоя, разважаючы аб марсіянах, якія засяляюць яе горад і няспынна перабудоўваюць яго, прыходзіць да высновы, што, магчыма, тым самым яны робяць месьцічам каштоўны падарунак: «... горад вечна новы, жывы, і таму натхняе жыць нас саміх». Ці ўзяць гутарку прафэсара Солада і Дона Катаямы аб тым, што чыстыя сублімацыі могуць прывесьці дзяржаўную сыстэму да збою — гэтай «зброяй» можна эфэктыўна скарыстацца, трэба толькі ўсё старанна абдумаць... але раптам адзін з пэрсанажаў выгуквае: «Ні слова пра палітыку, шаноўныя!» — і кніга вяртаецца ў зялёна-сіні літаратурны фарватэр.

Ва ўсіх нас уласныя спосабы чытаньня, безумоўна, і нашыя сьцежкі ў кнігах могуць не скрыжоўвацца. Асабіста для мяне «Сіні карабель...» стаўся аповедам аб неабходнасьці вызваленьня. У кінастужцы Дэвіда Фінчэра «Сем» на прыкладзе асобных людзей праілюстраваныя сьмяротныя грахі, а тут пэрсанажы ачышчаюцца, пераадольваючы несьмяротнасьць, асабовасьць, самаабмежаванасьць і іншыя адмоўнасьці. Наагул рэлігійныя тэмы, росшукі ў «Сінім караблі...» адчувальныя, але яны не дамінуюць, хоць і ўплываюць іншым разам на рух кнігі. Як, прыкладам, эпізод, калі Зоя выводзіць двух мужчын-ахоўнікаў за межы вайсковага стрэльбішча, дзе яны правялі цэлае стагодзьдзе. Уадначас мы даведваемся (пакуль ня бачачы гэтага) аб існаваньні ўсюдыіснага доктара з драўлянай мядзьведжай галавой, кавенькай і крыкам «Экш! Экш!» Паганскія матывы быццам сьвятая дуброва атачаюць некаторыя мясьціны кнігі, у тым ліку Чучундру — абжыты, але бязьлюдны край, куды мы, чытачы, зьдзейсьнім містычна-філязофскае падарожжа разам з пэрсанажамі.

«Сіні карабель...» шукае ў прасторы каманду герояў і аўтара-капітана. Ці знойдзе? Між іншым слухач музыкі, які суправаджае нас, не называючы свайго імя, адмаўляецца ўзысьці на борт. Ён увесь насычаны сэнсамі гукаў музычных інструмэнтаў, яму трэба даслухаць да канца канцэрт і затрымацца на колькі хвілінаў у залі — таго досыць для працягу жыцьця. Мы ж крочым у кнізе далей — і трапляем пад дождж з навальніцай.

«Яны самі зьдзіўляліся сабе — як гэта ў цемры і залеве ім чуецца штосьці падобнае да шчасьця, чаго паводле вызначэньня быць ня можа. Верагодна, пачуцьцё ўзьнікла на тое, каб выцягнуць іх з гэтае прорвы туды, дзе іхнае сваё, дзе дом. Яно выцягвала з пасткі, у якую яны патрапілі, і надавала рашучасьці ды сілаў».

Максім Багдановіч у сваіх нешматлікіх рэцэнзіях на літаратурна-мастацкія і дакумэнтальныя кнігі заўсёды зьвяртаў увагу на зьнешні выгляд выданьня, якасьць паперы, наяўнасьць ілюстрацыяў. Нават калі тыя кнігі былі шараговымі брашуркамі — форма і зьмест павінны адпавядаць адно аднаму, так ён сьвята лічыў, дый чытач-спажывец мусіць ведаць, як менавіта выдадзена кніга. Працягнем гэтую добрую традыцыю і адзначым, што «Сіні карабель у блакітным моры плыве» мае прыгожую, багатую сэнсамі мяккую вокладку; памеры кнігі з паперай бледна-жоўтага колеру складаюць 110×180 мм — гэта амаль кішэнны фармат, лёгкі і зручны. Кніга пабачыла сьвет у менскім выдавецтве «Каўчэг» і яе «зьнешнасьць» нагадвае зборнік прыпавесцьяў Васіля Быкава «Пахаджане» (выдавецкая сэрыя: Vostraja Brama, 1999).

І гэта, на мой погляд, зусім не недарэчная асацыяцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG