Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіянава разыгралі: прапанавалі працу на Пуціна, а ён і пагадзіўся


Стваральнікі сайту 1863x.com разыгралі маладога беларускага палітыка Вячаслава Дзіянава, вядомага сваімі прарасейскімі поглядамі. Дзіянаву напісалі ад імя маскоўскай кампаніі Ціны Кандэлакі «Апостал Мэдыя Груп», якая займаецца палітычным піярам, і прапанавалі працу на карысьць Пуціна.

Сапраўднасьць перапіскі Дзіянаў пацьвердзіў у інтэрвію Радыё Свабода.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Вячаслаў Дзіянаў заявіў, што пацьвярджае кожнае слова са свайго ліставаньня з прадстаўніком «Апостол Медиа» адносна свайго ўдзелу ў праекце «Бусел». Ён сказаў, што адказаў бы дакладна гэтак жа на ўсе пытаньні на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Я гэта пішу і адкрыта выступаю з гэтай пазыцыяй і тут зьдзіўляцца няма чаго. Нейкія канкрэтныя імёны, прозьвішчы, кантакты я не назваў, таму сьмешна казаць, што тут нейкая сэнсацыя. Па сутнасьці, усё, што я агучваю ў фэйсбуку, у сетках і блёгах, я паўтарыў. Хоць дзесяць разоў мне так напішуць, я дзесяць разоў так адкажу. Я ў прынцыпе пацьвердзіў усе словы, якая казаў дагэтуль. Магчыма, некаторыя рэчы агучыў больш канкрэтна і практычна, але гэта адпавядае асабістаму ліставаньню. Я супрацоўнічаю з пэўнымі расейскімі сіламі, падтрымліваю Пуціна — гэта так».

Карэспандэнт: «Але вы, напрыклад, выразна спасылаецеся на Кацю Кібальчыч...»

Дзіянаў: «Ну, мяне пыталіся, хто да такой нэўтральнай пазыцыі адносіцца. Я ж бачу па сетцы. Я напісаў, што я яе асабіста ня ведаю, але такая інфармацыя распаўсюджваецца. Я яе асабіста ня ведаю, я яе не рэкамэндаваў. То бок яна не атрымала ад мяне ніякага сьпісу рэкамэндацый».

У прыватнасьці, Дзіянаву прапанавалі ўзначаліць інфармацыйны праект «Бусел», які мае стаць альтэрнатывай «тутбаю» і «хартыі» і «супрацьдзейнічаць беларускім нацыяналістам» напярэдадні выбараў 2015 году. Дзіянаў «загарэўся» ідэяй і пачаў прызнавацца, як любіць Пуціна, маўляў, Лукашэнка мала робіць для расейска-беларускай інтэграцыі.

Калі ў Дзіянава запыталі, каго ён можа прапанаваць для супрацы, ён параіў Кацю Кібальчыч і партыю Калякіна «Справядлівы сьвет», таксама паведаміў, што мае кантакты з кіраўніцтвам усіх беларускіх партыяў і арганізацыяў.

Далучаем скрыншоты перапіскі з сайту 1863x.com

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG