Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту вядзе да аслабленьня расейскага рубля. Якія пэрспэктывы чакаюць эканоміку Расеі? Які будзе доўгатэрміновы ўплыў гэтых працэсаў на Беларусь? Ці варта чакаць новых эканамічных прэфэрэнцыяў ад Масквы?

Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык зь Менску.

Якія пэрспэктывы чакаюць эканоміку Расеі?

Валер Карбалевіч: «Усясьветныя цэны на нафту працягваюць падаць. Гэта вядзе да аслабленьня расейскага рубля, хоць Цэнтрабанк РФ патраціў да 4 млрд даляраў мінулым тыднем на падтрымку абменнага курсу. У некаторых маскоўскіх абменных пунктах зьявіўся дэфіцыт валюты. Што адбываецца ў расейскай эканоміцы? Якія тэндэнцыі там разьвіваюцца? Што чакае эканоміку Расеі?»

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш: «Галоўны чыньнік, які ўплывае на расейскую эканоміку, — гэта падзеньне цэнаў на нафту. Яно стала вынікам альбо дамоўленасьці ЗША з Саудаўскай Арабіяй, альбо фактару ІГІІЛу, альбо абедзьвюх прычын разам. Расейскі рубель з пачатку году патаньнеў амаль на чвэрць.

Але, зь іншага боку, расейскі, калі шырэй — эўразійскі рынак вызваляецца ад замежных тавараў. І гэта якраз рэсурс для разьвіцьця сваёй вытворчасьці. Наступны год будзе цяжкі, але праз год павінен пачацца рост. У выніку расейская эканоміка акажацца здаравейшай».

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык: «Апошнія падзеі паказваюць, як моцна расейская эканоміка залежыць ад экспарту энэрганосьбітаў. Ужо колькі гадоў расейскае кіраўніцтва нібыта ладзіць мадэрнізацыю, але пакуль эканоміка няздольная функцыянаваць без падсычэньня яе нафтагазавымі грашыма. Таму, нават калі Расея выйдзе з рэцэсіі, яе эканоміка хутка расьці ня будзе. Яшчэ год таму, да ўсіх апошніх міжнародных падзеяў, афіцыйны прагноз не прадугледжваў доўгатэрміновага росту расейскай эканомікі больш як на 1–2%. Для такой эканомікі гэта вельмі нізкія тэмпы.

Акрамя падзеньня цэнаў на нафту, другі адмоўны чыньнік для расейскай эканомікі — заходнія санкцыі. Яны ўплываюць на інфляцыю, на рост цэнаў на харчаваньне. Хутчэй за ўсё, Расею чакае рэцэсія бліжэйшыя два гады, а магчыма, і ў 2016 годзе».

Уплыў расейскага крызісу на Беларусь

Карбалевіч: «Які будзе доўгатэрміновы ўплыў гэтых працэсаў на Беларусь? Ці варта чакаць новых эканамічных прэфэрэнцыяў ад Масквы? Вось было шмат размоваў, што ў зьвязку з эканамічнымі цяжкасьцямі расейскія субсыдыі беларускай эканоміцы зьменшацца ці ўвогуле зьнікнуць. Але апошнія падзеі паказваюць, што адбываецца амаль што з дакладнасьцю да наадварот. Рашэньне Масквы пакінуць у беларускім бюджэце мыта на нафтапрадукты стала шчодрым падарункам Беларусі. І гэта ў той час, калі скарачаюцца субсыдыі расейскім рэгіёнам, мясцовым бюджэтам у РФ. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

Коктыш: «Фактычна расейская эканоміка выштурханая Захадам у нейкі аўтаномны стан. У выніку вялікі рынак вызваліўся ад імпартных тавараў. І ён будзе працаваць пад дзеяньнем адміністрацыйных рухавікоў. Ствараецца новая сытуацыя. Цяпер Расеі, а таксама яе хаўрусьнікам па саюзе — Казахстану і Беларусі — давядзецца перайсьці з спажываньня на вытворчасьць. Спатрэбіцца праводзіць рэіндустрыялізацыю. Беларусь тут мае добрыя пазыцыі, бо яна захавала свой індустрыяльны патэнцыял. Згодна з падлікамі вядомых эканамістаў, імпартазамяшчэньне будзе спрыяць эканамічнаму росту краінаў Эўразійскага саюзу на 12% у год цягам 15 гадоў. Існуе вялікая зацікаўленасьць замежных інвэстараў у рынку ЭАЭС.

Беларусь можа стаць варотамі для замежных інвэстараў, якія вымушаны былі сысьці з расейскага рынку

Ня думаю, што будзе доўга працягвацца падзеньне цэнаў на нафту. Бо калі яна патаньнее яшчэ на пяць даляраў, то інвэстыцыі ў сланцавую вытворчасьць у ЗША пачнуць абнуляцца.

Беларусь можа стаць варотамі для замежных інвэстараў, якія вымушаны былі сысьці з расейскага рынку пад ціскам заходніх санкцыяў, але хацелі б застацца на эўразійскім рынку. Яны будуць тут спрабаваць лякалізаваць сваю вытворчасьць.

Ва ўмовах адміністратыўнага рынку будуць больш праяўляцца здольнасьці прэзыдэнтаў дамаўляцца і фармаваць для сваіх краінаў выгаднейшыя ўмовы.

Акрамя таго, Беларусь можа заняць тыя нішы на расейскім рынку, якія будуць вызваляцца заходнікамі. Гэта можа даць беларускай эканоміцы новае дыханьне».

Ці эфэктыўная стратэгія імпартазамяшчэньня?

Караблевіч: «Вельмі аптымістычная вэрсія. Мадэль самаізаляцыі ад глябальнага рынку — нейкая рэанімацыя СССР — раптам стане эфэктыўнай. Вы кажаце, што новая сытуацыя выклікае зацікаўленасьць замежнага капіталу. Чаму ж тады гэты капітал уцякае з Расеі? Дый у Беларусь ён ня надта ідзе, хоць вы кажаце, што яна становіцца нейкімі варотамі на эўразійскі рынак. То бок рэальныя падзеі і факты не пацьвярджаюць вашу вэрсію».

Коктыш: «Заходні капітал сыходзіць з расейскага рынку пад ціскам урадаў заходніх краін. Сыходзіць той капітал, які займаўся імпартам, бо пры аслабленьні расейскага рубля імпарт становіцца нявыгадным. Увогуле, калі хаўрусьнікамі Расеі застаюцца Кітай і Індыя, то казаць пра ізаляцыю РФ несур’ёзна».

Чубрык: «Цяжка пагадзіцца з высновамі сп. Коктыша. Вельмі цяжка знайсьці ў гісторыі прыклады, калі б у выніку імпартазамяшчэньня эканоміка краіны расла тэмпамі 12% 15 гадоў. Ня думаю, што гэта сканчаецца добра для такой эканомікі.

Зьвярніце ўвагу, што Расея пагадзілася пакідаць у беларускім бюджэце мыта на нафтапрадукты толькі на 2015 год

Вось у Расеі ёсьць праект праграмы новай прамысловай палітыкі. Там галоўным рухавіком абвешчаны абаронны комплекс. У Беларусі мы гэта праходзілі. Праўда, у нас гэтую ролю выконвала не „абаронка“, а будаўніцтва. У выніку мы атрымалі два валютныя крызісы цягам кароткага прамежку часу. То бок калі ўлада вырашае, што будзе рухавіком эканамічнага росту, то звычайна гэта заканчваецца аднолькава: выдзеленыя грошы выкарыстоўваюцца неэфэктыўна і раскрадаюцца. Няма ў Расеі цяпер вялікага навуковага патэнцыялу, каб прапанаваць перадавыя тэхналёгіі. Да таго ж расейская адміністрацыйная мадэль менш эфэктыўная, чым у Беларусі. Бо там нашмат больш магчымасьці красьці.

Дарэчы, у гэтай расейскай праграме нічога не гаворыцца пра падтрымку эканомік Беларусі і Казахстану. Зьвярніце ўвагу, што Расея пагадзілася пакідаць у беларускім бюджэце мыта на нафтапрадукты толькі на 2015 год. Прычым Беларусь абавязаная прадаваць 2 млн тон нафтапрадуктаў у Расею, што нявыгадна для нас».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG