Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз два месяцы Лукашэнка прызначыў галоўнага кантралёра


Кіраўнік Беларусі прызначыў Леаніда Анфімава старшынёй Камітэту дзяржкантролю Беларусі, паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба.

Раней Анфімаў працаваў першым намесьнікам старшыні Камітэту дзяржкантролю Беларусі. Цяпер гэтая пасада засталася вакантнай.

Ён нарадзіўся ў Расеі, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў на менскім аўтазаводзе, у менскім гарвыканкаме. У Камітэце дзяржкантролю са сьнежня 2010 году прызначаны першым намесьнікам старшыні.

У 2006–2010 гадах быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і выступаў з крытыкай дзейнага ўраду. Прапанаваў падвоіць валавы ўнутраны прадукт і «спыніць паляваньне на бізнэс».

«Мы ўзгадавалі кляс утрыманцаў», — казаў Анфімаў і прапаноўваў аддаць прыватніку стратныя прадпрыемствы.

Раней Леанід Анфімаў уваходзіў разам зь Сямёнам Шапірам (цяпер старшыня Менаблвыканкаму) у Нацыянальны камітэт Грамадзянскай партыі (якая потым стала АГП).

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук так пракамэнтаваў Свабодзе прызначэньне Леаніда Анфімава:

«Гэта вядомы чалавек сярод тых, хто займаецца кантрольнай дзейнасьцю альбо справамі дзяржкіраваньня. Нельга казаць, што ён нейкі полісімэйкер, ён ня мае ніякага палітычнага рэйтынгу. Ён такі выканаўца, цэрбэр, якога пускаюць туды, дзе нешта трэба раскапаць, ён скрупулёзна капае. Калі ў яго будзе нейкая палітычная воля і сьмеласьць кінуць выклік прадпрыемствам, якія зьяўляюцца хранічнымі пыласосамі бюджэту, гэта будзе вельмі добра. І таксама — калі ён будзе бараніць малы бізнэс. Але ў нашай краіне незалежная пазыцыя вельмі рызыкоўная, і я ня думаю, што Анфімаў не разумее абставінаў гульні. Ён будзе выконваць тое, што яму будуць казаць зьверху, і тут па сутнасьці нічога ня зьменіцца».

Ранейшага старшыню КДК, Аляксандра Якабсона, Лукашэнка звольніў 18 жніўня гэтага году і празь некалькі дзён прызначыў на пасаду памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па Менску.

Старшынёй Дзяржкантролю Аляксандар Якабсон працаваў са сьнежня 2010 году. Да таго амаль 10 гадоў займаў пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкаму. У 1990–1995 гадах Аляксандар Якабсон быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, у якім быў дэпутатам і Аляксандар Лукашэнка.

XS
SM
MD
LG