Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэлі Дабралюбава пра новыя «Белыя росы»: Я супраць усялякіх рымэйкаў


Мікалай Карачанцаў на здымачнай пляцоўцы новых «Белых Росаў»

Мікалай Карачанцаў на здымачнай пляцоўцы новых «Белых Росаў»

У менскім кінатэатры «Кастрычнік» пры вялікім наплыве творчых асобаў і чыноўнікаў ад культуры адбылася прэзэнтацыя мастацкай стужкі «Белыя росы. Вяртаньне». Працяг зьявіўся акурат праз 30 гадоў пасьля выхаду на экраны культавай камэдыі і выклікаў нямала спрэчак у асяродзьдзі адмыслоўцаў: ці варта было вяртацца да тэмы пасьля сьмерці рэжысэра «Белых росаў» Ігара Дабралюбава?

Знайсьці штосьці агульнае паміж дзьвюма часткамі «Белых росаў», разьдзеленых між сабой трыма дзясяткамі гадоў, складана. Хіба ўсё той жа аўтар сцэнару — драматург Аляксей Дудараў. Ды адзін з братоў Ходасаў у выкананьні Мікалая Карачанцава — практычна недзеяздольны пасьля аўтамабільнай аварыі актор атрымаў паўхвіліны ў самым фінале. А яшчэ, удакладняе рэжысэрка Аляксандра Бутар, кіно выйшла «вельмі савецкае». Такую пахвалу яна атрымала падчас паказаў у Маскве і гэтым ганарыцца. Ва ўсім астатнім, як кажа аўтарка, «Белыя росы. Вяртаньне» — фільм абсалютна аўтаномны:

«Насамрэч гэта абсалютна іншы фільм, і нешта тут параўноўваць няма асаблівага сэнсу. Вядома, „Белыя росы“ — гэта вялікае кіно, Ігар Дабралюбаў быў вялікі рэжысэр. Ніхто не намагаўся пераплюнуць створанае. Проста мы зрабілі сваю ўласную маленькую гісторыю, крышачку датычную да той гісторыі хоць бы аўтарам сцэнару Аляксеем Дударавым: 30 гадоў таму менавіта ён напісаў „Белыя росы“, і, шчыра кажучы, гэта была ягоная ідэя — зрабіць працяг».

У карціне задзейнічаныя вядомыя акторы тэатру і кіно: беларусы Віктар Манаеў, Павал Харланчук, Сяргей Жбанкоў, вэтэран літоўскага экрану Ёзас Будрайціс, расеец Андрэй Мярзьлікін ды іншыя. Ці здолелі яны замяніць «народных герояў», некалі бліскуча ўвасобленых Усеваладам Санаевым, Барысам Новікавым, Галінай Польскіх, Станіславам Садальскім, Генадзем Гарбукам — меркаваць гледачам. Але першыя ўражаньні супярэчлівыя.

Адной зь першых вартасьці стужкі ацаніла колішняя начальніца цэху гукатэхнікі кінастудыі «Беларусьфільм» Нэлі Дабралюбава — жонка, верны і надзейны сябра рэжысэра Ігара Дабралюбава. Сваімі ўражаньнямі яна падзялілася са Свабодай. Найперш, ці варта было ўвогуле брацца за спробу рымэйку бязь Ігара Міхайлавіча?

Нэлі і Ігар Дабралюбавы, фота зь сямейнага архіву

Нэлі і Ігар Дабралюбавы, фота зь сямейнага архіву

«Я адназначна кажу, што супраць усялякіх рымэйкаў, што ня варта зноў нікуды вяртацца. Для мяне гэта ўсё незразумела. Ня ведаю, навошта, бо фільм мала нагадвае, дакладней, зусім не нагадвае „Белыя росы“. Магчыма, ён і не павінен нагадваць, але тады навошта „Белыя росы. Вяртаньне“, гэты працяг? З аднаго боку, чаму „Белыя росы“ — зразумела, каб глядач пайшоў. Чыста камэрцыйны ход, відаць, у таго ж Дударава такая задумка была. Зь іншага боку, сваё меркаваньне мне цяжка выказваць, бо не хачу быць некарэктнай. Але ведаю, што творчыя работнікі таксама азадачаныя: мне сёньня тэлефанаваў апэратар Дзіма Зайцаў, які шмат працаваў зь Ігарам Міхайлавічам, дык выказаўся рэзка супраць. Таксама быў учора, глядзеў».

Карэспандэнт: «Нэлі Іванаўна, а што азадачыла асабіста вас?»

«Ведаеце, ад самага пачатку — спроба пабудаваць нешта на кавалачках зь „Белых росаў“. А потым нейкая нават непавага: я ўжо падумала, што прозьвішча Дабралюбава ўвогуле ніводнага разу не прагучыць, не ўзгадаюць, зь якой нагоды ўсё і распачалося — пра старыя „Белыя росы“. Прынамсі, міністар Сьвятлоў сапраўды не сказаў, а дырэктар кінастудыі Сільвановіч між іншым вымавіў: „Дабралюбаўскі фільм“. Не таму, што мяне гэта неяк ушчамляе, не, калі ласка, але ўражаньні такія. Як і ад герояў, ад месца. Дзе яны ўвогуле знайшлі такую вёску — брудную, агідную? Нямая дзяўчына, іншыя пэрсанажы — неяк незразумела. Калі ў „Белых росах“ былі цудоўныя людзі, прыгожыя ўнутрана, душой, чым і прываблівалі, то цяпер — нават ня ведаю. І гэта ж не ад падбору залежыць, а ў сцэнары так закладзена, рэжысэр тут ні пры чым. Ну, мабыць, ёсьць і іншыя меркаваньні, бо апладзіравалі — значыць, некаму спадабалася. Затое хэпі-энд: бандыты перавыхаваліся ў добрых».

Твары абноўленых Белых Росаў

Твары абноўленых Белых Росаў

Ганаровым госьцем прэзэнтацыйнага прагляду быў вядомы савецкі і расейскі актор Мікалай Карачанцаў, які ў «Белых росах» выконваў ролю аднаго з трох братоў Ходасаў — балагура, гарманіста Ваські. Празь дзесяцігодзьдзі ён зноў зьяўляецца ў кадры — згодна са сцэнарнай задумай, пасьля доўгіх гадоў бадзяньня па сьвеце ўсё з тым жа гармонікам пад пахай вяртаецца да сваёй Марусі... Карачанцаў за прамінулыя 10 гадоў так і не акрыяў ад страшнай аварыі, зьяўляецца на публіцы рэдка і толькі ў суправаджэньні жонкі Людмілы. Але тое, як гэта было абстаўлена ў кінатэатры «Кастрычнік», Нэлі Іванаўну зьбянтэжыла:

«Прывезьлі няшчаснага хворага Карачанцава. У гэтым кінатэатры, мабыць, нават ложы няма, таму пасадзілі ў першы рад. Але калі стаяць журналісты і фатаграфуюць вельмі хворага Колю, які дрэнна разумее, што адбываецца навокал, калі гледачы пачынаюць здымаць яго на мабільныя тэлефоны, асабіста мне было балюча. Зразумела, я да яго не падыходзіла. Найперш, сам ён дакладна мяне не пазнае, не ўзгадае, хоць мы былі знаёмыя, ён дома быў у нас некалькі разоў. Мне нават не прыйшло ў галаву падысьці, каб ён думаў, успамінаў і каб жонка потым перажывала, што ён ня памятае. А там вакол народу процьма: з рэдакцыяў, проста цікаўных, усе стаяць на каленях, зь вялікімі камэрамі, здымаюць хворага чалавека. Ну навошта? І фільм заканчваецца: ён вяртаецца дадому. Сэнс гэтага вяртаньня? Толькі каб было першае прозьвішча ў тытрах — Карачанцаў. А калі ўсё скончылася, разабраліся з адносінамі, сядзіць ён на ганку, абсалютна хворы, з гармонікам, кшталту бомж-чалавек. Яшчэ былі нейкія незразумелыя словы, я так і не разабрала».

Нэлі Дабралюбава кажа, што ня мае да стваральнікаў «Вяртаньня» ніякіх прэтэнзіяў — праца ёсьць праца, і кожны бачыць разьвіцьцё сюжэту па-свойму. Але прыняць і зразумець абноўленыя «Белыя росы» так і ня здолела:

«Я вельмі хацела, каб мне спадабалася, я цалкам добразычліва была настроена. Шчыра скажу, я адтуль сышла меней расчараваная, чым потым прыйшла дадому і пачала думаць, згадваць. Выйшла з кінатэатру, думаю: нібыта і нядрэнны фільм, як бы і нічога сабе. А пасьля, калі ўжо стала аналізаваць, пра што фільм, то зразумела, што, па сутнасьці, ні пра што. Думаю, усім, хто меў непасрэднае дачыненьне да тых „Белых росаў“, цяпер ніякавата. Мабыць, трэба быць ужо мудрым чалавекам, з душой, з досьведам, каб здымаць такія фільмы, як „Белыя росы“. Магчыма, і Ігар у маладосьці не зрабіў бы так, як у сталым веку. Увогуле, шмат засталося фільмаў, але ж гэты нечым людзей прыцягвае асабліва. Можа, таму, што Ігар Міхайлавіч сам быў вельмі добры чалавек і гэтая дабрыня нейкім чынам матэрыялізавалася — ня ведаю...»

Ад 16 кастрычніка фільм «Белыя росы. Вяртаньне» пачынае пракатнае жыцьцё ў кінатэатрах па ўсёй Беларусі. Аматары жанру савецкай камэдыі могуць зрабіць свае высновы адносна мастацкіх вартасьцяў стужкі ды вырашыць, ці варта яе лічыць пераемніцай знакамітага правобразу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG