Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа экс-дырэктара «Барысаўдрэва». Большасьць сьведак — за Мальцава, але ёсьць і тыя, хто называе яго «сабатажнікам»


Уладзімер Мальцаў
Уладзімер Мальцаў

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым гендырэктарам «Барысаўдрэва» Уладзімерам Мальцавым, якога абвінавачваюць у вялікай грашовай шкодзе і зрыве мадэрнізацыі прадпрыемства.

На працэсе над Уладзімерам Мальцавым заканчваецца допыт сьведак. Учора, 13 кастрычніка, далі паказаньні галоўны інжынэр прадпрыемства Ігар Хасбулатаў і галоўны энэргетык Яўген Вараксо. Паводле назіральнікаў, у асноўным яны пацьвердзілі пазыцыю Ўладзімера Мальцава, які не прызнаў сябе вінаватым у нанясеньні стратаў «Барысаўдрэву».

14 кастрычніка паказаньні дала былая галоўная бухгальтарка прадпрыемства Ірына Даўжанок. Абвінавачаньне лічыць, што гэта былы гендырэктар, кіруючыся злачыннай зацікаўленасьцю, выбраў у пастаўшчыкі катлоў для новай кацельнай заводу менавіта фірму «Бэрсэй» з Турцыі і далей лабіраваў яе інтарэсы. Але як тады на «Барысаўдрэве» праходзіў конкурс на пастаўку катлоў?

Ірына Даўжонак была сябрам камісіі, якая разглядала прапановы розных фірмаў. Сьведка пацьвердзіла, што ўдзельнікаў тэндэру было, як звычайна, шмат: «У нас кожны тыдзень праходзілі конкурсы на пастаўку рознага абсталяваньня». Што да таго самага тэндэру, сьведка паведаміла, што прапановы фірмаў ацэньваліся паводле бальнай сыстэмы. Пры такім парадку прапанова з вышэйшым коштам катлоў магла быць больш прывабная дзякуючы іншым выгадным пазыцыям, заявіла сьведка. «Ня памятаю, каб нехта лабіраваў інтарэсы менавіта фірмы „Бэрсэй“», — адказала сьведка на пытаньне адваката. Пра былога гендырэктара Мальцава Ірына Даўжанок сказала, што ў яго «было велізарнае жаданьне як мага хутчэй запусьціць гэтую вытворчасьць». А пра магчымыя памылкі дырэктара дадала, што «не памыляецца той, хто не працуе».

Сьведка Андрэй Ткачоў таксама распавёў пра тэндэр на пастаўку на «Барысаўдрэў» катлоў. У тэндэры ён браў удзел як прадстаўнік фінскай кампаніі сярод «яшчэ 8–10 фірмаў». Фіны прапаноўвалі звычайныя паравыя катлы і гатовыя былі зьнізіць кошт заказу на мільён эўра пры сваёй крэдытнай падтрымцы:

«Барысаўдрэў»
«Барысаўдрэў»

«Але там умовы былі горшыя, чым у праекту „Барысаўдрэва“ з туркамі, які фінансаваў Ашчадны банк», — прызнаў сьведка Ткачоў і паведаміў, што фіны пагадзіліся з вынікамі тэндэру, паводле якіх перамагла турэцкая фірма.

Інжынэр-праектавальнік Андрэй Манкевіч рыхтаваў праектную дакумэнтацыю для кацельнай з турэцкімі катламі. Нагадаю, сьледзтва лічыць, што дакумэнтацыя была падрыхтаваная зь вялікім спазьненьнем з прычыны, сярод іншага, нядбайнасьці Ўладзімера Мальцава. Ці гэта так? Паводле паказаньняў сьведкі, турэцкая фірма адразу не даслала ўсёй патрэбнай дакумэнтацыі, таму Андрэю Манкевічу нават давялося ехаць у Турэччыну, каб на месцы вырашаць пытаньне. «Розны мэнталітэт, але і розная практыка. У туркаў быў шок, калі я тлумачыў ім, што мне патрэбныя тыя ці гэтыя дакумэнты. У іх пры ўласнай эканоміцы гэтак не заведзена», — распавёў суду сьведка Манкевіч. Паводле ягоных паказаньняў, калі беларускую фірму «Уністэл», якая спачатку рыхтавала праектна-каштарысную дакумэнтацыю, на загад зь Менску замянілі іншым падрадчыкам, гэта не прысьпешыла, а наадварот — замарудзіла працэс падрыхтоўкі дакумэнтацыі.

Паказаньні сьведкі Манкевіча не супярэчылі таму, што казаў абвінавачаны Мальцаў. А ці выступалі на працэсе сьведкі, паказаньні якіх не на карысьць былога гендырэктара? Так. Прыкладам, былы дырэктар будаўнічага трэсту № 21 Мікалай Бусалаў назваў Мальцава ў судзе «сабатажнікам». Сваякі Мальцава лічаць, што тут далі сябе знаць асабістыя адносіны, бо падначаленых Бусалава неяк затрымалі на будаўнічай пляцоўцы «Барысаўдрэва» за расьпіцьцём сьпіртных напояў падначаленыя Мальцава. У гэтым клубку службовых і асабістых адносінаў будзе разьбірацца суд. Паводле судзьдзі Валянціна Вердыша, заўтра, 15 кастрычніка, дапытаюць апошніх сьведак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG