Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выхад Украіны з СНД будзе выключна сымбалічным крокам, — Аляксей Гарань


Аляксей Гарань

Аляксей Гарань

Украіне складана заставацца ў СНД, калі ўлічыць, што гэтая арганізацыя не асудзіла расейскую агрэсію, але выхад з СНД усё роўна ня будзе мець сур’ёзных наступстваў.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань, камэнтуючы законапраект аб выхадзе Ўкраіны з СНД, які быў зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе 13 кастрычніка.

Як паведаміла сёньня Gazeta.ua, напярэдадні саміту СНД у Менску 10 кастрычніка на сайце Выканаўчага камітэту СНД зьявілася інфармацыя, паводле якой тэрыторыя Ўкраіны зьменшылася з прызнаных у сьвеце 603 тысяч 700 квадратных кілямэтраў да 557 тысяч 528. «Страчаныя» квадратныя кілямэтры — гэта плошча анэксаванага Расеяй Крыму разам з трэцяй часткай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей, якую кантралююць прарасейскія баевікі. Паведамляецца, што пазьней, пасьля ўмяшаньня Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, памылку выправілі.

У прэс-службе выканаўчага камітэту СНД Радыё Свабода не змаглі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю. Там адзначылі, што наагул першы раз чуюць пра гэты інцыдэнт.

Прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань у інтэрвію Радыё Свабода выказаў меркаваньне, што чаканы выхад Украіны з СНД будзе выключна сымбалічным крокам:

З фармальнага пункту гледжаньня, Украіна і не была сябрам СНД

«Што такое СНД у гэты момант? Увогуле гэта арганізацыя малаэфэктыўная і мала што робіць. У свой час СНД была створана дзеля таго, каб адбыўся цывілізаваны развод былых рэспублік Савецкага Саюзу. Гэта такая структура, дзе сустракаюцца кіраўнікі постсавецкіх рэспублік, і выкарыстоўваецца яна ў асноўным для кантактаў. Я хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што Ўкраіна была адной з краін, якія стварылі СНД, але ўкраінскі парлямэнт ніколі не ратыфікаваў статут СНД. Таму, з фармальнага пункту гледжаньня, Украіна і не была сябрам СНД. Такая сытуацыя была заўсёды. Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі, то я б сказаў так: калі гаварыць пра рэальную палітыку, заставацца сябрам гэтай арганізацыі або выходзіць зь яе — насамрэч гэта мала што зьмяняе. Іншая справа, што цяпер досыць складана заставацца ў арганізацыі, якая не асудзіла расейскую агрэсію. Таму з сымбалічнага пункту гледжаньня гэты законапраект можна зразумець, але рэальна ён мала што зьмяняе», — лічыць Аляксей Гарань.

Акрамя таго, Гарань не выключае, што гэты законапраект, прынамсі зараз, ня будзе прыняты: да выбараў у Вярхоўную Раду засталося зусім мала часу, а ў парлямэнту сёньня ёсьць і больш важныя пытаньні.

XS
SM
MD
LG