Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра жыцьцё і сьмерць братоў нашых


Сабака Рувім (Рубін) і кот Рамзэс

Сабака Рувім (Рубін) і кот Рамзэс

Курыныя яйкі (перадгісторыя)

Калі вы ніколі не любілі ніякага зьвера, частка вашай душы застаецца не прабуджанай.

Анатоль Франс

Калі мне было тры-чатыры гады, я разумеў сабачую мову. І мой Сабака разумеў маю гаворку. Нам ніколі не было нудна і нецікава адно з адным. Мы маглі выйсьці з нашага хутаранскага панадворка пасьля сьнеданьня і прабавіць час ажно да абеду, вандруючы па нашых паплавах і ўзьлесках ды размаўляючы адзін з адным пра ўсё, што бачылі навокал. Мой Сабака бачыў сьвет толькі адным вокам — бо другое яму выдзеўбла наша Квактуха — але ён усё роўна бачыў больш за мяне, разумеў больш за мяне і гаварыў мне больш цікавага, чым я яму.

Скажаце, сабакі не гавораць? «Ды яны гавораць, трэба толькі ўмець слухаць» — гэта ня я вам адказваю, а Архан Памук, які, несумненна, таксама ведаў сабачую мову.

Квактуха выдзеўбла майму Сабаку вока, калі ён, паводле яго словаў, быў «малы і дурны». Ён пасунуўся пад куратнік, каб пад’есьці варанай бульбы з крупамі, якой час ад часу кармілі нашых курэй, і тут, немаведама адкуль, выскачыла «злосная» Квактуха і дзеўбанула яго ў вока. Ведаеш, не хадзі і ня еж курынай бульбы, папярэджваў мне Сабака. Лепш есьці курыныя яйкі. Ты любіш курыныя яйкі? Бо я люблю больш за ўсё на сьвеце...

Каля нашага Хлява стаяла Будка, дзе Сабака жыў. Аднойчы, калі мы вярнуліся з нашай вандроўкі, ён знайшоў у сваёй Будцы курынае яйка. Проста адной з курэй парупіла зьнесьціся якраз там, а не ў куратніку. Зьеўшы — а фактычна: выпіўшы — тое яйка і крыху падумаўшы, Сабака склаў плян на будучыню. Як толькі ён запрыкмеціў нейкую курыцу каля Будкі, ён пакідаў сваю дамоўку і ішоў у другі канец панадворка або клікаў мяне на вандроўку. Некаторыя з нашых курэй упадабалі несьціся якраз у Будцы, і з таго часу Сабака кожны дзень ласаваўся сьвежымі яйкамі на абед і на вячэру. Ён прапанаваў падзяліцца сваім курыным кладам і са мной, але я яму сказаў, што калі аднойчы паспрабаваў выпіць сырое яйка, мяне пацягнула на ваніты...

Аднаго дня я выйшаў на панадворак і не знайшоў свайго Сабакі ні ў Будцы, ні нідзе. Куды ён падзеўся? Мама сказала, што наш Дзед убачыў, як Сабака заваблівае курэй ў сваю Будку несьціся, і моцна яго за гэта набіў. Так моцна, што Сабака ўцёк у лес і не вярнуўся дадому. І ўжо ня вернецца? Не — адказала Мама.

Дзед таксама любіў сырыя яйкі. Ён часьцяком пасылаў мяне ў куратнік, каб я яму прынёс адно або два яйкі, але так, каб гэтага ня бачыла ні Баба, ні Тата з Мамай...

Калі я падрос настолькі, каб разумець, што нават бітыя сабакі не пакідаюць сваіх гаспадароў назаўсёды, я запытаўся ў Мамы яшчэ раз пра ўцёкі нашага Сабакі. І тады Мама сказала мне, што Дзед завёў нашага сабаку ў лес, закінуў яму на шыю драцяное сіло, другі канец сіла прымацаваў да прыгнутай спружыністай ялінкі і такім чынам задушыў Сабаку. За тое, што ён выпіваў курыныя яйкі. А яйкі трэба было зьбіраць і здаваць у краме ў суседняй вёсцы, каб «дома быў хоць які грош». Гэта быў 1961 або 1962 год, калі мы жылі даволі бедна...

Самуіл (1993-2008)

Сабака зьяўляецца адлюстраваньнем сямейнага жыцьця. Ці хто-небудзь бачыў гарэзьлівага сабаку ў панылай сям’і або сумнага сабаку ў шчасьлівай сям’і? Злосныя людзі трымаюць злосных сабак, а небясьпечныя людзі — небясьпечных.

Артур Конан Дойл

Наступны сабака ў маёй сям’і зьявіўся толькі ў 1993 годзе, калі ў мяне былі ўжо двое сыноў — дзевяцігадовы Ігар і чатырохгадовы Павел — і за плячыма дзесяцігадовая гісторыя блуканьня з жонкай па розных часовых дамоўках. Мы жылі то на вёсцы ў маіх бацькоў, то ў мястэчку ў жончыных бацькоў, то ў «вялікім горадзе Беластоку», наймаючы кватэру ад сваякоў. Але пад канец 1992 году, пасьля больш чым 15-гадовага пэрыяду «członkowstwa» ў жыльлёвым каапэратыве ў Беластоку і пасьля хабару кіраўнікам каапэратыву ў выглядзе 200-кіляграмовага асьвежаванага вепрука, я нарэшце атрымаў кватэру ў пяціпавярховым панэльным блёку на ўскраіне гораду. І тады мае хлопцы ды жонка адным голасам заявілі, што хочуць сабаку. Свайго панадворка няма, але, маўляў, у нашай кватэры дастаткова месца, каб паставіць у ёй і сабачую будку.

Чатырохмесячнага шчанюка жонка зь дзецьмі прывезьлі з сабачага прытулку ў Беластоку. Гэта быў беластоцкі дварняк — вынік мімалётнай любові нейкай беспрытульнай сабачай пары — якому ў жыцьці няблага пашанцавала. Хлопцы назвалі яго пяшчотна Sammy — мабыць, на памятку аб героі нейкага амэрыканскага мульціка — але я, калі сабака падрос, стаў называць яго больш салідным імем Самуіл. І гэтае падвойнае імя Сэмі-Самуіл засталося за сабакам на ўсё ягонае (і наша) жыцьцё.

Самуіл вырас на магутнага зьвера — яго вага даходзіла да 45 кіляграмаў. Было ў ім нешта пародзістае — з гэтым пагаджаліся ўсе, хоць ніхто і прыблізна ня змог вызначыць, якія пароды прычыніліся да яго зьяўленьня на сьвет. У Празе нейкі дзядзька, убачыўшы мяне з Самуілам на прагулцы ў гарадзкім парку, усклікнуў: «Слухайце, ці гэта ня будзе сабака пана Фалькоўскага?!». Я, агаломшаны, прамямліў: «Не, гэта сабака пана Максімюка». Але потым мне падумалася, што той чэх хутчэй за ўсё меў на ўвазе сабачую пароду, а не гіпатэтычнага ўласьніка Самуіла, ад якога я мог яго ўзяць. Аднак я і да сёньняшняга дня ня высьветліў, ці існуюць у Чэхіі або ў нейкім іншым месцы сабакі пароды «пана Фалькоўскага». Ды няважна...

Самуіл аказаўся абсалютна няздатным засвоіць хоць бы падставы сабачага этыкету і выхаваньня, і маёй жонцы, нягледзячы на яе цярплівасьць і настойлівасьць, не ўдалося навучыць яго нічому талковаму. Ён ня слухаўся, калі яму казалі спыніцца, і ніколі не развучыўся жабраваць ежу, калі сям’я сядзела за сталом. Дварнюга дый годзе... Але ва ўсіх іншых адносінах ён быў акуратным сабакам. Ён люта брахаў на іншых сабакаў на дварэ, ён цярпліва ляжаў у сваім кутку і чакаў нашых хлопцаў, пакуль яны вернуцца з двара ці са школы, ён таксама не баяўся і не наракаў, калі мы зь ім езьдзілі цягніком зь Беластоку ў Бельск і назад. І ён асабліва не пратэставаў, калі мы, пераехаўшы ў Прагу, пачалі вазіць яго ў багажніку машыны, едучы ў адведзіны ў Польшчу.

Самуіл аказаўся музыкальным тыпам і навучыўся падвываць, калі нашы хлопцы гралі пры ім на губным гармоніку. А потым, калі ўвайшоў у смак, ён стаў сьпяваць і без гармоніка. Хапіла толькі паддаць яму, так сказаць, першую ноту ў сабачай актаве. І Самуіл навучыўся даволі чыста вымаўляць слова «мама». Але гэтым яго вакальныя і лінгвістычныя здольнасьці і абмежаваліся... Эсэнцыю яго жыцьця вызначалі ў прынцыпе два штодзённыя падмацункі, тры прагулкі і доўгія пэрыяды чаканьня. Ніхто не чакае столькі, колькі сабакі. Калі сярод сабакаў нарэшце зьявіцца сабачы філёзаф-ідэаліст, скажам, нейкі Самуіл Кант або нехта накшталт, я іду ў заклад на любыя грошы, што яго асноўная праца будзе мець загаловак «Мэтафізыка чаканьня».

Самуіл пражыў з намі 15 гадоў, то бок, калі праецыраваць гэта на час чалавечага жыцьця — 76-80 гадоў.

У апошнія месяцы свайго жыцьця Самуіл перастаўляў лапы зь цяжкасьцю — на прагулках ён стаў падаць, і яго трэба было падымаць, каб вярнуцца дахаты. Мне было вусьцішна глядзець у вочы сабаку ў такія хвіліны, бо ў тых вачах была адно мальба аб выбачэньні — маўляў, мне сорамна, што я вось не магу падняцца, выбачай, я крыху адпачну і зараз устану... Потым Самуілу адкрыліся раны пад вачыма, зь іх увесь час сачылася кроў і іх немагчыма было загаіць. Як жа боязна было сказаць нашай пяцігадовай дачцэ, што гэта ўжо канец, Самуіла трэба ўсыпіць, каб ён болей дарэмна ня мучыўся. І наша Марыля конча захацела паехаць з мамай і братам да вэтэрынара, на апошнюю ін’екцыю... «Там, дзе Самуіл цяпер, яму ўжо нічога не баліць. Ён паглядае на цябе зь неба і радуецца, што ты тут шкадуеш яго і плачаш па ім», — прыдумала эсхаталягічнае тлумачэньне ўсяму гэтаму Галіна, калі вярталася з дачкою і малодшым сынам ад вэтэрынара. Я ў той дзень аказаўся поўным слабаком, напіўся намёртва і да вэтэрынара з сабакам не паехаў...

Рувім (2008-)

Незалежна ад таго, як блізка чалавек сыходзіцца зь іншым чалавекам, няшмат знойдзецца выпадкаў, каб чалавечыя адносіны былі такімі свабоднымі ад разладу, рознагалосься і расчараваньня, як вашы адносіны з добрым сабакам. Няшмат людзей ахвяруе сабою дзеля іншых столькі, колькі ахвяруе сабою сабака. Я таксама падазраю, што мы любім сабак таму, што іхныя чыстыя душы выклікаюць у нас жаданьне — сьвядомае або несьвядомае — стаць такімі ж нявіннымі, як яны, і яшчэ выклікаюць тугу па месцы, дзе нявіннасьць зьяўляецца паўсюднай, а подласьць, здрада і жорсткасьць гэтага сьвету — невядомыя.

Дзін Кунц

Пасьля траўматычнага разьвітаньня з Самуілам я, было, думаў, што вось цяпер мы адпачнем і пажывем крыху бяз хатняга зьвера. Ды дзе там! Празь месяцы два дачка стала намякаць, што на свой шосты дзень нараджэньня яна хоча сабаку, і што гэта мае быць вялізны сабака — такі як Самуіл! — але іншай масьці: ня чорна-белы, а хутчэй жоўты, а найлепш — залацісты! У сваёй наіўнасьці я думаў, што ўсё гэта зьяўляецца дзіцячым трызьненьнем, ажно датуль, пакуль аднойчы не засьпеў Галіну з Марыляй над кніжкай пра сабачыя пароды і ня ўбачыў, што, фактычна, — там ёсьць і залацістыя масьці. А адна парода мае нават слова «залацісты» ў сваёй назьве — залацісты рэтрывэр. І гэта было якраз тое. Аказваецца, Галіна з Марыляй праз інтэрнэт ужо знайшлі такога залацістага шчанюка ў адным гарадку каля Прагі і пачалі перапісвацца зь яго ўласьніцай. Якраз пад Марылін дзень нараджэньня таго шчанюка адлучалі ад мамінай цыцкі, таму ўсё, чаго ад мяне патрабавалі, гэта выняць кашалёк і выкласьці адпаведную суму. Шчанюк быў пародзісты, хоць і без афіцыйна пасьведчанага сабачага радаводу, таму каштаваў нямала.

Галіна з Марыляй паехалі па таго шчанюка і ў зваротнай дарозе прыдумалі яму імя — Рубін (з націскам на першы склад). Зразумела, што сабака патрабаваў больш салідную мянушку, і я сказаў, што ён будзе называцца Рувім. Калі ўжо, так бы мовіць, трымацца юдаісцка-хрысьціянскай намэнклятуры, якую запачаткаваў Самуіл, дык няхай цяпер будзе Рувім. Так яно і засталося, хоць мае дзяўчаты надалей завуць яго Рубінам, на польскі лад...

Рувім аказаўся ці то больш кемлівым за Самуіла (усё ж парода!), ці то Галіна мела ўжо большы досьвед, але гэтым разам жонцы ўдалося навучыць сабаку выконваць некалькі асноўных камандаў і забараніць яму жабраваць ежу. Рувім выявіў абсалютна сяброўскія адносіны да ўсяго сьвету — ён радасна вітаецца з кожным чалавекам з нашай вёскі, знаёмым і незнаёмым, і ня брэша на іншых сабакаў, незалежна ад таго, брэшуць яны на яго ці не. Калі б яму захацелася займацца філязофіяй, ён, я ўпэўнены, стаў бы адэптам стаіцызму.

У адрозьненьне ад Самуіла Рувім моцна ня любіць езьдзіць у багажніку машыны, і мы ня раз заўважылі, што ён пачынае наўмысна кульгаць і прыкідвацца нямоглым, калі мы пачынаем пакаваць валізы і торбы, зьбіраючыся ў адпачынак на Падляшша. Сёлета мы нарэшце прыйшлі да высновы, што няма чаго наганяць яму стрэс нашымі падарожжамі, і пачалі яго здаваць на час нашага выезду ў «сабачы гатэль» у суседнім з нашай вёскай мястэчку. Яму гэта страх як спадабалася.

Летась Рувім моцна занядужаў. Ён перастаў есьці, на прагулцы пачаў сікаць крывёй. Галіна адразу дадумалася, што Рувіма ўкусіў клешч, калі мы былі на Падляшшы, і ў яго — заражэньне крыві. Мы ўжо такое праходзілі з Самуілам. Галіна з Марыляй завезьлі Рувіма да вэтэрынара і сказалі яму, у чым справа. «Ах, дык вы ня толькі з сабакам, але і з гатовым дыягназам да мяне прыехалі» — пачаў іранізаваць доктар. Але, паглядзеўшы на кропельку Рувімавай крыві празь мікраскоп, ён адразу папрасіў прабачэньня: «Вы маеце рацыю, гэта заражэньне крыві, гэтак званае babesiosis canum. Гляньце ў мікраскоп, як гэтае аднаклетачнае паскудзтва нішчыць чырвоныя крывінкі проста на вачах. Праз суткі гэтых крывінак амаль не застанецца, і вашаму сабаку будуць капцы». Дык ратуйце яго, дайце яму патрэбны ўкол!! — закрычалі мае дзяўчаты.

Праблема, аднак, была ў тым, што такога заражэньня крыві ў сабакі ў Чэхіі яшчэ не здаралася — кляшчы, якія пераносяць заражэньне бабэзіёзам, яшчэ не дапаўзьлі да Чэхіі. А таму і леку супраць гэтага ў чэскіх вэтэрынараў няма. Патрэбны лек называецца Imizol, але ён у Чэхіі не зарэгістраваны, а таму нельга яго сюды і прывозіць! Жонка паабяцала, што гэты лек мы даставім у вэтэрынарную клініку яшчэ перад тым, як скончацца суткі, і я пачаў зьбірацца ў Польшчу — з Прагі да польскай мяжы можна даехаць за дзьве гадзіны. Была субота і час быў ужо вечаровы, але — як думалася нам — у такім вялікім горадзе як Уроцлаў знойдзецца не адна аптэка, якая будзе працаваць і ўначы. На ўсякі выпадак мы пазванілі ва Ўроцлаў, і тады высьветлілася, што ніякага Imizolu там няма, бо тая армія ночы — кляшчы з бабэзіёзам — яшчэ не дапаўзла на поўдзень Польшчы. Насамрэч, сказалі нам аптэкарка з Уроцлава, бабэзіёз не дайшоў яшчэ да Варшавы, таму леку супраць яго трэба вам шукаць хутчэй на Падляшшы. З Прагі да Беластоку — 850 кілямэтраў...

Мы пазванілі старэйшаму сыну, Ігару, у Беласток і выслалі яго ў тур па мясцовых аптэках. Вазіў нашага сына машынай ягоны сябар. Каля 10-й вечарам яны нарэшце знайшлі і закупілі патрэбны лек — аптэкарка адмерала патрэбную дозу і перапампавала яе ў шпрыцы. З гэтымі шпрыцамі калега завёз нашага Ігара ноччу ў Варшаву — сын, было, хацеў ляцець у Прагу самалётам, але мы яго адмовілі. Калі б на лётнішчы выявілі ў яго тыя шпрыцы, яго маглі б забраць на допыт па падазрэньні ў тэрарызьме або ў спробе выкраданьня самалёта. А час не чакае. Няхай лепш едзе цягніком. Мы падлічылі, што цягніком Ігар усё яшчэ пасьпявае да таго фатальнага тэрміну, калі ў нашага Рувіма кроў перастане быць крывёю...

Ігар пасьпеў, і амаль дакладна праз суткі пасьля свайго дыягназу чэскі вэтэрынар зрабіў нашаму сабаку выратавальны ўкол. Доктар быў настолькі ўражаны нашай акцыяй выратаваньня сабакі — пра посьпехі якой яму рэгулярна паведамляла мая жонка — што сам абзваніў сваіх калегаў-вэтэрынараў у Чэхіі і знайшоў нелегальную дозу Imizolu, якую быў гатовы ўпырснуць Рувіму, калі б мы не пасьпелі...

Ціт (2013-2014)

У сабак ёсьць сур’ёзны занятак — напрыклад, яны брэшуць, калі звоніць званок каля дзьвярэй, а вось ад катоў у хаце няма ніякага толку наогул.

У. Брус Кэмэран

Як кажуць, адна бяда ня ходзіць.

Недзе ў тым самым часе, калі нам давялося вырываць Рувіма з кіпцюроў сьмерці, вечарам выпала моцная навальніца, і наша дачка прачнулася каля поўначы. Прачнулася і пачула мяўканьне каля нашага дому — у нашым агародчыку мяўкала малое, перапалоханае, прамоклае ад дажджу чорна-белае кацяня. Ну, вы ўжо зразумелі, што было далей. Дачка выбегла ў агародчык і забрала гэтае кацяня дахаты. Я спаў, і нічога ня ведаў... А зранку дазнаўся, што нас, так бы мовіць, пабольшала. Ну бо Марыля занішто не хацела адпусьціць тое кацяня, нават пасьля таго, як яно ад удзячнасьці абкакала ейны ложак. Я моцна пасварыўся з жонкай, дакараючы яе за тое, што яна не перасекла гэтага ператварэньня дому ў сабача-каціны прытулак тады, калі яшчэ было можна — гэта значыць, адразу, як толькі дачка выбегла на двор пад навальніцай. Цяпер ужо было запозна...

Такім чынам у нас зьявіўся Тытус — адзіным суцяшэньнем для мяне было тое, што дачка, кіраваная нейкай незразумелай для мяне лінгвістычнай інтуіцыяй, выбрала і кату старажытнае імя. Ціт Флавіюс, Ціт Андронікус, усё такое... Ціт вельмі добра паладзіў з нашым Рувімам і аказаўся катом даволі ўвішным і хітрым... Калі падрос настолькі, што мы не баяліся выпускаць яго аднаго на двор, ён стаў спаць удзень і выходзіць на ўсю ноч. І тады, недзе месяцы два раніцай, калі кот вяртаўся са сваіх начных ловаў, мы дзень у дзень знаходзілі перад дзьвярыма задушаную мыш або мёртвае голае птушаня, якія Ціт прыносіў дахаты, каб — як здагадалася наша Марыля — аддзячыць нам за тое, што мы яго прытулілі і дазволілі жыць у нас. Аднойчы ён злавіў і прынёс нам даволі вялікага вужа...

Аднаго дня мы з Галінай і Марыляй вярнуліся аднекуль машынай і ўбачылі, што да нашага дому прыбіўся якісьці вельмі худы і лядашчы сабака. Выглядала на тое, што папярэдняму гаспадару ён проста знудзіўся і той адвёз яго далей ад свайго дому ды кінуў. Бываюць такія падонкі сярод людзей, і то нярэдка... Сабака, як выглядала, ня еў некалькі дзён і маліў нас зрокам, каб мы яго накармілі... Калі ён уплішчыўся ў наш гараж і не хацеў адтуль выйсьці, я раптам зразумеў, чым усё гэта можа закончыцца. Калі Марыля пабегла на кухню па міску і сабачыя прыпасы, я ўзяў дубінку і моцна пакалаціў тую няшчасную жывёліну, каб прагнаць яе ад нашага дому. Бляха-муха, вочы гэтага сабакі будуць перасьледаваць мяне да сьмерці... Калі дачка вярнулася з поўнай міскай у гараж і ня ўбачыла таго няшчаснага сабакі, я сказаў ёй, што я моцна на яго накрычаў, і ён пайшоў сабе сам ад нас...

... Ціта сёлетнім летам забіла машына, на вуліцы каля нашага дому, калі ён вяртаўся са сваіх ловаў. Пра гэта сказала жонцы наша суседка, і Марыля, на жаль, гэта ўчула. Дачку хапіла гістэрыка, калі яна ўбачыла свайго ката ў лужыне крыві на вуліцы. Ён быў яшчэ цёплы, але ўжо ня дыхаў. Гэтым разам я зразумеў, што ўжо не змагу ніяк адкруціцца і што гэта мне давядзецца растлумачыць дачцэ гэтую нечаканую сьмерць. Калі зьвечарэла, я ўзяў рыдлёўку і пайшоў з Марыляй хаваць Ціта сярод хмызьняку і сухой травы за нашай вёскай. Аднойчы, тлумачыў я дванаццацігадовай дачцэ, табе давядзецца хаваць ня толькі свайго ката ці сабаку, але і свайго тату з мамай. Усё, што жыве на гэтым сьвеце, раней ці пазьней памірае. Сьмерць — такая ж нармальная рэч, як і жыцьцё. «Мама не памрэ» — сказала мне дачка...

Рамзэс (2014-)

Усе тыя, хто думае, што за грошы нельга купіць шчасьця, ніколі ня мелі ката.

Ар’я Рывэрдэйл

Новага ката мы купілі ўсяго два месяцы таму. Ціт быў, так бы мовіць, байструкаватай пароды, а вось цяперашні наш кот — гэта не абы-што, а каціная арыстакратыя. Ягоная парода называецца maine coon — так бы мовіць, кот-янот са штату Мэйн у ЗША. Дачка патлумачыла мне, што мэйн-куны, у адрозьненьне ад іншых катоў, не валочацца немаведама дзе, а сядзяць дома. Таму ніякі аўтамабіль іх не зачэпіць...

Я цяпер не зьдзівіўся ні трохі, калі Марыля з Галінай вярнуліся з новым кацяняткам і дачка паведаміла мне, што яно будзе называцца Рамзэс...

Рамзэса мае дзяўчаты купілі ў адной сям’і ў суседнім мястэчку, якая, відаць, займаецца гадоўляй катоў на продаж, таму што катоў у іх была поўная хата. Рамзэс прывёз у сваёй поўсьці каля сотні блох, і мае дзяўчаты зьнішчалі іх цягам двух дзён...

Рувім, як і належала спадзявацца, набрахаў на Рамзэса толькі спачатку. Цяпер яны выдатна ладзяць. Рувім не нэрвуецца і цярпліва чакае, калі Рамзэс крадзе ежу з сабачай міскі. І нават ня гаўкае, толькі фыркае, калі кот гульліва хапае яго за хвост. Сабака-стоік, я ўжо казаў...

Я нядаўна заглянуў у Вікіпэдыю і прачытаў, што мэйн-куны ядуць не ў сваю сілу і набіраюць вагу нават да 15 кіляграмаў...

Гадоў 20 назад я псыхануў бы, калі б тады хто сказаў, што мне давядзецца трымаць у хаце сабаку і ката, карміць іх, выгульваць, прыбіраць за імі...

Свабода, як мне цяпер думаецца, азначае ня толькі свабоду ад нечага, на што табе шкада жыцьця, але і свабоду выбіраць нешта, на што табе даводзіцца траціць сваё жыцьцё. Сабака і кот, якія вітаюць цябе на парозе, калі ты вяртаесься з працы, і чакаюць пяшчоты тваёй рукі на сваёй поўсьці — не найгоршае, на што можна траціць адведзены табе час.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG