Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перазімаваць у забытай хаце побач з будоўляй


У Магілёве актыўна забудоўваюць мікрараён «Спадарожнік». Шмат дамоў тут лічыліся доўгабудамі, але пасьля чыноўніцкага наганяю справа зрушылася. Будаўнікі заварушыліся. Ёсьць, аднак, у гэтым раёне месца, дзе час нібы спыніўся. На ўскрайку мікрараёну занядбаныя сады схавалі некалькі дамоў барачнага тыпу. Іх агарадзілі жалезным высокім плотам.

Побач шаша на Менск. Зь яе тыя хаціны выглядаюць адселенымі, а іхнае блізкае суседзтва з будаўнічымі пляцоўкамі шматпавярховак толькі пацьвярджае такое меркаваньне. Між тым яно памылковае — дамы яшчэ заселеныя. Гаспадары бальшыні зь іх атрымалі ключы ад новых кватэраў. Пашанцавала аднак ня ўсім.

У некалькіх дзясятках мэтраў ад будоўлі маленькі дом з гародам. Яго пэнсіянэрка-гаспадыня побач з будаўнічай пляцоўкай жыве не адзін год. Неаднойчы хадзіла да чыноўнікаў высьвятляць, калі ж надыдзе яе чарга на адсяленьне. Кажа, што хацела б памерці ў кватэры. Пэўнага адказу, заяўляе, ёй не даюць. З суседзямі-будаўнікамі неяк ужо ўжылася, хаця прэтэнзіяў да іх нямала. Хату жанчына пасароміла паказваць.

"Вось вы мяне запытваеце, як так можна жыць, а я вас запытаю як? Мне ўжо і дровы прывезьлі па рэклямцы. Буду тут зімаваць. Тут я і рамонт не раблю, нічога. Жыву, як на парахавой бочцы. Нават непрыемна. Гэта ж уезд зь Менску. Нават курніку ў людзей больш дагледжаныя дамы, чым нашы. Вось уся лістота ападзе і ўсё стане бачна з дарогі. Вось Лукашэнка можа пабачыць, дык дасьць ім па шапцы. Калі толькі будзе тут праяжджаць",— дакарае чыноўнікаў за няўвагу ўладальніцу невялікай прыватызаванай дзялянкі зямлі зь невялікім домам.

У доме жанчына жыве адна. Зямельны ўчастак у яе пятнаццаць сотак. Зь сёлетняга ўраджаю на гародзе засталіся капуста ды не прыбраныя яшчэ гарбузы. Бульба пакапаная.

"Усе мае пасыходзілі ў іншы сьвет. Цяпер я во чакаю, але вось хочацца ў кватэры пажыць. Мне сорамна, калі людзі запытваюць, дык я кажу, што гэта дача, а сама я ў цэнтры гораду жыву. Нікому ня веру. І вам таксама. Вы мне не дапаможаце. Тут ужо былі журналісты. Суседзі выклікалі, калі мы не маглі падыйсьці да калёнкі. Тады тут бруд быў па калена, дык у ботах хадзілі па ваду. Вось калі тут нешта здарыцца, то тады відаць пачнуць шавяліцца",— кажа жанчына.

Гаспадыня заўважае, што высьветліла: непадалёк ад ейнага дому будаўнічая фірма з Турцыі нібыта мае закласьці чарговую ў гэтым раёне высотку. Калі тое адбудзецца, не ведама. Шматпавярховы дом туркі ўжо збудавалі, але пакуль ён не заселены. Ня могуць прадаць кватэры.

Жанчына тым часам чакае сваёй. Будаўнікі дапамаглі ёй зрабіць брамку ў жалезным плоце, за якім схаваны яе дом. Кожны яе выхад з падворку — рызыка для жыцьця, адзначае яна. Выходзячы з брамкі адразу трапляем на праезную частку дарогі. Ня кожны кіровец ведае, што нехта за плотам жыве.

У гарвыканкаме ўдалося высьветліць, што ўсе тутэйшыя дамы будуць зьнесеныя. Калі тое адбудзецца невядома. Паводле суразмоўніцы яе суседзі ўжо рыхтуюцца да пераезду ў сваё новае жытло. Яна ж застанецца адна. На разьвітаньне жанчына паказала сваю небагатую гаспадарку ды разьбітае навакольле з агароджанымі будаўнічымі пляцоўкамі. Прапанавала ўзяць кацянят...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG