Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўтысячы старонак пра шчасьце і бяду «Краіны памежжа»


Алесь Краўцэвіч з сваёй новай кнігай

Алесь Краўцэвіч з сваёй новай кнігай

«Краіна памежжа» доктара гістарычных навук з Горадні Алеся Краўцэвіча выйшла ў выдавецтве «Архэ». Гэта 518 старонак выбраных тэкстаў, у якіх аўтар запрашае ў падарожжа ў сівыя вякі, калі пачало будавацца Вялікае княства Літоўскае. Новая кніга агулам прысьвечаная нашай Беларусі, краіне на раздарожжы. Гісторык прызнаўся, што будзе яшчэ другі том — з навуковымі працамі.

Спачатку была «Памежная зона»

Алесь Краўцэвіч распавядае, што доўгі час рабочая назва кнігі была «Памежная зона», паколькі ён успрымаў гісторыю нашай краіны праз прызму сытуацыі памежжа паміж цывілізацыямі, паміж палітычнымі сыстэмамі, Эўропай і Азіяй, каторай зьяўляецца Расея:

«Але калі кніга рыхтавалася да друку, Валеры Булгакаў прапанаваў іншую назву — „Краіна памежжа“. І потым я зразумеў, што ён мае рацыю, што нельга называць такія рэчы словамі з нэгатыўным адценьнем, пасыл павінен быць пазытыўны. Памежжа — там, дзе сутыкаліся ўплывы іншых краінаў.

У першым томе ненавуковыя працы: эсэ, публіцыстыка, рэфлексіі, рэпартажы, папулярныя кніжкі, першы тэкст з 1986 году. Яны друкаваліся ў „ЛіМе“, гучалі на Радыё Свабода ў праграме „Дазвол на выезд“. Ёсьць тэксты з газэты „Культура“. Многа фотаздымкаў, ёсьць сямейныя».

Сам аўтар упершыню ўбачыць апублікаванымі і некаторыя свае рэчы, якія раней ня трапілі пад кніжную вокладку. Алесь Краўцэвіч удакладняе:

«Гэта кніжка „Каралеўна мая Гародня“. Калісьці мне замовіў яе Сяргей Плыткевіч і не надрукаваў, прайшло ўжо восем гадоў. Упершыню будзе надрукаваная мая папулярная кніга „Ад Войшалка да Віценя“».

Памежнасьць, адрозная ад іншых

Памежныя рэгіёны — ня рэдкасьць. Чаму Алесь Краўцэвіч лічыць, што беларускі выпадак мае сваю ўнікальнасьць?

Польская гістарыяграфія любіць паўтараць, што палякі былі шчытом Эўропы... Не, дзьвесьце гадоў Беларусь была такім шчытом, за якім сядзелі палякі

Краўцэвіч: «Эльзас, Лятарынгія — мяжа паміж Нямеччынай і Францыяй, але яны знаходзяцца ў кантэксьце заходнеэўрапейскай цывілізацыі. У нас жа гаворка пра памежжа цывілізацыйнае. Я так ацэньваю, сытуацыя пагранічча — гэта і шчасьце наша, і бяда. Беларусь ня толькі памежжа паміж праваслаўем і каталіцтвам, ня толькі паміж Польшчай і Расеяй, але таксама памежжа прыроднае. Ад Берасьця да Віцебску дугой ідзе водападзел паміж чарнаморскай і балтыйскай воднымі сыстэмамі. Дапусьцім, рака палякаў — Вісла, вакол яе яны фармаваліся. У расейцаў — Волга, рака немцаў — Рэйн. І ёсьць такі погляд, які выказаў адзін польскі мовазнаўца, што тым палітычным фактарам, які аб’яднаў землі памежжа на гэтым водападзеле, стала ВКЛ. Але мы сталі аб’ектам змаганьня больш моцных суседзяў. Польская гістарыяграфія любіць паўтараць, што палякі былі шчытом Эўропы... Не, дзьвесьце гадоў Беларусь была такім шчытом, за якім сядзелі палякі».

«Пішу марудна...»

Алесь Краўцэвіч — прафэсійны гісторык, але ён таксама вядомы сваімі кніжкамі для шырокага чытача, у якіх папулярызуецца беларуская мінуўшчына. Як сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ён прызнаецца:

«Пішу марудна, адна старонка тэксту для мяне — гэта многа, але працую больш-менш рэгулярна, таму набралася... „Краіну памежжа“ можна ў некаторым сэнсе назваць літаратурнай працай, а не гістарычнай. Стараюся працаваць над словам, апрацоўваць літаратурна свае тэксты».

Што рабіць зь Вільняй?

Прыкладам памежжа заўсёды былі Вільня і ваколіцы, сталіца Літвы. Беларуская прысутнасьць у горадзе сёньня не адпавядае прысутнасьці колішняй. Грамадзкія высілкі вярнуць «гістарычную справядлівасьць» яўна недастатковыя. Гісторык Краўцэвіч кажа, што рэальна зьмяніць становішча можна толькі калі паміж дзьюма краінамі ня будзе палітычнай мяжы, калі Беларусь таксама будзе ў Эўразьвязе. А што магчыма зьмяніць цяпер?

«Да Вільні адносіны адназначныя: канечне, сёньня чужы горад, адсечаны мяжой. Але нельга яго выкідваць з нашай гісторыі, з нашай культуры, з памяці. Трэба ўкладаць грошы, як гэта робяць літоўцы, якія збудавалі ў Рымдзюнах (у Астравецкім раёне) свой культурны цэнтар. Такі цэнтар беларускай культуры трэба збудаваць у Вільні, музэй таксама. Пры амбасадзе, як гэта маюць палякі, павінна быць пляцоўка акадэміі навук, бо ў Вільні сотні тысяч архіўных дакумэнтаў — і беларускіх, і ВКЛ, якія не разабраныя. Трэба, каб там пастаянна была наша каманда навукоўцаў: няхай там жыве, вывучае, публікуе. Вось як палякі сябе адчуваюць у Вільні — як дома. Але такое магчыма толькі калі дзяржава будзе падтрымліваць, фінансаваць».

XS
SM
MD
LG