Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 13 кастрычніка ў Гомелі ладзіцца масавая акцыя «Тыдзень без абортаў». Ва ўсіх мэдычных установах лекары цягам тыдня ня будуць перапыняць цяжарнасьць. Ці палепшаць падобныя акцыі дэмаграфічную сытуацыю ў рэгіёне і краіне?

Валянтэры ўжо раздаюць па горадзе ў людных месцах інфармацыйныя матэрыялы. У кансультацыях і паліклініках жанчынам нагадваюць, што сэрца будучага дзіцяці пачынае біцца ўжо на васямнаццаты дзень цяжарнасьці.

Да акцыі, якую, дарэчы, ініцыявала рэгіянальная ўправа аховы здароўя, далучыліся рымска-каталіцкі прыход Нараджэньня Божай Маці, праваслаўны цэнтар сям’і й дзяцінства, грамадзкае аб’яднаньне «Выратаваньне немаўлят». І не выпадкова. Аборты надзвычай сур’ёзна ўплываюць у Беларусі на паказьнікі нараджальнасьці. У абласной управе аховы здароўя называюць такія лічбы:

«У нас, у Гомельскай вобласьці, у 2011 годзе было зроблена 5379 мэдычных перапыненьняў цяжарнасьці, у 2012-м — 4037, у 2013-м — 3511. Калі б усе гэтыя жанчыны прынялі рашэньне пралянгаваць цяжарнасьць, то насельніцтва ў рэгіёне павялічвалася б на 3 тысячы чалавек — гэта мінімум. Зразумела, тут трэба ўлічваць і мэдычныя аспэкты, бо некаторым жанчынам цяжарнасьць перарываецца паводле мэдычных паказьнікаў. Але такіх абортаў нашмат менш, чым сацыяльных».

Гараджанка Тацяна лічыць, што пазбаўляцца ад цяжарнасьці жанчын вымушае найперш матэрыяльнае становішча. Таму дзяржаве варта думаць пра сур’ёзную матэрыяльную падтрымку мацярок зь дзецьмі:

«Напэўна, трэба перш за ўсё павялічыць грашовыя выплаты для жанчын па догляду за дзецьмі. Жанчына, і асабліва калі яна адна, то яна ня ў стане дзіця ўтрымліваць. Разумееце, калі жанчына разумее, што яна ня зможа дзіця карміць і яно будзе галадаць, калі ня зможа яго адзець і яно зімою будзе мерзнуць, — тады што? Жанчына ў нашай краіне ў жорсткіх рамках. Няма мужа — усё, бяда. З гэтых прычынаў шмат хто пазбаўляецца ад цяжарнасьці. Калі заробак у жанчыны два з паловай мільёны, а дэкрэтныя — паўтара мільёна, то як яна будзе зь ім, зь дзіцем?»

Калі заробак у жанчыны два з паловай мільёны, а дэкрэтныя — паўтара мільёна, то як яна будзе зь дзіцем?

Маці-адзіночка Марына, у сваю чаргу, лічыць, што шматлікія аборты, і асабліва ў маладыя гады, у студэнцкім асяродзьдзі, выяўляюць хібы ў раньнім выхаваньні ў сям’і і школе. Улады ўсё яшчэ робяць выгляд, як і ў часы Савецкага Саюзу, што ў нас нібыта няма сэксу:

«У нас усё яшчэ — як і ў СССР, дзе сэксу не было. Я лічу, што дзесяць гадоў — гэта той узрост, калі дзяцей трэба адукоўваць, займацца правільным палавым выхаваньнем».

Суразмоўніца кажа, што сама яна плянавала нарадзіць дзіця. На падтрымку мужчыны не спадзявалася. Праз паўгода пасьля родаў выйшла на працу, аформіўшы дэкрэтны адпачынак на маці.

У абортах Марына бачыць найперш абыякавае стаўленьне жанчыны да сябе і свайго здароўя. Ну і, вядома, поўнае раўнадушша да будучага дзіцяці зь іншага боку — мужчынскага:

«Трэба засьцерагацца элемэнтарна. Іначай гэта проста абыякавае стаўленьне да сябе і сваёй будучыні. Кантрацэптывы — не праблема цяпер. Гэта раней, памятаеце, было сорамна засьцерагацца. Быў яшчэ такі рэклямны ролік: муж з жонкаю заходзяць у аптэку, купляюць шмат усяго ўсякага — і прэзэрватывы. Выходзяць з аптэкі, выкідаюць непатрэбнае — ды ідуць з прэзэрватывамі дамоў. Але ж цяпер ужо ня той час, ніхто, купляючы, не чырванее. Патрэбны толькі разумны падыход да плянаваньня сям’і, каб дзіця было жаданае».

Адна з актывістак грамадзкай арганізацыі «Выратаваньне немаўлят» кажа, што за шматлікімі абортамі паўстаюць вялікія пагрозы:

«Аборт — пагроза і дэмаграфічнай, і сацыяльнай, і духоўнай, і палітычнай сытуацыі ў краіне. Дзеці не нарадзіліся, свае сем’і не стварылі, у войска не пайшлі, пэнсійны фонд не падтрымліваюць. І вось лічбы. З 1993 году па 2010 год, паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, зроблена ў Беларусі 2,7 мільёна абортаў. За гэты ж час абсалютнае зьмяншэньне насельніцтва — на 750 тысяч чалавек. І, як пісалі раней, за кошт зьніжэньня нараджальнасьці. Бо аборты раней наагул не закраналі. А якое ж гэта зьніжэньне нараджальнасьці? Цяжарнасьці былі — іх было ледзь не 2 мільёны, але яны сышлі ў аборты, а ня ў плоскасьць нараджэньня».

Аборты былі ўзаконеныя бальшавікамі ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя, і так у Беларусі застаецца дагэтуль. Актывістка згадвае: добра, што апошнім часам зьменшылася хоць колькасьць афіцыйных сацыяльных паказьнікаў, паводле якіх мэдыкі могуць перапыняць цяжарнасьць. Затое ёсьць новы выклік. Зьявіліся новыя віды ўмяшаньня — сучасныя прэпараты, пры дапамозе якіх без апэрацыі перапыняюць цяжарнасьць. І падаецца гэта пад выглядам платных мэдычных паслуг у жаночых кансультацыях:

«Гэта „аксамітны аборт“. Ён цяпер каштуе 700 тысяч — гэта платная паслуга. І называюць яе — фармаборт. І нават пішуць пра зьніжкі. Што — зьніжкі на забойства чалавека? У людзей яшчэ няма ўсьведамленьня каштоўнасьці і сьвятасьці жыцьця, бо калі ўжо ёсьць цяжарнасьць, то гэта ўжо жывое. І ні ў жанчыны, ні ў мужа, ні ў Міністэрства аховы здароўя няма права забіраць гэтае жыцьцё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG