Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Лукашэнкі — чарговы карупцыйны скандал


Былы намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму Яўген Семянкевіч папоўніў сьпіс мясцовых чыноўнікаў, датычных да карупцыйных скандалаў.

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў Радыё Свабода, што адносна аднаго з намесьнікаў старшыні Шклоўскага райвыканкаму заведзеная крымінальная справа паводле артыкула аб злоўжываньні ўладай альбо службовым становішчам. Супрацоўніца Сьледчага камітэту Юля Ганчарова не паведаміла прозьвішча чыноўніка, але назвала галіну, за якую ён адказваў:

«Раней ён курыраваў пытаньні будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі».

Яўген Семянкевіч

Яўген Семянкевіч

За гэта ў кіраўніцтве Шклоўскага райвыканкаму яшчэ ў верасьні адказваў Яўген Семянкевіч. У Шклоўскім райвыканкаме сказалі, што Яўген Семянкевіч ужо вызвалены ад пасады, але дакладнага дня не назвалі. Сёньня мне ўдалося датэлефанавацца да спадара Семянкевіча, той пацьвердзіў сваю адстаўку, але сказаў, што гэта ён сам звольніўся:

«Так, я сам напісаў заяву і звольніўся. Колькі можна працаваць!»

Карэспандэнт: «Пішуць, што на вас завялі крымінальную справу. Гэта так ці не? Можа, вы не прызнаяце сябе вінаватым? Што вы скажаце?»

«Прабачце мяне, але я на такія пытаньні адказваць ня буду».

Паводле мясцовага незалежнага журналіста, эканаміста Пятра Мігурскага, былога намесьніка старшыні шклоўскага райвыканкаму Яўгена Семянкевіча падазраюць у махінацыях з жытлом для сваяка:

«Так, завялі на яго справу. Ён напісаў ліст да прэзыдэнта, каб яму даравалі. Ну, пакуль ходзіць па Шклове».

Карэспандэнт: «А праўда, што яго затрымлівалі, а потым выпусьцілі?»

Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

«Так, гэта быў суцэльны спэктакль. Затрымліваць яго прыехалі зь Менску, мясцовым не даверылі. 5 чалавек было, проста ў кабінэце надзелі кайданкі. Публічна зрабілі. Дарэчы, справу вядзе рэспубліканскі Сьледчы камітэт, не давяраюць ані мясцовым, ані магілёўскім».

Яўген Семянкевіч стаў другім за апошнія гады з намесьнікаў старшыні Шклоўскага райвыканкаму, каго падазраюць у датычнасьці да карупцыі. Сьледзтва вядзе таксама справу былога намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму Дзьмітрыя Мінянкова, які адказваў са сельскую гаспадарку і нібыта атрымаў вялікі хабар. Паводле сьледзтва, зьніклі 5 мільёнаў даляраў бюджэтных грошай, якія былі выдзеленыя на набыцьцё ў Сэрбіі статку цялушак для жывёлагадоўчага комплексу ў Шклоўскім раёне. Грошы былі пералічаныя, а жывёлу так і не паставілі. Адметна, што не было афіцыйных зьвестак ні пра заканчэньне сьледзтва, ні пра тое, што падазрэньні зь Мінянкова зьнятыя і ён выйшаў на волю. Між тым у Шклове кажуць, што літаральна днямі бачылі былога намесьніка старшыні выканкаму Дзьмітрыя Мінянкова ў горадзе:

«Ён у Шклове зьявіўся прыкладна тыдзень таму. То магчыма, што ён „здаў“ саўдзельнікаў, і таму яго выпусьцілі. Але там у саўдзельніках даволі высокія асобы — у асноўным зь Міністэрства сельскай гаспадаркі. Бо гэта такі кландайк — гэтыя закупы абсталяваньня, жывёлы ды іншага».

Жыхар Шклова, былы кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў кажа пра кругавую паруку мясцовых чыноўнікаў. На пачатку кастрычніка спадар Кастусёў напісаў адкрыты ліст да Лукашэнкі адносна карупцыі на прэзыдэнцкай радзіме:

«Справу Мінянкова круцяць ужо чацьвёрты год, і незразумела, чым яна скончыцца. Я ў сваім звароце да Лукашэнкі адкрыта пра гэта ўсё напісаў, што ўжо два намесьнікі старшыні пад сьледзтва трапілі. Але інфармацыя цалкам закрытая: ані сілавыя структуры, ані суд ці пракуратура — нічога ніхто ня кажа. Яшчэ ёсьць справа аб махінацыях з калійнымі ўгнаеньнямі ў гаспадарцы „Гарадзец“. Там бралі тыя ўгнаеньні, а іх гаспадаркі набываюць са зьніжкамі, фасавалі ды прадавалі за мяжу значна даражэй. Ужо тры гады як пра гэтую справу абвясьцілі, а расьсьледаваньне таксама не завершанае».

XS
SM
MD
LG