Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі ЭЗ зноў заклікалі ўвесьці мараторый на сьмяротную кару


Moldova – Rally against death penalty in Belarus.Chisinau 08Oct2009
Moldova – Rally against death penalty in Belarus.Chisinau 08Oct2009

13 кастрычніка з нагоды Эўрапейскага і Ўсясьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу ў Менску зноў заклікалі беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці кроку да яго канчатковай адмены.

Пра гэта паведамляе прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.

«У сьвеце захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да адмены сьмяротнага пакараньня, хоць апошнім часам адзначаны шэраг праяваў рэгрэсу, што выклікае трывогу. Сьмяротнае пакараньне ня стрымлівае злачыннасьці. Сьмяротнае пакараньне не можа ні павярнуць злачынства назад, ні зьмякчыць пакуты ягонай ахвяры. Акрамя таго, зусім не такія рэдкія выпадкі, калі судовая памылка раскрываецца занадта позна, пасьля таго як сьмяротны прысуд прыведзены ў выкананьне», — адзначаецца ў заяве.

У Беларусі працягваюць асуджаць да сьмяротнага пакараньня. Цяпер у камэры сьмяротнікаў двое асуджаных.

Эўразьвяз заклікае беларускія ўлады прыслухацца да закліку Камітэту па правах чалавека ААН і прыпыніць пакараньні.

ЭЗ і яго дзяржавы-сябры, прадстаўленыя ў Беларусі, гатовыя прымаць удзел у шырокай грамадзкай дыскусіі па пытаньнях адмены сьмяротнага пакараньня і дзяліцца сваім досьведам і ведамі, гаворыцца ў заяве.

У межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» праваабаронцы наладзілі Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня.

На адмысловай прэс-канфэрэнцыі сябра «Вясны» Валянцін Стэфановіч адзначыў, што беларускія праваабаронцы выступаюць за тое, каб Беларусь была сябрам Рады Эўропы. А гэта азначае ратыфікаваньне дзяржавай Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, прызнаньне кампэтэнцыі Страсбурскага суду па правах чалавека і ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

Эўрапейскія амбасады ў Беларусі стварылі нефармальную Працоўную групу па пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, у якую ўжо ўвайшлі, як кажа Валянцін Стэфановіч, амбасады Вялікабрытаніі, Чэхіі, Польшчы, Баўгарыі, Францыі і Італіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG