Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Берасьця сем гадоў дабіваецца валоданьня зямлёй


Ірына Сьмірнова

Ірына Сьмірнова

Ірына Сьмірнова зь Берасьця прайшла ўсе судовыя інстанцыі, але так і не дабілася надзелу зямлі ў пажыцьцёвае валоданьне. Ня спраўдзіў надзеі Сьмірновай і Вярхоўны суд.

Сем гадоў Ірына Сьмірнова дамагаецца афармленьня надзелу ў пажыцьцёвае валоданьне. Аднак усе суды абавязваюць яе заключыць дамову аб арэндзе зямлі на 50 гадоў. Жанчына баіцца — арэнду, маўляў, улады ў любы момант могуць разарваць.

Не падтрымаў Сьмірнову і старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала. У сваім рашэньні ён паведаміў жанчыне, што мясцовыя ўлады правільна настойваюць на 50-гадовай арэндзе зямлі.

Надзел зямлі, на якім месьціцца дом Ірыны Сьмірновай, атрымаў яе бацька ў 1947 годзе і быў ёй перададзены ў спадчыну. Аднак цяпер жанчына мае права толькі на арэнду, а не на пажыцьцёвае валоданьне.

Сытуацыя ўскладняецца і тым, што дом двухкватэрны, сусед Сьмірновай — чыноўнік землеўпарадкавальнай арганізацыі. Сусед пагаджаецца на арэнду надзелу. Таксама пэўную долю ў доме Ірыны Сьмірновай мае яе сястра, грамадзянка Літвы. Чыноўнікі ды суды настойваюць, што гэта яшчэ адна прычына, чаму надзел можна толькі арандаваць.

«Які-небудзь чыноўнік у любы момант можа разарваць дамову аб арэндзе ды адабраць зямлю. І што будзе са мной далей? Акрамя гэтага дома, у мяне нічога няма. Дзе я буду жыць, што са мной будзе? Гэта мяне вельмі палохае. Я не хачу быць бамжом... Я лічу, што гэта сапраўдны зьдзек і рабунак», — кажа жанчына.

Ірына Сьмірнова адзінокая. Яна кажа, што апошнія гады значная частка даходаў ішла на аплату судовых выдаткаў у гэтым змаганьні за зямлю:

«Суды адбываюцца з 2007 году, але ціснуць на мяне пачалі з 2004 году, з тых часоў, як новае кіраўніцтва ў аблвыканкаме зьявілася».

Даведзеная да адчаю спадарыня Сьмірнова цяпер ня ведае, куды зьвяртацца далей. Усю судовую сыстэму Беларусі яна прайшла. Кажа, што, магчыма, будзе скардзіцца ў пракуратуру, ды не выключае, што зьвернецца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

«Вось кажуць, што наша судовая сыстэма залежная. Але я лічу, што яна ня тое што залежная, але знаходзіцца ў поўным падпарадкаваньні ў выканаўчай ўлады. Прайшоўшы праз гэтае судовае пекла, я з поўным перакананьнем заяўляю гэта», — кажа Ірына Сьмірнова.

Надзел, на якім стаіць дом Ірыны Сьмірновай, — прывабны кавалак, ён знаходзіцца фактычна ў цэнтры Берасьця, каля чыгуначнага вакзалу. Таму, з горыччу кажа спадарыня, яе проста выжываюць адсюль.

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей растлумачыў, што схема арандаваньня зямлі, а не перадачы яе ў пажыцьцёвае карыстаньне, у пэрспэктыве можа спарадзіць новыя спрэчкі паміж уладамі і ўласьнікамі нерухомасьці.

XS
SM
MD
LG