Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Калі апазыцыя не дамовіцца аб адзіным кандыдаце — старэйшыя лідэры павінны адысьці


Старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, якога Партыя БНФ гатовая падтрымаць у якасьці адзінага кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году, яшчэ ня вырашыў, ці будзе ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Пра гэта палітык паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода.

— На зьезьдзе Партыі БНФ ваша кандыдатура была падтрымана ў якасьці адзінага кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2015 г. Ці азначае гэта, што вы ўжо пэўна будзеце ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах?

— Па-першае, я вельмі ўдзячны БНФ, які падтрымаў мяне — гэта кожнаму палітыку вельмі важна. Тым больш БНФ — структура не слабая, і гэта партыя каштоўнасная. Але рашэньне я буду прымаць пазьней. Я адзін з прэтэндэнтаў, я гэта разумею. Адказнасьць вялікая. Але для мяне прынцыпова: ці аб’яднаюцца нацыянальна-дэмакратычныя сілы, ці будзе Кангрэс? Проста стаць адзіным — пакрасавацца, пафатаграфавацца — гэтага мала. Вельмі важна, каб гэты адзіны меў шанец сапраўды аб’яднаць людзей, таму што я па-ранейшаму лічу: уся апазыцыя разам мае магчымасьць зрабіць адну прыстойную кампанію. Калі пойдзе разброд, то я ня думаю, што хтосьці, нават адзіны, зможа прыстойна выступіць.

— Сёньня ўсе надзеі ўскладаюцца на Кангрэс дэмсілаў — менавіта там павінен быць абраны адзіны кандыдат. Але што будзе, калі дамовіцца аб правядзеньні Кангрэса і вылучэньні адзінага кандыдата ня ўдасца?

— У такім выпадку будзе паўтарэньне 2010 году. Хай будзе ня 9 кандыдатаў, хай будзе менш, але гэта ня мае значэньня. Будзе дэпрэсія і ў дэмакратычных сілах, і ў грамадзтве ў цэлым — і гэта вельмі кепскі вынік. Я думаю, што тады адбудзецца поўная замена пакаленьняў: старэйшыя лідэры павінны адысьці, моладзь павінна прыйсьці — можа, у яе лепш атрымаецца і яна будзе больш адказнай.

— А ці пагодзіцеся вы ўдзельнічаць у выбарах у выпадку, калі правесьці Кангрэс ня удасца, а вы, напрыклад, здабудзеце падтрымку толькі ў межах «Народнага рэфэрэндуму» або толькі ў межах нацыянальна-дэмакратычнага крыла апазыцыі?

— Гэта вельмі кепскі сцэнар. Калі ідзе некалькі кандыдатаў ад некалькіх груповак у апазыцыі, то гэта значыць, што будзе змаганьне не за свабоду і незалежнасьць, а паміж сабой. Асабіста мне гэта не цікава, скажу шчыра.

— Але ў нацыянальна-дэмакратычных сілаў усё роўна павінен быць свой кандыдат на выбарах-2015?

— Абавязкова павінен быць. Але я лічу, што калі не атрымліваецца адзіны кандыдат, то нацыянальна-дэмакратычныя сілы павінны вылучыць маладзейшага чалавека. Таму што калі старэйшыя ня могуць аб’яднацца, то хай будуць новыя маладыя. А мы павінны стаць побач і шчыра працаваць.

— А якім палітычным і чалавечым крытэрам павінен адпавядаць адзіны кандыдат у прэзыдэнты?

— Я думаю, усім ясна, што сёньня галоўная пагроза — гэта пагроза нашай незалежнасьці. Таму гэта павінен быць чалавек, які жыцьцё гатовы аддаць за тое, каб Беларусь засталася на мапе Эўропы, каб Беларусь была эўрапейскай і свабоднай. Гэта павінен быць чалавек цьвёрды ў сваіх перакананьнях, у рэалізацыі сваіх мэтаў. Чалавек, які ня здрадзіць, які ніколі ня возьме маскоўскія грошы, які разумее, якая адказнасьць у 2015 годзе на ім будзе.

— Удзел у прэзыдэнцкіх выбарах звычайна сканчаецца для апазыцыйных палітыкаў турмой. Ці трэба гэтага чакаць у 2015 годзе, і ці гатовы асабіста вы да гэтага сцэнару, калі адзіным кандыдатам будзеце вы?

— Я думаю, што ў апазыцыйнай беларускай палітыцы кожны гатовы, хоць ня ўсе вытрымліваюць гэты іспыт. Я ўпэўнены, што ўлады не зацікаўленыя паўтараць сцэнар 2010 году, але калі будуць правакацыі на Плошчы, і апазыцыя іх ня зможа нэўтралізаваць (а гэтыя правакацыі могуць быць арганізаваныя ня толькі беларускімі спэцслужбамі, але і расейскімі, бо Расея зацікаўленая ў тым, каб парваць усе нашы адносіны з Эўропай), то рэакцыя ўлады зноў можа быць такой жа жорсткай, як і ў 2010 годзе.

Я ўжо ня раз казаў, што калі заклікаеш на Плошчу, або калі Плошча арганізуецца па-за табой, і ты павінен прыйсьці на яе, бо ты лідэр, то ў гэты момант адказнасьць вялізарная на табе. І калі ня маеш дружын, якія спыняюць правакацыі, пасьля якіх Беларусь адкідаецца на шмат гадоў назад у разьвіцьці, то лепш не займацца палітыкай.

— Якая павінна быць мэта ўдзелу апазыцыі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году? Як відаць, ніхто ў апазыцыі не разьлічвае на перамогу...

— Цяжка прадказаць, якая будзе сытуацыя ў Беларусі ў дзень выбараў, якая будзе эканамічная і сацыяльная сытуацыя. Калі сёньня паглядзець на сытуацыю — так, шанцаў няшмат. У Лукашэнкі высокі рэйтынг, людзі больш думаюць, каб не было вайны, ня хочуць ісьці на Плошчу — усё гэта зразумела. Але трэба мець некалькі сцэнараў. Ёсьць сцэнар-мінімум. Я лічу, што пасьля выбараў людзі павінны паверыць, што ёсьць сумленная аб’яднаная сіла, якая хоча сур’ёзных мірных пераменаў, ёсьць сіла, якая думае пра Беларусь. І калі ў галовах людзей будзе больш незалежнасьці, больш беларускасьці, больш эўрапейскасьці — гэта будзе таксама важны вынік кампаніі.

— Удакладніце яшчэ раз: пры якіх умовах вы пагодзіцеся стаць кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах-2015?

— Я ўжо казаў, што для мяне вельмі важна аб’яднаньне дэмакратычных сілаў, каб сапраўды быў Кангрэс большасьці структураў (а пажадана, каб усіх структураў) і быў абраны адзіны кандыдат. І яшчэ ня менш важна, каб тыя людзі, якія прыйдуць на Кангрэс, сапраўды працавалі пасьля Кангрэсу на гэтага адзінага, нягледзячы на тое, што ў іх можа быць і зайздрасьць, і крыўда, і ідэалягічныя адрозьненьні. Гэта няпроста ў сёньняшніх умовах. Але я думаю, што гэта адзіны шанец, каб адстаяць Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG