Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольскі: Калі б у к/з «Менск» скандавалі «Жыве Беларусь!», адміністрацыя проста б пасівела

абноўлена

У суботу 11 кастрычніка ў віленскай Teatro Arena прайшоў вялікі канцэрт Лявона Вольскага пад назваю «Вільня. Воля. Вольскі».

У літоўскай сталіцы музыка прэзэнтаваў свой сольны альбом «Грамадазнаўства», а ў другой частцы выступу прасьпяваў добра вядомыя хіты. Канцэрт сабраў аншляг — 3 тысячы чалавек. У залі было поўна бел-чырвона-белых сьцягоў, а таксама жоўта-блакітных украінскіх. Сам Лявон Вольскі на знак салідарнасьці з Украінай прасьпяваў песьню «Ўставай» украінскага гурту «Акіян Эльзы».

Пасьля канцэрту Лявон Вольскі падзяліўся з Радыё Свабода сваімі ўражаньнямі.

— Лявон, ці задаволены вы тым, як прайшоў канцэрт?

— У падрыхтоўку гэтага канцэрту было ўкладзена вельмі шмат сілаў і энэргіі. Папярэдне ішла сур’ёзная праца, мы доўга рэпэтавалі з нарвэскімі музыкамі, басістам Алесем Францішкам. Было б сумна, калі не атрымалася добра, але я мяркую, што ўсё завяршылася гэтак, як плянавалася.

— Якія вашы ўражаньні ад публікі? Вы ўвесь час зьвярталіся да залі, каб яна была больш энэргічнаю. Вы чакалі іншай рэакцыі?

— Ведаеце, я ўвогуле баяўся, што людзі паедуць купляць у Беласток тэлевізары, што яны толькі хацелі атрымаць візы. Але не, людзі проста прыехалі на канцэрт — і я гэтаму вельмі рады. Можна зразумець людзей — некаторыя стаміліся, бо цяжка столькі ехаць, столькі стаяць у чэргах. Але публіка была вельмі жвавая, добрыя вочы былі ў розных людзей — гэта бачна на фатаздымках з канцэрту.

— На канцэрце было шмат бел-чырвона-белых сьцягоў. Пра што гэта сьведчыць?

— Пра тое, што такія канцэрты трэба праводзіць у месцах, дзе дазволена ўсё тое, на што няма дазволу ў нашай краіне. Паколькі ў нас ёсьць неафіцыйная забарона на бел-чырвона-белую сымболіку, то калі б у якой-небудзь КЗ «Менск» са сцэны ці ў залі скандавалі «Жыве Беларусь!», то адміністрацыя гэтай пляцоўкі проста б пасівела. Гэта вельмі сумна, таму што нічога забароненага ў гэтым няма. Шчыра кажучы, я ня бачу магчымасьці правядзеньня канцэрту такога фармату на Радзіме. Неяк неарганічна было б рабіць такія канцэрты ў нашых постсавецкіх дамах культуры.

«Простыя словы» ў Вільні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:58 0:00

— Ці разьлічваеце вы на лібэралізацыю? Зьмітра Вайцюшкевіча выключылі з чорнага сьпісу. Ці спадзеяцеся вы на тое ж самае?

— Вядома, гэтая лібэралізацыя зьявіцца. Наша кіраўніцтва будзе змушана павярнуцца не анфас, але хаця б на 3/4 да Захаду і перагледзець «чорны сьпіс» музыкаў, таму што гэта нецывілізавана. Але, так ці інакш, будуць нейкія праявы цэнзуры з боку пляцовак, з боку праваахоўных органаў. Пад забаронаю ўсё роўна апынецца «Жыве Беларусь!» і сьцягі. Гэта будзе непаўнавартасна крыху. Мне падаецца, што канцэрт акурат выйграе ад таго, што наўкол — свабода.

— Калі б вы рабілі канцэрт у Беларусі, як лічыце, колькі б вы змаглі сабраць слухачоў?

— Мяркую, што як мінімум у два разы больш, чымся ў Вільні. Бо ня трэба нікуды ехаць, турбавацца, візаў ня трэба рабіць. Гэта ж як у паліклініку на мэдагляд пайсьці. Хоць літоўскія ўлады пайшлі на саступкі. Мы вельмі ўдзячныя літоўскай амбасадзе, якая давала бясплатныя візы беларусам.

— Шмат хто ў сацыяльных сетках дзяліўся ўражаньнямі, што на канцэрце было мноства новых людзей, новых твараў, якія ня часта ўбачыш у «беларускай тусоўцы». Як вы лічыце, пра што гэта сьведчыць?

— Ведаеце, пасьля канцэрту была аўтограф-сэсія. Там быў адзін чалавек, які быў зьлёгку падшафэ. Ён вельмі шкадаваў, што не прагучала песьня «Фальксваген-Пасат Унівэрсал». Фармат гэтага канцэрту, вядома, не прадугледжваў аніякіх «Пасатаў Унівэрсалаў», але ж гэты хлопец таксама фанат маёй творчасьці. Магчыма, нават фанат «Саўкі ды Грышкі».

— Дарэчы, наконт «Саўкі ды Грышкі». Слухачы Радыё Свабода цікавяцца, калі Саўка вернецца з Амэрыкі да нас?

— Пакуль што не вяртаецца — сядзіць там і маўчыць. І бліжэйшым часам, хутчэй за ўсё, так і будзе.

— Чаму ваш новы альбом называецца «Грамадазнаўства»?

— Цяжка тлумачыць назвы, тэксты песень, закладзеныя задачы і ідэі. Відаць, таму, што ў альбоме прысутнічае досыць такая сацыяльная тэматыка.

— Падчас прэзэнтацыі альбому ў Вільні вы гралі з нарвэскімі музыкамі. Чаму?

— Прадусар «Грамадазнаўства» Снорэ Бэргеруд зайграў большасьць партыяў, спрадусаваў гук альбому ў Вільні, таму арганічна падалося, каб тыя, хто запісваў гук у студыі, зайгралі на канцэрце. Але басіст быў «айчынны». За мяжою, хутчэй за ўсё, альбом будзе таксама прэзэнтаваны з нарвэскімі музыкамі, але ў Менск яны наўрад ці дабяруцца.

— Дзе плянуеце далейшыя выступы?

— Увогуле, я перастаў дзяліцца плянамі, таму што яны пасьля не зьдзяйсьняюцца ці вельмі позна зьдзяйсьняюцца. Таму я пакуль лепей прамаўчу, а потым буду зьдзіўляць. Але мы плянуем замежны тур — гарады пакуль называць ня буду. У Беларусі 18 кастрычніка адбудзецца канцэрт «Крамбамбулі» падчас фэстывалю беларускай музыкі Men’s Fest у Берасьці.

— Песьню «Тры чарапахі» ведаюць, бадай, усе ў Беларусі і за мяжою. Нават той, хто ніколі не размаўляў па-беларуску, можа яе прасьпяваць. Як вы лічыце, чаму яна стала такой папулярнай?

— Праз тое, што яна вельмі простая. Там чатыры акорды і некалькі нотаў — вось і ўвесь сакрэт песьні «Тры чарапахі». Вядома, я не плянаваў, каб яна была такой папулярнай, я звычайна не пляную аніякіх звышгітоў. Але чаму не? Нармальная песьня. Хоць з вышыні цяперашняга палёту ёсьць некаторыя пытаньні да тэксту, але што ўжо зробіш. З песьні слова ня выкінеш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG