Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб уключыць ацяпленьне ў жылых дамах Менску, не хапіла аднаго дня.

Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі начальнік упраўленьня Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Вячаслаў Шмідт, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, калі ў Менску ўключаць ацяпленьне ў кватэрах.

Вячаслаў Шміт сказаў, што згодна зь беларускім заканадаўствам неабходна, каб 5 дзён запар тэмпэратура была +8 градусаў і ніжэй. У Менску за апошні час набліжэньне да такой сытуацыі было двойчы: першы раз — тры дні запар, а пасьля — чатыры дні тэмпэратура была меншая за 8 градусаў цяпла. Але потым пацяплела, і таму ўключаць ацяпленьне не было неабходнасьці. І ніхто дакладнай даты, калі ўключыцца ацяпленьне ў кватэрах, назваць ня можа.

Начальнік іншага ўпраўленьня Міністэрства ЖКГ Беларусі Андрэй Рамашка паведаміў, што цяпер грамадзяне Беларусі кампэнсуюць дзяржаве выдаткі на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў памеры 30 адсоткаў. Да канца году гэтая лічба павялічыцца да 35 адсоткаў, аднак рэзкага павышэньня тарыфаў на паслугі ЖКГ пакуль не чакаецца.

«Мы па-ранейшаму памятаем пра межы падвышэньня ў памеры 5 даляраў у эквіваленце з індэксацыяй і імкнёмся прытрымлівацца гэтай нормы», — дадаў Андрэй Рамашка.

Прадстаўнікі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі сказалі, што ацяпленьне двух-трохпакаёвай кватэры будзе каштаваць жыхарам у сярэднім каля 90 тысяч рублёў. Гэта кошт адной гікакалёрыі, а звычайна сям’я ў двух- і трохпакаёвай кватэры траціць на месяц 1 гікакалёрыю цяпла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG