Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Стакгольме будзе названа імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы.

Нобэлеўская прэмія па эканоміцы, у адрозьненьне ад астатніх прэмій, якія ўручаюцца на цырымоніі ўзнагароджаньня ляўрэатаў, не зьяўляецца спадчынай знакамітага швэдзкага вучонага і мэцэната Альфрэда Нобэля.

Гэтую ўзнагароду, якая афіцыйна называецца «Прэмія памяці Альфрэда Нобэля», заснаваў ў 1968 годзе Дзяржаўны банк Швэцыі з нагоды свайго 300-гадовага юбілею. Пасьля некаторых ваганьняў швэдзкая каралеўская акадэмія навук прыняла на сябе ролю інстытуту, што прысвойвае ўзнагароду за дасягненьні ў галіне эканомікі ў адпаведнасьці з тымі ж прынцыпамі і правіламі, якія прымяняюцца да Нобэлеўскіх прэміяў, пасьля чаго праўленьне Фонду Нобэля вырашыла больш не павялічваць колькасьць намінацый.

Першае ўзнагароджаньне Нобэлеўскай прэміяй па эканоміцы адбылося ў 1969 годзе — яе ляўрэатамі сталі нарвэжац Рагнар Фрыш і галяндзец Ян Цінберген, удастоеныя ўзнагароды «За стварэньне і прымяненьне дынамічных мадэляў да аналізу эканамічных працэсаў». А першай і адзінай на дадзены момант жанчынай — ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы зьяўляецца амэрыканскі палітоляг і эканаміст Элінор Вострым, якая атрымала ўзнагароду ў 2009 годзе.

Сярэдні ўзрост ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы складае 62 гады. Самым маладым уладальнікам узнагароды стаў ляўрэат 1972 году, 51-гадовы амэрыканскі эканаміст Кэнэт Эроў. На іншым канцы ўзроставай шкалы — суайчыньнік і калега Эроў, Леанід Гурвіч, якому на момант прысуджэньня прэміі ў 2007 годзе споўнілася 90 гадоў. Акадэмік Гурвіч, дарэчы, стаў і самым пажылым з усіх 830 Нобэлеўскіх ляўрэатаў.

Перавага эканамістаў з ЗША ў сьпісе Нобэлеўскіх ляўрэатаў спарадзіла самы вядомы жарт на тэму прэміі па эканоміцы: «Нобэлеўскі камітэт — гэта рытуальная сэкта, якая вызнае культ матэрыяльнага заахвочваньня найбольш глыбокіх памылак амэрыканскіх навукоўцаў»

Аповед пра ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы будзе няпоўным без імя амэрыканскага матэматыка Джона Нэша, узнагароджанага ў 1994 годзе за працы ў галіне тэорыі гульняў і дыфэрэнцыяльнай геамэтрыі. Навуковец, які многія гады цярпіць на шызафрэнію, стаў вядомы шырокай публіцы пасьля выхаду біяграфічнай кнігі амэрыканскай журналісткі Сільвіі Назар «Гульні розуму», якая распавядае пра матэматычны талент Нэша і пра яго барацьбу з хваробай. У 2001 годзе па матывах кнігі быў зьняты аднайменны фільм, у якім роля геніяльнага матэматыка сыграў актор Расэл Кроў.

За больш як сорак гадоў існаваньня намінацыі Нобэлеўскую прэмію па эканоміцы толькі аднойчы атрымаў грамадзянін СССР. Савецкі матэматык і эканаміст Леанід Кантаровіч падзяліў у 1975 годзе ўзнагароду з амэрыканцам Т’ялінгам Купмансом «за ўклад у тэорыю аптымальнага разьмеркаваньня рэсурсаў». Працы акадэміка Кантаровіча, які заклаў асновы лінейнага праграмаваньня, маюць практычны ўжытак у многіх галінах эканомікі і паліталёгіі, закранаючы, у прыватнасьці, праблемы фарміраваньня эканамічных інстытутаў.

Ад самага пачатку ўручэньне Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы выклікала спрэчкі ў навуковым сьвеце. Некаторыя экспэрты не прызнаюць за эканамічнай тэорыяй навуковага статусу альбо лічаць яе статус ніжэйшай, чым у натуральных навук, па якіх уручаецца Нобэлеўская прэмія, — у ліку аргумэнтаў праціўнікаў намінацыі і той факт, што сам Альфрэд Нобэль не ўключыў эканоміку ў сьпіс «прэміраваных» навук.

Акрамя таго, выказваецца меркаваньне, што ўручэньне прэміі па эканоміцы вядзе да своеасаблівай «Нобэлеўскай гонкі», што можа спарадзіць сутыкненьне інтарэсаў і канфліктаы паміж рознымі краінамі, унівэрсытэтамі і асобнымі эканамістамі. А вялікая перавага эканамістаў з ЗША ў сьпісе Нобэлеўскіх ляўрэатаў спарадзіла самы вядомы жарт на тэму прэміі па эканоміцы: «Нобэлеўскі камітэт — гэта рытуальная сэкта, якая вызнае культ матэрыяльнага заахвочваньня найбольш глыбокіх памылак амэрыканскіх навукоўцаў».

Тым ня менш, «Прэмія памяці Альфрэда Нобэля» вось ужо больш як чатыры дзесяцігодзьдзі працягвае лічыцца найвышэйшай ступеньню прызнаньня навуковых заслуг. Існуе нямала прэстыжных узнагарод у галіне эканомікі — адной зь іх, у прыватнасьці, зьяўляецца мэдаль Джона Бэйтса Кларка, які, пачынаючы ад 1947 году, уручаецца Амэрыканскай эканамічнай асацыяцыі маладым спэцыялістам з ЗША ва ўзросьце да 40 гадоў. У вучоным сьвеце гэтую ўзнагароду лічаць трамплінам для скачка да сусьветнай славы — 12 з 35 эканамістаў, узнагароджаных мэдалём Кларка, у далейшым сталі ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы.

XS
SM
MD
LG