Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцэлеў: «На Плошчы Іван Вус быў паплечнікам свайго таты»


Падчас Антымайдану ў Кіеве

Падчас Антымайдану ў Кіеве

18 кастрычніка ў Менску плянуецца зьезд прыхільнікаў «Антымайдану». Як заяўляе арганізатар зьезду Іван Вус, фармат зьезду застаецца нявызначаным.

Інфармацыю пра зьезд «Антымайдану» разьмясьціў у сацыяльных сетках адзін з ідэйных кіраўнікоў групы «Антымайдан» — 18-гадовы мянчук Іван Вус, сын былога кандыдата ў прэзыдэнты і палітвязьня Плошчы-2010 Дзьмітрыя Вуса.

Як паведамляецца ў групе, яе ўдзельнікі вырашылі стварыць атрады дружыньнікаў самаабароны, якія б маглі дапамагаць беларускаму АМАПу ў выпадку канфліктных сытуацыяў. Сваю ідэю яны зьбіраюцца ўзгадніць зь беларускім КДБ.

Ідэйны кіраўнік групы Іван Вус адмовіўся гаварыць са Свабодай, а далучыцца да суполкі «Антымайдан», каб атрымаць якую-небудзь інфармацыю, можна толькі на запрашэньне самога Івана Вуса.

Арганізатары ня маюць канкрэтнага пляну правядзеньня зьезду, пра што і прызнаюцца ў адным з паведамленьняў, якія рассылае група.

«18 чысла пройдзе, у большай ступені нават ня зьезд, а сустрэча людзей, якім не абыякавая наша будучыня. Мерапрыемства такога пляну арганізатарамі ніколі не праводзілася, таму мы ня ведаем, у якім фармаце пройдзе дадзены зьезд. Але мы ўпэўненыя, што ён аб’яднае ўсіх, хто прыйшоў, сувязямі моцнага сяброўства і павагі адзін да аднаго. Мы ведаем, што на мерапрыемстве будуць і расейскія нацыяналісты, і прадстаўнікі нацыянал-бальшавікоў, Рускага Нацыянальнага Адзінства, антыфашысты. У прадстаўнікоў гэтых арганізацыяў не заўсёды супадалі погляды і мэты, але мы дакладна ведаем што нас аб’ядноўвае адно: любоў да нашай вялікай Радзімы, да нашага вялікага народу».

Тэлефон Дзьмітрыя Вуса, былога палітвязьня і бацькі арганізатара «Антымайдану», пакуль недасяжны.

Пра Івана Вуса Свабода запытала ў Сяргея Марцэлева, кіраўніка перадвыбарчага штабу Мікалая Статкевіча. У 2010 годзе спадар Марцэлеў праводзіў агітацыйную кампанію разам зь Дзьмітрыем Вусам.

Узгадваючы акцыю пратэсту 19 сьнежня 2010 году, Сяргей Марцэлеў адзначыў, што сын Дзьмітрыя Вуса, як гэта пасьля было адлюстравана ў дакумэнтах крымінальнай справы, быў на плошчы і нават меў адмысловае заданьне — пільнаваць разьмяшчэньне міліцэйскіх машын навокал:

Сяргей Марцэлеў

Сяргей Марцэлеў

«У справе Дзьмітрыя Вуса было, што яго сын дапамагаў бацьку. Сапраўды, 19 сьнежня ён быў на плошчы і высочваў, дзе разьмяшчаюцца міліцэйскія машыны. Атрымліваецца, што тады ён быў татавым паплечнікам. Я памятаю гэтае 14-гадовае дзіця, якім Іван быў чатыры гады таму. Бачна было, што хлопчык нездаровы. Я не магу глыбока разважаць пра гэта, бо я ня лекар. Але было бачна, што хлопчык нездаровы, што ў яго, як кажуць, асаблівасьці разьвіцьця. Гэта было першае ўражаньне, якое кідалася ў вочы».

Спадар Марцэлеў ня ведае, ці пайшоў Іван Вус насуперак бацьку, абвясьціўшы зьезд прыхільнікаў «Антымайдану». Але можна ўзгадаць, што яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі Дзьмітры Вус ня раз зьвяртаўся да тэмы палітычнага збліжэньня Беларусі і Расеі.

«Улічваючы прарасейскія погляды Дзьмітрыя Іванавіча, якія ў яго час ад часу праскоквалі і ў публічную прастору падчас прамоваў у 2010 годзе, я б не зьдзівіўся, калі б і сам Дзьмітры Вус цяпер быў прыхільнікам ідэяў „Антымайдану“. Ён спрабаваў рабіць стаўку на тое, што Расея дапаможа дэмакратызаваць Беларусь і зьмяніць рэжым Лукашэнкі. У прынцыпе, на гэтым ён будаваў сваю перадвыбарчую праграму», — кажа Сяргей Марцэлеў.

Ацэньваючы патэнцыйную колькасьць удзельнікаў зьезду «Антымайдану» 18 кастрычніка, Сяргей Марцэлеў сказаў, што ня верыць у разьвіртуалізацыю карыстальнікаў сацыяльных сетак, якія падтрымліваюць ідэі «рускага міру»:

«Часам адбываюцца буры ў шклянцы вады, а дакладней, у сацыяльных сетках. Але ж мы ведаем, што найбольш заўзятыя камэнтатары ў сацыяльных сетках ніколі ня выйдуць на вуліцу і не агучаць свае думкі ўголас. Тая крытычная маса, якая падтрымлівае лёзунгі „Антымайдану“ ў інтэрнэце, наўрад ці разьвіртуалізуецца і рэальна зьбярэцца ў адным месцы. Да актыўных прыхільнікаў „Антымайдану“, калі гаварыць пра моладзевыя субкультуры, можна аднесьці толькі некаторыя нешматлікія фанацкія супольнасьці і мясцовыя аддзяленьні нацыянал-бальшавікоў. А астатнія будуць глядзець тэлевізар, ціха падчас вячэры гаварыць „Крым наш“, і на гэтым іх актыўнасьць скончыцца».

Арганізатары «Антымайдану» ў Менску мяркуюць ствараць «атрады дружыньнікаў», каб дапамагаць КДБ і АМАПу — такая дапамога можа спатрэбіцца, напрыклад, падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году. Сяргей Марцэлеў кажа, што органы дзяржаўнай бясьпекі ня маюць патрэбы ў дапамозе з боку 18-гадовых хлопцаў:

«Вядома, у супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бясьпекі ёсьць свае паведамляльнікі з экстрэмісцкіх ультраправых моладзевых арганізацыяў. Але сярод службоўцаў ніхто не разглядае гэтых пацаноў як інструмэнт для кантролю за сытуацыяй. У людзей у пагонах для гэтага хапае асабістых рэсурсаў. Таму жаданьне супрацоўнічаць з КДБ з боку арганізатараў „Антымайдану“ — гэта ці какецтва на публіку, ці наіўнасьць, або і тое і другое разам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG