Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта таньнее далей, ужо меней 88 даляраў за барэль


Савудаўская Арабія і Кувэйт не маюць намеру скарачаць здабычу нафты і гатовыя мірыцца зь нізкімі коштамі.

Цэны на нафту зьнізіліся больш чым на $ 1 за барэль, бо Савудаўская Арабія і Кувэйт далі зразумець, што гатовыя мірыцца зь нізкімі цэнамі для ўтрыманьня сваёй долі рынку, паведамляе Reuters.

Сёньня раніцай ф’ючэрсы на Brent патаньнелі да $ 87,74 — мінімальнага ўзроўню са сьнежня 2010 года. Ф’ючэрсы на WTI зьнізіліся на $ 1,14 да $ 84,68 за барэль. Расейская нафта маркі Urals каштуе на некалькі даляраў за барэль таньней.

Савудаўская Арабія і Кувэйт, якія ўваходзяць у АПЭК не маюць намеру скарачаць здабычу і гатовыя мірыцца зь нізкімі сусьветнымі коштамі. Як паведамілі крыніцы Reuters, прадстаўнікі Савудаўскай Арабіі казалі ўдзельнікам рынку ў асабістых гутарках, што не пярэчаць супраць падзеньня коштаў да $ 80, калі гэта дапаможа краіне змагацца з канкурэнтамі, уключаючы ЗША, дзе імкліва расьце здабыча сланцавай нафты.

Міністар нафтавай прамысловасьці Кувэйта Алі аль-Амаір сказаў дзяржаўнаму інфармагенцтву KUNA, што АПЭК наўрад ці скароціць здабычу нафты, таму што, на думку арганізацыі, гэта ўсё роўна не ўтрымае цэны ад падзеньня. Паводле міністра, цэны могуць спыніцца ў адзнакі $ 76-77 за барэль, таму што гэта сабекошт здабычы ў ЗША і Расеі.

Нарада краін АПЭК адбудзецца 27 лістапада, і некаторыя яе ўдзельнікі прапануюць зьнізіць здабычу з цяперашніх 30 мільёнаў барэляў у суткі, каб сусьветныя кошты вярнуліся да адзнакі $ 100 за барэль. Тым часам, найбуйнейшы вытворца АПЭК Савудаўская Арабія ў верасьні падвысіла здабычу да 9,7 мільёна барэляў у суткі з 9,6 мільёна ў жніўні.

XS
SM
MD
LG