Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Босьніі на выбарах перамагаюць нацыяналісты


Нацыяналісты перамагаюць у Босьніі і Герцагавіне на выбарах трох сябраў калектыўнага прэзыдэнцкага органа. Такія зьвесткі публікуе Цэнтральная выбарчая камісія краіны пасьля падліку больш за трох чвэрцяў бюлетэняў.

Як вынікае з гэтага паведамленьня, басьнійскі мусульманін Бакір Ізэтбегавіч, харват Драган Човіч і сэрб Жэлька Цьвіянавіч ўзначальваюць гонку.

Ізэтбегавіч будаваў сваю кампанію на закліках да моцнай, адзінай дзяржавы, Човіч настойваў на стварэньні харвацкай юрыдычнай адзінкі ў Босьніі, а Цьвіянавіч зьяўляецца часткай сэрбскага блёку, які выступае за разьяднаньне Босьніі. Выбары адбыліся пасьля грамадзкіх беспарадкаў і гвалту ў пачатку года, выкліканых карупцыяй і беднасьцю значнай часткі насельніцтва, а таксама на хвалі незадаволенасьці рэакцыяй уладаў на катастрафічныя паводкі ў траўні.

Паводле сыстэмы, створанай па выніках Дэйтанскіх мірных дамоўленасьцяў 1995 года, Босьнія і Герцагавіна стала фэдэрацыяй трох галоўных нацыянальных грамад — «канстытуцыйных народаў» краіны: басьнійцаў, якіх раней называлі «басьнійскімі мусульманамі», басьнійскіх сэрбаў і басьнійскіх харватаў. Гэтыя супольнасьці выбіраюць па аднаму свайму прадстаўніку ў прэзыдэнцкі орган. Краіна зьяўляецца кандыдатам на ўступленьне ў НАТО і афіцыйна прызнана «патэнцыйным кандыдатам» на ўступленьне ў Эўразьвяз.

XS
SM
MD
LG