Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за чаго заўзятары праігнаравалі «вялікі футбол» у Барысаве


У нядзелю зборная Беларусі па футболе мела ці не апошні шанец зачапіцца за Эўра-2016, але такой магчымасьцю зноў не скарысталася.

На «Барысаў Арэне» выхаванцы Георгія Кандрацьева нічога ня здолелі супрацьпаставіць зладжанай камандзе Славаччыны, саступіўшы зь лікам 1:3. На дубль у выкананьні Марэка Гамшыка і гол Станіслава Шэстака на фінішы матчу аднойчы «агрызнуўся» капітан Цімафей Калачоў. Такім чынам, пасьля трох гульняў у актыве беларусаў засталося 1 ачко. Як вынік — апошняе месца ў групе «С» разам з асноўным канкурэнтам у асобе Люксембурга. Як кажуць, «лавіць» у гэтым турніры ўжо няма чаго. Тым часам Славаччына са 100-працэнтным вынікам — тры перамогі ў трох матчах — выйшла на чыстую лідэрскую пазыцыю.

Варта адзначыць, што сустрэча са славакамі прайшла пры напаўпустых трыбунах. Беспадстаўныя затрыманьні некалькіх дзясяткаў аматараў футболу падчас матчу Беларусь — Украіна 9 кастрычніка (параза беларусаў 0:2) і наступныя суды прымусілі заўзятараў байкатаваць матч — на барысаўскім 13-тысячніку сабралася крыху больш за 3 тысячы, і гэта з улікам некалькіх сотняў прадстаўнікоў славацкай групы падтрымкі. І ўжо зусім асірацела глядзеўся прарэджаны міліцыяй фанацкі сэктар Б-12 — ня болей за 200 чалавек. Дарэчы, учора ўкраінцы зь лікам 1:0 перамаглі каманду Македоніі: мяркуючы па карцінках з Львову, атмасфэра на трыбунах ужо звыкла была на вышэйшым узроўні.

Фактычна крыж на далейшых пэрспэктывах беларуская зборная паставіла яшчэ напачатку верасьня, калі прадэманстравала няўцямны футбол у Люксембургу, ледзь не прайграўшы там. 9 кастрычніка ў супрацьстаяньні з Украінай засьцярогі толькі пацьвердзіліся: нягледзячы на беспрэцэдэнтную салідарнасьць фанатаў, футбольным «танцорам» зноў нешта замінала. Як потым заявіў капітан Цімафей Калачоў, які выступае за «Растоў», зьбілі з панталыку заўзятары, якія выкрыквалі антырасейскія лёзунгі. Цікава, што перашкодзіла гэтым разам? Песьні пра Пуціна ніхто не сьпяваў...

У абяцаньні трэнэраў і гульцоў нарэшце «рэабілітавацца» у паядынку са славакамі аматары футболу верылі хіба ад безвыходнасьці — спэкуляваць на сьветлым будучым пакуль яшчэ не забаронена. Адрозна ад таго, каб мець пры сабе ўкраінскую сымболіку (згодна з судовымі выракамі — «фашысцкую»), ня кажучы ўжо пра нацыянальную беларускую.

Пасьпяховы ў мінулым форвард спачатку менскага «Дынама», а пасьля шэрагу ўкраінскіх клюбаў Уладзімер Макоўскі лічыць, што пры цяперашнім стане ў беларускім футболе вынікі гульні галоўнай каманды Беларусі цалкам лягічныя:

Уладзімер Макоўскі
Уладзімер Макоўскі

«Колькі я вучыўся на катэгорыю Б, на катэгорыю А — як і іншыя трэнэры — мы пастаянна праглядалі розныя моманты з чэмпіянатаў сьвету, Эўропы. То бок, пастаянна нечаму вучымся. Але чамусьці нічога не атрымліваецца. У нас нібыта пэрспэктыўная моладзь, але куды яна потым дзяецца — нават ня ведаю, шчыра кажу. Што маем, як кажуць, на выхадзе? Глядзіце самі: з моладзевай зборнай, калі яны ў 2011-м занялі 3-е месца, колькі зараз гуляе ў нацыянальнай камандзе? Трэба, канечне, палічыць, але літаральна пару чалавек. А калі ўзяць, прыкладам, немцаў, то практычна ўсе. На жаль, тут шмат залежыць ня толькі ад майстэрства, але і ад каляфутбольных справаў — палітычных, эканамічных, сацыяльных. Дый мэнталітэт у нас зусім іншы. Калі, скажам, пасьля гульні ў Нямеччыне можна бакальчык піўка выпіць, то ў нас так не бывае — дазволіць толькі бакальчык. Там ужо будзе не бакальчык, а вядзёрка піўка. Не асуджаю, бо гэта наша жыцьцё. Каб мы ўсе нарадзіліся ў Нямеччыне, можа ў нас інакш усё было б. А так што ёсьць, тое і ёсьць».

Уладзімер Макоўскі мяркуе, што беларускі футбол з усімі яго вялікімі і малымі куратарамі марынуецца ва ўнутранай кухні не самай перадавой футбольнай гаспадаркі, не арыентуючыся на лепшыя ўзоры. А ў адсутнасьць годных вынікаў і з боку грамадзтва адносіны адпаведныя — як да тых, хто «праядае» народныя грошы:

«У прынцыпе да такіх вышыняў трэба імкнуцца. Вучыцца, удасканальвацца, цягнуцца за лепшымі. Толькі так. Тады можа калі-небудзь і патрапім па чэмпіянат сьвету ці Эўропы. І будзем ужо не якімі-небудзь статыстамі, а паўнавартаснымі ўдзельнікамі. Ну і, канечне, шчасьлівымі заўзятарамі, перажываючы за сваю каманду — Беларусь. Адзінае, што тыя ж немцы для гэтага маюць умовы, якія нашым наўрад ці калі і сьніліся. Таму я і кажу, што ад каляфутбольных справаў залежыць таксама надзвычай шмат. І стаўленьне ў грамадзтве да спартоўцаў трэба фармаваць не як да „паразітаў“, а як да гонару нацыі. Тое ж БАТЭ, тое ж менскае „Дынама“ пачалі атрымліваць больш-менш прыстойныя грошы за сваю працу і тут жа пачалося: а за што ім плацяць, а навошта будаваць стадыёны, а навошта лядовыя палацы; лепш давайце нам, блін, сьлесарам і токарам. Так разважаць як мінімум непатрыятычна. Ці тады не патрабуйце ад іх немагчымага».

Наступную гульню каманда Беларусі правядзе на выезьдзе — 15 лістапада беларусы выправяцца на рандэву з экс-чэмпіёнам сьвету і Эўропы, зборнай Гішпаніі. Цяпер ужо пад вялікім пытаньнем — пад чыім кіраўніцтвам? Напярэдадні ўчорашняга матчу Георгій Кандрацьеў заявіў, што гатовы несьці адказнасьць ў выпадку няўдалага выніку сустрэчы са славакамі, пасьля якой удзел у групавым турніры пераўтвараецца збольшага ў фармальнасьць.

Вынікі працы Кандрацьева за два гады ля руля зборнай — 1 перамога, 2 нічыі і 8 паразаў у 11 матчах. Статыстыка, мякка кажучы, не бліскучая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG