Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусія ў Магілёве: У Беларусі барбарскае стаўленьне да сьмерці


У Магілёве 10 кастрычніка праваабаронцы з цэнтру «Вясна» зладзілі да міжнароднага дня барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня дыскусію.

У грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшло два дзясяткі чалавек. Вечарына адбылася ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня».

«Мы спадзяемся, што ад тых, хто непасрэдна не займаецца гэтай тэматыкай, але мае свой погляд на яе, будуць для нас парады», тлумачыў мэту дыскусіі адзін зь яе арганізатараў праваабаронца Аляксей Колчын.

Паводле актывіста вялікая частка нашага насельніцтва ўпэўненая, што ў Беларусі альбо ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне, альбо наагул яно адмененае.

Аляксей Колчын

Аляксей Колчын

«Каля трыццаці працэнтаў трымаюцца такіх пазыцыяў. Гэта той пласт насельніцтва, зь якім трэба больш актыўна працаваць і даводзіць, што яны памыляюцца. Гэта частка больш прагрэсіўная, больш прасунутая ў розных чыньніках і яна больш уплывае на грамадзтва. Прыкладна траціна беларусаў – цьвёрдыя прыхільнікі сьмяротнага пакараньня. Сярод іх ёсьць частка тых, хто прызнае, што ў беларускай судовай сыстэме ёсьць хібы і можа быць памылкова чалавек засуджаны на сьмерць. Стаўленьне нашага грамадзтва да сьмяротнага пакараньне караніцца у агульнай атмасфэры нашага жыцьця – атмасфэры дэгуманізацыі стасункаў між людзьмі. Таму такое барбарскае стаўленьне і да пакараньня», – кажа Аляксей Колчын.

Меркаваньні грамады на гэты конт не былі аднолькавымі. Удзельнікі дыскусіі трымаліся пазыцыі, што асуджаных на сьмерць у Беларусі не павінна быць. Тым ня менш толькі адзінкі казалі пра абсалютную адмову ад сьмяротнага пакараньня.

«Я не хачу, каб дзяржава ад майго імя забівала, паколькі я супраць сьмяротнага пакараньня. Дзяржава не дае жыцьцё – яго дае Бог, таму яна ня мае права і забіваць. Для кожнага чалавека адмена сьмяротнага пакараньня складанае пытаньне, бо могуць быць сытуацыі, калі пытаньне абстрактнае, як на гэтай вечарыне, можа стаць для нейкага чалавека актуальным і ён тады апынецца перад выбарам», – даводзіў сваю пазыцыю ўдзельнік дыскусіі, які выказваўся за абсалютную адмену сьмяротных прысудаў.

Большасьць жа даводзіла, што на сьмяротнае пакараньне мае быць уведзены мараторый, але ў выключных выпадках сьмяротны прысуд можа выносіцца асабліва злосным злачынцам. Напрыклад, ваенным злачынцам, якія зьдзейсьнілі злачынствы супраць чалавечнасьці. Некаторыя настойвалі, што выракаць на сьмерць варта тады, калі віна асуджанага на 100 працэнтаў даказаная, але ва ўмовах Беларусі, на іхную думку, такога быць ня можа – няма даверу да судовай сыстэмы і сьледзтва.

Падчас дыскусіі

Падчас дыскусіі

На просьбу Аляксея Колчына ўзьняць рукі тым, хто падпісаўся ў пэтыцыі за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі іх паднялі толькі некалькі чалавек. Ён заклікаў тых, хто абмінуў увагай гэты дакумэнт, у ім падпісацца. Прасіў актывістаў няўрадавых арганізацыяў больш актыўна казаць грамадзкасьці пра праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Прыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі паглядзелі некалькі дакумэнтальных стужак пра сьмяротныя выракі ў Беларусі. У адной зь іх вялося пра маладых хлопцаў зь бялыніцкай вёскі Вялікая Машчаніца. Іх арыштавалі па падазрэньні ў забойстве. Падчас сьледзтва выбілі ў іх прызнаньне, але суд іх апраўдаў. Аўтарка фільма кажа, што ў Беларусі прызнаньне падазраваным віны – ёсьць важным аргумэнтам яе доказу.

Рэкордная колькасьць асуджаных на сьмерць у Беларусі была ў 1998 годзе – 47 прысудаў. У 2012 – іх наагул не было. У 2013 годзе – чатыры. З усіх эўрапейскіх краін толькі ў Беларусі выносяцца сьмяротныя выракі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG