Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд МакМілін: «Беларусы куды больш прыемныя, чым рускія, хаця ў мяне руская жонушка»


На ягоным пісьмовым стале ў кватэры блізу Тэмзы цяпер кніга Зьмітра Пляна, ён закаханы ў паэзію Вікі Трэнас і любіць беларускую камэрную музыку.

Доктар славянскай філялёгіі, прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд МакМілін паўстагодзьдзя вывучае беларускую мову, літаратуру, культуру. Ён выдаў чатыры кнігі па гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. Цяпер піша пра самых маладых паэтаў краіны, якую цягам апошніх пятнаццаці гадоў наведвае пры кожнай мажлівасьці.

«Трэба мець шмат грошай, каб проста так прыехаць зь Лёндану ў Менск, але кожны шанец прыехаць у Беларусь для мяне — сьвята душы. Гэта мне прыемна. Маю шмат сяброў тут, добрых, новых і ганаровых, як многія пісьменьнікі.

Спачатку я думаў, што больш ня буду прыяжджаць пасьля сьмерці Васіля Быкава. Але гэта былі кароткія сумневы, і ўжо кожны раз, як прыяжджаў, сустракаўся з Барадуліным. Вялікі гонар для мяне, калі ў ягоным зборы твораў зьмясьцілі фатаздымак, пад якім напісана «Ангельскі беларус». Гэта я.

Для перакладчыка беларускай літаратуры важна ведаць, што ягоны пераклад будзе надрукаваны. Вялікае выключэньне тут — гэта Васіль Быкаў, які пісаў па-беларуску, потым былі рускія пераклады і адтуль англамоўныя.

Хто знаёмы ў нас зь беларускай мовай, акрамя эмігрантаў? Няшмат. А руская мова паўсюль. Славістыка ў нас на Альбіёне — гэта не славістыка, гэта русістыка.

Васіль Быкаў мае па-ангельску і добрыя, і ня вельмі пераклады сваіх твораў. І Ўладзімер Караткевіч у савецкі час меў тут кустарны пераклад, але я чуў, што ёсьць новы пераклад яго рамана «Дзікае паляваньне караля Стаха».

Нобэлеўская прэмія — вельмі дзіўная прэмія, але я ведаю дакладна, што калі вылучылі Васіля Быкава, то Чэслаў Мілаш і Вацлаў Гавэл, вельмі вядомыя пісьменьнікі і асобы, падтрымлівалі яго. Ён не атрымаў Нобэля. А калі вылучылі Рыгора Барадуліна, Нобэлеўскі камітэт напісаў мне ліст з просьбай выказацца, што я думаю пра яго творы. Я парэкамэндаваў Барадуліна, як мог. А паэзію рэкамэндаваць вельмі цяжка. Большасьць нобэлеўскіх ляўрэатаў пішуць прозу.

Арнольд Макмілін і Ўладзімер Някляеў у гасьцях у Рыгора Барадуліна, 2012 год

Арнольд Макмілін і Ўладзімер Някляеў у гасьцях у Рыгора Барадуліна, 2012 год

Перакладаць паэзію — вельмі цяжкая рэч. Вера Рыч у 60-я гады магла добра гэта рабіць, а потым стала трошкі горш. Тым ня менш яна валодала рэдкім талентам перакладчыцы зь беларускай на ангельскую.

Калі ў Беларусі тут моўная рускасьць паўсюль — гэта вельмі цяжка для літаратуры беларускай. Трэба вучыць дзяцей беларускасьці. Але і тады, калі было больш беларускіх школ, ня самых цікавых аўтараў уключалі ў праграму па беларускай літаратуры. Я гэта таксама добра ведаю.Але я не хачу тут сядзець і сумаваць пра гэта, хоць мне ня вельмі прыемна гэта ведаць.

Але я чытаю пра тое, што больш і больш беларускай моладзі гаворыць на беларускай мове. Магчыма, гэта — як від пратэсту.

Я раблю для Беларусі, што магу, і мне заўсёды прыемна тут быць. Безумоўна, мне сумна тут ад таго і сяго і трэцяга, але я ўсім гавару, што беларусы куды больш прыемныя, чым рускія, хаця ў мяне руская жонушка".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG