Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын думаў, што яго вядуць на спатканьне, а яго вялі на расстрэл»


Акцыя пратэсту супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Акцыя пратэсту супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

10 кастрычніка, у Дзень барацьбы супраць сьмяротнай кары, у Беларусі завяршыўся тыдзень праваабарончых мерапрыемстваў пад лёзунгам «Сьмяротная кара — гэта забойства».

Выставы, лекцыі, сустрэчы, мастацкія імпрэзы, у якіх узялі ўдзел ганаровыя замежныя госьці, а таксама сваякі расстраляных ды асуджаных на сьмяротнае пакараньне, прыхільнікі абаліцыянісцкага руху, прайшлі ў многіх беларускіх гарадах. Беларусь на сёньняшні дзень — апошняя краіна ў Эўропе ды на постсавецкай прасторы, дзе вязьняў усё яшчэ караюць сьмерцю.

Ці можа чалавечая супольнасьць пазбаўляць іншага чалавека жыцьця за ягоныя ўчынкі, тым больш узаконьваць гэта? — такое пытаньне мы задалі мінакам на вуліцах Менску.

Расстрэл: забойства ці адплата?

Юрыст, лідэр ды заснавальніца ўзбэцкай праваабарончай арганізацыі «Маці супраць сьмяротнага пакараньня і катаваньняў» Тамара Чыкунова лічыць: нішто на сьвеце ня можа апраўдаць дзяржаву, якая наўмысна ды бязьлітасна пазбаўляе чалавека жыцьця, у такім выпадку саму дзяржаву можна лічыць забойцам. У Менск Тамара Чыкунова прыехала, каб прычыніцца да кампаніі «Сьмяротная кара — гэта забойства» на запрашэньне праваабарончага цэнтру «Вясна».

Тамара Чыкунова

Тамара Чыкунова

Дабіўшыся больш як шэсьць год таму разам з паплечнікамі адмены сьмяротнага пакараньня ва Ўзбэкістане, праваабаронца шчыра зычыць таго ж і Беларусі. Гэта не чужая для яе краіна. У савецкія гады Тамара пражыла тут 9 гадоў. Муж быў афіцэрам. Потым лёс закінуў сям’ю ў Ташкент. У гэтым горадзе ў 1999 годзе абарвалася жыцьцё іх адзінага сына. Яго расстралялі, калі яму было 28. Прызнаньне віны сьледчыя выбівалі зьдзекамі і катаваньнямі. У 2006 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў расстралянага невінаватым. Як кажа жанчына, 14 гадоў, якія прамінулі з часу трагедыі, ня сьцішылі яе гора. Асабліва цяжка, кажа яна, бывае ў дзень сьмерці сына. Месца яго пахаваньня ёй невядомае. Ва Ўзбэкістане, гэтаксама як і ў Беларусі, гэта засакрэчаная інфармацыя.

Паводле Тамары Чыкуновай, самымі жахлівымі былі для яе першыя гады пасьля расстрэлу. Яна практычна засталася адна. «Некуды зьніклі ня толькі сябры. З прычыны страху спынілі кантакты многія сваякі».

Паколькі Тамара не зьбіралася маўчаць, а пачала супрацоўнічаць з ААН ды «Міжнароднай амністыяй», яна да таго ж адчувала ціск з боку праваахоўных органаў. Жанчына прызнаецца, што ёй спатрэбіліся два гады, каб прайшла нянавісьць да кожнага паліцыянта ды сьледчага, каб зьнікла непераадольнае жаданьне помсьціць за забойства адзінага сына. Яна ўзгадвае, што ў той час спала ўсяго па 20–40 хвілін на дзень. Увесь час у вушах нібыта зьвінела пытаньне: чаму? Жах быў і ў тым, што сына расстралялі ў дзень дазволенага спатканьня. Напярэдадні жанчына атрымала ад яго ліст, дзе той пісаў, як чакае спатканьня.

«Дарагая матуля! Я вельмі чакаю спатканьня з табой, бо кожнае наша спатканьне такое кароткае, Мы ж размаўляем пра маю справу, пра тое, куды пісаць пратэсты, якія аргумэнты прыводзіць у якасьці абароны. А ў мяне не хапае часу, каб сказаць, як я за цябе хвалююся, як я цябе люблю ды паважаю. Прыходзь, я цябе вельмі чакаю».

«Няўжо б машына расстрэлу дала збой, калі б дазволілі 10-хвіліннае разьвітальнае спатканьне? Мой сын так чакаў таго спатканьня, — працягвае Тамара Чыкунова, — а яго ў той дзень павялі на сьмерць. Мне было лягчэй памерці, чым заставацца жыць. Ад самагубства мяне ўтрымаў мітрапаліт Уладзімер, які сказаў, што мяне можа ўратаваць толькі дараваньне ды дапамога іншым. Ён таксама дазволіў памінальную службу, каб адпець майго сына завочна».

Пры канцы аксакалы пыталіся: «Дачушка, дзе якія паперы прэзыдэнту падпісаць, каб не расстрэльвалі?»

Тамара даравала ўсім, хто быў датычны да расстрэлу сына. Нечакана вярнуўся сон ды ранейшая працаздольнасьць.Жанчына пачала дапамагаць тым, хто гэтак жа, як і яе сын, быў асуджаны на расстрэл. Акрамя знаёмства са справамі сьмяротнікаў, пісаньня скаргаў ды касацыяў, жанчына разам з аднадумцамі пачала езьдзіць па краіне ды пераконваць людзей паставіць свой подпіс пад пэтыцыяй аб адмене сьмяротнага пакараньня. Тамара лічыць, што рабіць такую працу ў Беларусі ёй было б, пэўна, нашмат лягчэй.

«Калі Беларусь — гэта хрысьціянская пераважна дзяржава, то ва Ўзбэкістане 90% насельніцтва — мусульмане. Падчас нашай працы па адмене расстрэлаў пачалася беспрэцэдэнтная кампанія па барацьбе з ісьлямскім тэрарызмам, у турмы кідалі, каго хацелі. Людзі баяліся нешта падпісваць. Як хрысьціянку яны маглі б мяне ўвогуле ня слухаць. Аднак мы аб’ехалі ўвесь Ўзбэкістан. Размаўлялі з аксакаламі, якія ў аулах вырашаюць усё. Адразу яны гаварылі мне так: маўчы, жанчына, трэба забіваць, бо гэта злачынцы. Аднак я знайшла для іх радкі ў Каране пра тое, што жанчына-маці мае поўнае права абараняць сваё дзіця. Пад канец аксакалы ўжо казалі: „Дачушка, дзе якія паперы трэба прэзыдэнту падпісаць, каб не забівалі?“ Нас пачулі. Грамадзтва стала на абарону жыцьця».

Вынікам дзеяньняў «Маці супраць сьмяротнага пакараньня і катаваньняў» стала адмена сьмяротнага пакараньня ва Ўзбэкістане. Гэта адбылося 1 студзеня 2008 году. На той момант у камэрах сьмяротнікаў заставалася 58 чалавек. Тамара і яе паплечнікі дамагліся, каб кожная са спраў гэтых людзей была перагледжаная. У выніку толькі 12 вязьняў пайшлі на пажыцьцёвае пакараньне. 46 чалавек атрымалі розныя тэрміны пакараньня з правам выйсьці на свабоду. 22 зь іх ужо на волі. Многія маюць свае сем’і. Працуюць. Некаторыя нават паканчалі ўнівэрсытэты. Многія па-ранейшаму пішуць Тамары і ў сваіх лістах зьвяртаюцца да яе — «мама».

«Галоўная мэта крымінальнага пакараньня — раскаяньне злачынцы»

Сёньня Тамара Чыкунова актыўна змагаецца за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. У рамках тыдня «Сьмяротная кара — гэта забойства» яна разам з маці расстралянага сёлета жыхара Вілейкі Паўла Селюна ды маці асуджанага на расстрэл гамельчука Аляксандра Грунова сустракалася з гомельскай грамадзкасьцю. Пра беларускіх жанчын, якія знаходзяцца ў тым жа стане, што і яна 14 гадоў таму, узбэцкая праваабаронца кажа:

«Тамара Сялюн усё яшчэ ніяк ня можа прыняць сьмерць. Яна чула ад некага, што сьмяротнікаў цяпер нібыта не расстрэльваюць, а накіроўваюць на руднікі. Я разумею яе. Жанчынам у яе стане і не такія думкі прыходзяць у галаву. Каб прыняць сьмерць, трэба навучыцца жыць з гэтым. А другая мама — Вольга Грунова... Яна сядзела на сустрэчы, нібыта замерла ў сваім горы, у чаканьні — а раптам... Яна гатовая пайсьці на ўсё, гатовая сваё жыцьцё пакласьці за яго. Я прайшла праз усё гэта. Нейкай панацэі для маці ад такога гора няма. Час ня лечыць. Адзінае плацэба — гэта калі адмяніць сьмяротнае пакараньне. Тады грамадзтва павернецца да іх».

Тамара Чыкунова перакананая: «Галоўная мэта крымінальнага пакараньня — раскаяньне злачынца». Калісьці адзін з былых сьмяротнікаў напісаў ёй:

«Прайшлі гады, я забыў многіх людзей, многія падзеі, але ўчыненае мной забойства я памятаю, як быццам бы гэта адбылося ўчора. Сумленьне не дае мне магчымасьці ні забыць гэта, ні дараваць гэта сабе. Я пераступіў законы і Бога, і чалавека. Сваякі забітага маюць права патрабаваць за гэта расстрэлу. Аднак суд майго сумленьня нашмат страшнейшы. Калі сьмяротнік памірае, ніхто так і не пазнае, якое вялікае ў яго раскаяньне. Хіба ад гэтага лепш грамадзтву, сваякам ахвяры, некаму іншаму?»

Гэтаму чалавеку далі шанец выправіцца. Яго маглі расстраляць у 24 гады. Яго выратавалі. Сёньня яму за 30. У яго добрая жонка і двое дзетак. Ён атрымлівае адукацыю ва ўнівэрсытэце.

Вязьню камэры сьмяротнікаў на «Валадарцы» Аляксандру Грунову 25 гадоў. Вышэйшую меру ён атрымаў за асабліва жорсткае забойства студэнткі Натальлі Емяльянчыкавай.

Маці Аляксандра Вольга кажа, што сын ні на што ня скардзіцца, захапіўся рэлігіяй і штодня просіць у Бога прабачэньня.

«Ён у адзіночцы, але нядаўна да яго нібыта нейкага паляка падсадзілі. Іх не выпускаюць нават на вуліцу, сьвежага паветра яны ня бачаць. Ад мяне нічога ня просіць. Нават з адзеньня: „Усё ў мяне ёсьць“. Аднойчы нават казаў, каб забрала сякія-такія рэчы, бо думаў, што яго ўжо расстраляюць».

Пасьля таго як Вярхоўны суд адхіліў касацыйную скаргу, усё залежыць толькі ад Лукашэнкі, на чыё імя сын паслаў прашэньне аб памілаваньні, — цьвердзіць Вольга. Сама яна некалькі разоў спрабавала сустрэцца зь беларускім кіраўніком, аднак ня ведае, як да яго прабіцца. Калі б сустрэча адбылася, яна б задала прэзыдэнту толькі пару пытаньняў і маліла б, каб ён пашкадаваў сына.

Маці ня можа ўзяць у толк, чаму адных забойцаў кіраўнік дзяржавы мілуе, а прашэньні іншых адхіляе. Да чаго ўжо жорстка забілі чацьвёра жыхароў з Пухавічаў Жыткавіцкага раёну свайго аднавяскоўца, якога падазравалі ў падпалах гаспадарчых пабудоў і стагоў сена, — і абышлося. Заступіўся прэзыдэнт, і той жа Гомельскі абласны суд пакараў іх на мінімальны тэрмін толькі арыштам, дый то хатнім.

«Сьмяротнае пакараньне — гэта поўная ізаляцыя тых, хто прынёс у грамадзтва сьмерць»

Кіраўніца «Плятформы», удава асуджанага за забойства Алёна Красоўская-Касьпяровіч — рэдкая праваабаронца, якая выступае за сьмяротнае пакараньне. Так, яна згодная, што ніхто ня мае права адымаць жыцьцё ў чалавека. Аднак пры гэтым лічыць, што дзяржава павінна караць адплатай тых, хто задумаў забойства з абцяжваючымі акалічнасьцямі і старанна прадумваў яго. Каб пазьбегнуць судовых памылак, якія магчымыя ў любым грамадзтве, трэба, як у ЗША, павялічыць тэрмін паміж вынясеньнем ды зьдзяйсьненьнем прысуду. Таксама праваабаронца выступае за крайнюю меру для тых, хто нявечыць нашых дзяцей — сэксуальна разбэшчвае, падсаджвае на наркотыкі, робіць фізычным ці псыхічным інвалідам на ўсё астатняе жыцьцё.

Алена Красоўская-Касьпяровіч

Алена Красоўская-Касьпяровіч

«З майго гледзішча, сьмяротнае пакараньне — гэта не забойства, а поўная ізаляцыя таго, хто сьвядома прынёс у грамадзтва чыюсьці сьмерць», — кажа Красоўская-Касьпяровіч.

Пазыцыя жанчыны выглядае тым больш дзіўнай, што ў гэтым выпадку яна б ніколі не пазнаёмілася з сваім мужам. Зусім ня простае сямейнае жыцьцё зь ім, калі сустрэчы маглі адбывацца толькі падчас некалькіх спатканьняў на год, яна лічыць ледзь ня самым шчасьлівым у параўнаньні з ранейшымі шлюбамі. Нічога магло б ня быць, калі б яе абраньнік атрымаў больш суровы прысуд.

Красоўская-Касьпяровіч: «Я не аднойчы пра гэта думала. Я выдатна разумела, што зьдзейсьніў мой муж і што ён у прынцыпе заслужыў сваё пакараньне. Калі іх судзілі (ён быў не адзін), шмат каго дзівіла, што не было ніводнай „вышкі“. Зыходзячы з таго, што яны наварацілі, яны гэтага заслугоўвалі. У тым ліку і мой муж. Пра гэта мы гаварылі зь ім не аднойчы, і ён сам гэта ўсьведамляў. Так, мы маглі б ніколі не сустрэцца, але, значыць, такі лёс. Калі мы пажаніліся, муж данёс да мяне сваё рашэньне, што ад пачатку 18-гадовага тэрміну да канца ён ня будзе падаваць аніякіх хадайніцтваў, прасіць разгляду адносна ўмоўна-датэрміновага, амністыяў і г.д., бо ён сядзіць за тое, што зрабіў. Як ён лічыў, тэрмін пакараньня ў яго быў недастатковы. І мы прытрымліваліся гэтага. Ён разумеў, што ён вінаваты».

Алена Красоўская-Касьпяровіч адзначае, што сярод тых жорсткіх забойцаў, якія сядзяць у турмах зь вялікімі тэрмінамі, нямала маладых ды здаровых людзей. Дэманструючы ўзорныя паводзіны, а больш там няма чаго рабіць, яны маюць дастаткова шанцаў выйсьці на волю праз 20 і нават меней гадоў. Гарантыяў, што гэтыя ЗК ня вернуцца ў злачынны сьвет, ня можа даць ніхто. Нядаўна ў «Плятформу» зьвярнуўся асуджаны на 23 гады 25-гадовы хлопец. У калёніі ён сядзіць ужо восьмы год за тое, што забіў 11-гадовага падлетка. Спачатку нанёс яму звыш сотні нажавых раненьняў, а потым яшчэ і задушыў провадам ад DVD. Сёньня ён просіць нас дапамагчы яму, бо, маўляў, апынуўся на тым месцы выпадкова. Хоць насамрэч справа выглядае ня так. Чалавек так і не зразумеў, што ўчыніў. Ці сёньня можа хто даць гарантыі адносна такіх асуджаных за забойствы?

Тым ня менш, — зьвяртаюся да суразмоўніцы, — даводзілася чуць, што тыя, хто атрымаў пажыцьцёвае, нярэдка кажуць: лепш бы мяне расстралялі.

Красоўская-Касьпяровіч: «З практыкі „Плятформы“ — на самым пачатку, як толькі асуджаныя, у якіх альтэрнатыва: расстрэл — пажыцьцёвае, атрымліваюць пажыцьцёвае, яны кажуць: лепш расстраляйце, бо самае страшнае — гэта менавіта сядзець пажыцьцёва. Аднак праходзіць час, і ніхто зь іх паміраць не зьбіраецца. Тыя праваабаронцы, якія выступаюць за адмену расстрэлаў, кажуць, што сьмяротныя пакараньні пры ўсім пры тым не зьмяншаюць колькасьці крывавых злачынстваў. Аднак, выбачайце, у нас сьмяротных выракаў — усяго 1–2 на год. А калі б іх выносілася па 50, то, паверце, падумаў бы той, хто ідзе на забойства».

Нярэдка ад так званых абаліцыяністаў — прыхільнікаў адмены сьмяротнага пакараньня — можна пачуць, што добра было б, каб ахвяры паспрабавалі дараваць катам, паспрабавалі прыняць іх выбачэньні, паспрабавалі выслухаць іх. Бо нянавісьць не пазбавіць болю. Ці магчымае такое сёньня?

Красоўская-Касьпяровіч: «Заўсёды імкнуся прымерыць тую ці іншую сытуацыю на сябе. Менавіта я наўрад ці даравала б чалавеку, які б учыніў у дачыненьні, ня дай Бог, да майго дзіцяці нешта падобнае. Хоць мае апанэнты па праваабарончым руху сьведчаць, што праходзіць час — і сваякі ахвяраў пераглядаюць сваю пазыцыю. Але я ў любым выпадку ніколі ў падобнай сытуацыі не пажадаю забойцу дзіцяці шчасьлівага жыцьця. Увогуле, мне падаецца неапраўданым, што наша грамадзянская супольнасьць абараняе цяпер сваякоў забойцаў незалежна ад учыненых іхнімі сямейнікамі злачынстваў, што ў адзін шэраг з Кавалёвым ставяць тых, хто ўчыніў некалькі забойстваў, хто зьдзекаваўся з сваіх ахвяраў. На маю думку, такога не павінна быць. Разумею гора маці, аднак давайце ўсё ж задумаемся, што ўчыніў яе сын, і ня будзем усёй краінай аплакваць чарговага расстралянага».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG