Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саюз нераўнапраўных


Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Палітычныя зьмяненьні ў Беларусі або Казахстане могуць зьнішчыць Эўразійскі эканамічны саюз, таму пры неабходнасьці Расея будзе наўпрост умешвацца ва ўнутраныя справы гэтых краін, каб тыя заставаліся ў фарватэры крамлёўскай палітыкі.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітоляг, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч лічыць, што ня трэба шмат увагі аддаваць тым нормам, якія ўтрымліваюцца ў дамовах у межах Эўразійскага саюзу.

«Асноўная асаблівасьць эўразійскай інтэграцыі ў тым, што бакі не заўсёды выконваюць тыя нормы, якія запісаныя ў дамове. Заўсёды існуе магчымасьць тыя ці іншыя нормы па-іншаму інтэрпрэтаваць, не выконваць або неяк па-іншаму зьмяняць правілы гульні», — адзначае экспэрт.

У гэтым сэнсе спрэчкі наконт таго, ці сапраўды дамова аб ЭАЭС выключае магчымасьць выхаду з гэтага саюзу, Казакевіч лічыць бэссэнсоўнымі:

«Практыка паказвае, што выйсьці можна зь любой дамовы, тым больш што канстытуцыя Беларусі прадугледжвае, што Беларусь — гэта незалежная дзяржава і яна мае права зьмяняць міжнародныя дамовы і вырашаць, з кім іх надалей заключаць. Таму зь юрыдычнага пункту гледжаньня такая магчымасьць усё роўна застанецца».

Але, на думку палітоляга, стварэньне Эўразійскага саюзу ўсё роўна пагражае незалежнасьці Беларусі.

«Ствараюцца пэўныя наднацыянальныя структуры, якія і фармальна будуць абмяжоўваць, і рэальна, таму што ўплыў Расеі і ў эканамічнай, і ў палітычнай сфэры павялічваецца праз выкарыстаньне гэтых інстытутаў. Вядома, я б разглядаў заключэньне гэтага саюзу менавіта як пагрозу, і асноўная пагроза заключаецца ў тым, што ў межах гэтага саюзу няма ніякіх супрацьвагаў. Існуе адна краіна, якая ёсьць абсалютнай дамінантай — Расея — і няма нейкіх мэханізмаў стрымліваньня яе ўплыву ў межах гэтага саюзу. Гэты фактычна саюз адной вялікай краіны зь невялікай колькасьцю сатэлітаў», — кажа Казакевіч.

Палітоляг лічыць, што Эўразійскі саюз трымаецца на асабістых дамоўленасьцях кіраўнікоў Расеі, Беларусі і Казахстану і любыя палітычныя зьмяненьні ў гэтых краінах могуць зьнішчыць саюз.

«Вядома, калі саюз праіснуе раптам 20 год, сытуацыя можа зьмяніцца. Сапраўды, гэтыя новыя інстытуты, магчыма, неяк умацуюць новую палітычную рэальнасьць. Але цяпер гэта абсалютна пэрсаналістычная мадэль, якая шмат у чым базуецца на пэрсанальных дамоўленасьцях, на нейкіх непрапісаных правілах — то бок такіх рэчах, пра пэрспэктывы якіх вельмі складана казаць. Калі ў той ці іншай краіне адбудуцца сур’ёзныя палітычныя зьмены, гэта можа паставіць пад пытаньне існаваньне гэтага саюзу. Але мы тут зноў вяртаемся да гэтай формулы: Расея ў гэтым саюзе — абсалютная дамінанта. Таму калі адбудуцца якія-небудзь зьмены ў Расеі — гэта будзе адна сытуацыя. А вось калі зьмены будуць адбывацца ў Беларусі або Казахстане, існуе вялікая верагоднасьць, што Расея будзе чыніць непасрэднае ўмяшаньне дзеля таго, каб захаваць кантроль над гэтай краінай, будзе проста адкрыта ставіць урады, якія будуць ляяльныя Маскве і будуць ісьці ў фарватэры яе палітыкі. Але гэта шмат у чым будзе залежаць ад таго, наколькі Расея зможа весьці фактычна „новую халодную вайну“ з краінамі Захаду», — падкрэсьліў Казакевіч.

XS
SM
MD
LG