Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі заўзятар: «Хлопцы нават не пасьпелі зразумець, за што селі»


У судзе Барысаўскага раёну прайшлі суды над беларускімі і ўкраінскімі заўзятарамі, затрыманымі перад матчам нацыянальных зборных Беларусі і Ўкраіны на «Барысаў Арэне» і па яго заканчэньні.

Працэсы адбываліся паасобку паводле нацыянальнай прыкметы. Усяго слухаліся справы 24 падазраваных у «дробным хуліганстве» — па 12 ад кожнай краіны. Беларусаў каралі выключна штрафамі, украінцы ў масе сваёй атрымалі адміністрацыйныя арышты.

Насамрэч заўзятараў было затрымана больш, але непаўналетніх адпусьцілі практычна адразу. Ня сталі трымаць і тых, да каго не ўдалося прычапіцца нават пры вялікім жаданьні пільных міліцыянтаў.

З украінскімі гасьцямі Барысава працавала судзьдзя Сьвятлана Самусева. Разгляд адбываўся ў закрытым рэжыме, у залю быў дапушчаны прадстаўнік украінскай амбасады і два праваабаронцы.

Першыя восем прысудаў былі агучаныя як пад капірку — па 5 сутак зьняволеньня. У барысаўскай турме пасядзяць Яна Васількоўская, Юры Альховіч, Андрэй Палішчук, Астап Лісьюк, Дзяніс Цімафееў, Юры Чабалюк, Вячаслаў Георгіевіч, Юры Нэцкі. Найбольш «злосны хуліган» Аляксандар Лапанаў асуджаны на 10 сутак.

Пасьля невялікага перапынку выракі сталі больш гуманнымі і абмяжоўваліся буйнымі штрафамі — ад аднаго да паўтара мільёна рублёў. Сярод пакараных — Багдан Ярэмчук, Андрэй Дзялюра і Віталь Нямыкін. Адметна, што землякоў у бядзе ня кідалі — усе выдаткі кампэнсаваліся з агульнай заўзятарскай касы. Як удакладніў пасьля суду першы сакратар у консульскіх пытаньнях амбасады Ўкраіны ў Беларусі Андрэй Лехкі, яшчэ тры ўкраінцы сплацілі штрафы да суду:

«Тры штрафы былі сплочаныя адразу, людзі пагадзіліся на „дробнае хуліганства“. А сёньня адбыўся суд, 12 чалавек былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, таксама паводле артыкула „дробнае хуліганства“. Зь іх тром прызначана адміністрацыйнае пакараньне ў выглядзе штрафу, восем чалавек асудзілі да адміністрацыйнага арышту на 5 сутак і адзін грамадзянін Украіны асуджаны на адміністрацыйны арышт тэрмінам на 10 сутак. Усяго агулам 12 асобаў. Трое цяпер якраз сплочваюць і ўжо сёньня змогуць ад’ехаць дадому».

Практычна ўсе ўкраінцы былі затрыманыя яшчэ да матчу. Перад допускам на трыбуны міліцыянты прымушалі расшпільвацца да апошняй кашулі, і калі на нейкай майцы фігураваў праўкраінскі надпіс, заўзятара адразу вялі ў аўтазак. Алег Гусеў з Львова быў «узяты» яшчэ на барысаўскім вакзале. У ягоным заплечніку міліцыянты нічога падазронага не знайшлі і ўрэшце адпусьцілі, а вось сябру пашанцавала меней — стыкеры з кельцкім крыжам судзьдзя назвала «фашыстоўскай сымболікай», за што Аляксандар Лапанаў урэшце атрымаў свае 10 сутак:

«Усё было так. Мы прыехалі на вакзал у Барысаў, усё было нармальна, ехалі рэальна паглядзець матч. Але там нас ужо сустракалі вашы супрацоўнікі міліцыі, адразу пачалі прад’яўляць нейкія дзіўныя прэтэнзіі: о, хахлы прыехалі, зараз пачнецца. Завялі нас у аддзяленьне, мы ім паказалі ўсе рэчы. Яны забралі нашы стыкеры, сказалі, што гэта забароненая атрыбутыка. То бок яшчэ ў гараддзеле далі зразумець, што на нас будуць „вешаць“ нібыта прапаганду і дэманстраваньне фашысцкай сымболікі. На самой справе ніхто яе не дэманстраваў — гэта раз. Па-другое, стыкеры з сымболікай ніхто нікуды ня клеіў, яны проста былі ў майго сябра. Але ў судзе ўсё перакруцілі, асудзілі фактычна за экстрэмізм. Такога з намі яшчэ не было, я вам шчыра скажу. Куды мы толькі не выяжджалі, але так нідзе не абыходзіліся. А тут толькі прыехалі — і суд. Хлопцы нават не пасьпелі зразумець, за што селі».

Паралельна судзілі і беларускіх заўзятараў, якім інкрымінавалася ўсё тое ж дробнае хуліганства — «лаянка ў грамадзкім месцы». Усім дружна выпісалі па 600 тысяч рублёў штрафу. Як кажа адна з асуджаных, Александрына Турчанка, прычапіліся да іх з украінскай сяброўкай Янай Васількоўскай, якую суд арыштаваў на 5 сутак, за «акт салідарнасьці» падчас матчу:

«Усё пачалося яшчэ падчас футболу. У другім тайме я дастала бел-чырвона-белы сьцяг, а мая сяброўка — сьцяг Украіны. Тут жа да нас падышлі, сказалі прыбраць. Мы не пярэчылі, прыбралі, хоць у яе руках быў дзяржаўны сьцяг сваёй краіны. У выніку, калі мы ўжо выходзілі, нас усё роўна злавілі амапаўцы і адвялі ў аўтазак. Яны ўжо потым сказалі: як толькі я дастала сьцяг, было зразумела, што мяне сюды прывязуць. Пры гэтым у выраку значыўся артыкул 17.1 — лаялася матам».

Карэспандэнт: «Чаму, на ваш погляд, не давалі суткі беларусам, затое ўкраінцам — ледзь ня ўсім?»

«Справа, па-мойму, у грошах. Як украінцаў прымусіць сплаціць штраф? Яны завернуцца і зьедуць. Гэта з аднаго боку. Зь іншага — гэта ўсё цяперашнія падзеі вакол Украіны. Магчыма, было мэтай прэвэнтыўна запалохаць, каб баяліся. Прадэманстраваць, што ў нас з іншадумствам жорстка».

Барысаўскай праваабаронцы Марыне Статкевіч з дапамогай супрацоўніка ўкраінскага дыппрадстаўніцтва Андрэя Лехкіга ўсё ж удалося трапіць на суд над заўзятарамі з суседняй краіны. Яна кажа, што даўно не перажывала такога сораму за сваю дзяржаву:

«Добра, што прыехаў консул, дык нас хоць бы пусьцілі на працэс, бо звычайна нікуды не дапускаюць, усё робіцца ціхай сапай. Дзякуючы консулу мы трапілі ў залю, таму валодаем інфармацыяй, маем усе прозьвішчы. У мяне няма тлумачэньняў, чаму спачатку выпісвалі арышты, а потым забегалі, пачалі тузаць судзьдзю. Напэўна, вырашылі, што ўсё ж занадта крута — арышты для людзей, якія ня лаяліся матам, у якіх вышэйшая адукацыя, у некаторых па дзьве, а быў чалавек, які піша навуковую працу. Урэшце пабачылі, што хуліганаў насамрэч няма, усе адэкватныя людзі. Прычапіліся да маек. „Слава нацыі!“ — ну якая тут сымболіка? Ці банэр „За Ўкраіну!“. Што за яго ўвогуле можна прад’явіць? Таму вельмі сумна, сорамна за сваю краіну. Запрасілі людзей — і што ўрэшце? Такі футбольны матч, пад эгідай УЭФА. І што далей? Толькі памерці ад сораму застаецца».

21 кастрычніка на «Барысаў Арэне» ў рамках Лігі чэмпіёнаў сустрэнуцца мясцовы БАТЭ і данецкі «Шахтар». У кулюарах суду міліцыянты жартавалі на адрас асуджаных украінцаў — маўляў, куды вы сьпяшаецеся, заставайцеся ў нас на 10 сутак, таньней будзе, чым у гатэлі... Але цяпер ужо не вядома, ці захочуць пасьля набытага досьведу тамтэйшыя заўзятары яшчэ раз спакушаць лёс і выпраўляцца ў Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG