Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэі абараняюць «Правы сэктар» ад расейскіх СМІ


«Правы сэктар» зьбіў габрэяў у Адэсе, а таксама ўсе сутычкі з удзелам «Правага сэктару» часьцей за ўсё датычацца менавіта габрэяў — такія паведамленьні распаўсюдзілі расейскія СМІ, спрабуючы разьвіць тэму антысэмітызму сярод украінскіх байцоў. У абарону «Правага сэктару» выступілі самі габрэі.

На гэтым тыдні ў расейскіх СМІ набыла папулярнасьць навіна пра тое, што «Правы сэктар» нібыта абвясьціў вайну габрэям у Адэсе. Навіна зьявілася на сайце расейскай газэты «Известия», тэлеканалаў LifeNews і «Звезда».

Гэтыя СМІ паведамілі пра чалавека, чыё імя пазначана як Міхаіл Майман, які нібыта распавёў, што за мінулы месяц баевікі «Правага сэктару» жорстка зьбілі больш за 20 мужчын габрэйскай нацыянальнасьці. У паведамленьні гаворыцца, што ахвярамі зьбіцьця «Правым сэктарам» у Адэсе ў асноўным зьяўляюцца прадстаўнікі габрэйскай дыяспары.

Інфармацыю абверг афіцыйны прадстаўнік Габрэйскай абшчыны Бэрл Капулкін. «Не, не было нічога, пачынаючы ад Міхаіла Маймана. Няма такога чалавека ні сярод лідэраў, ні сярод членаў габрэйскай абшчыны. І яшчэ раз паўтару: мы падазраем, што наогул у Адэсе чалавека з прозьвішчам „Майман“ няма. Выпадкаў зьбіцьця габрэяў у Адэсе за апошні год мы ня памятаем, за апошнія 5 гадоў таксама ня памятаем. За апошні год іх дакладна не было. Мала таго, учора нам тэлефанавалі прадстаўнікі „Правага сэктару“ і пыталіся: „А каго мы там зьбілі? Самім жа цікава...“ У самым „Правым сэктары“ ёсьць у тым ліку і габрэі, таму падазраваць іх было б нелягічна», — сказаў Капулкін у эфіры расейскага каналу «Інфармацыйная служба сьвет-24».

А таксама зьявілася паведамленьне на афіцыйным сайце габрэйскай абшчыны ў Адэсе аб тым, што гэтая заява зьяўляецца хлусьнёй. Навіну абверг і «Правы сэктар». Пра гэта гаворыцца ў пасьце на іх старонцы Вконтакте: «Расейскія СМІ зноў пачалі масавую інфармацыйную атаку супраць „Правага сэктару“. На сваіх сайтах і ў эфірах яны хлусяць, што „Правы сэктар“ „абвясьціў вайну габрэям у Адэсе“. На самай справе ніякіх канфліктаў на глебе нацыянальнай розьні не было ні зь якімі нацыянальнымі меншасьцямі за ўвесь час існаваньня „Правага сэктару“ ў горадзе. Заклікаем ня весьціся на інфармацыйную правакацыю і ня браць пад увагу ніякую інфармацыю, што распаўсюджваюць расейскія і прарасейскія СМІ», — гаворыцца ў паведамленьні.

Іосіф Зісельс, старшыня Эўразійскага габрэйскага кангрэсу, назваў такія фальшывыя навіны ў расейскіх СМІ «даўно знаёмай мадэльлю тамтэйшай прапаганды і спэкуляцыі». На яго думку, міты аб тым, што ва Ўкраіне расьце антысэмітызм, зьявіліся яшчэ ў 2004 годзе. Паводле Зісельса, пасьпяховасьць такой маніпуляцыі заключаецца ў тым, што людзі ў Эўропе рэагуюць адназначна і на ўзроўні падсьвядомасьці на слова «фашызм».

«І ўжо ня трэба думаць, бо калі нехта называе: вось гэта фашысты — значыць, гэта фашысты. Усё! Значыць, раз фашысты — значыць, гэта дрэнна, значыць, там дзеецца чорт ведама што і трэба ўжываць нейкія меры. Гэты вобраз быў абраны даўно для таго, каб абазначыць Украіну і тых людзей, якія за Ўкраіну выступаюць — нацыяналісты альбо не нацыяналісты, наогул усіх, хто былі на Майдане — у ролі «фашыстаў», — заявіў ён у камэнтары для Радыё Свабода.

Іосіф Зісельс заключае: калі большасьць расейцаў падтрымліваюць Пуціна, то яны сьлепа давяраюць і падобнай прапагандзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG