Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка не пажадаў сустракацца з Пуціным у асяродзьдзі саюзьнікаў Крамля, — Уладзімер Фясенка


Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка не пажадаў сустракацца з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімірам Пуціным у Менску, таму што ня лічыць саміт СНД нэўтральнай пляцоўкай.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка, камэнтуючы адмову Парашэнкі ехаць у Менск на сустрэчу кіраўнікоў краінаў СНД.

«Па-першае, трэба ўлічваць, што ва Ўкраіне ідзе выбарчая кампанія і ўдзел у саміце СНД можа быць успрыняты дастаткова крытычна ўкраінскай грамадзкасьцю — як імкненьне да супрацоўніцтва, у тым ліку з Пуціным, на постсавецкай прасторы. Таму Парашэнку трэба, хутчэй, дэманстраваць дыстанцыяваньне ад СНД, а не працяг супрацоўніцтва. Мы і так захоўваем статус назіральніка, ня будучы поўным сябрам СНД.

Другая прычына ў тым, што сустрэча з Пуціным пажаданая на нэўтральнай пляцоўцы, не ў асяродзьдзі саюзьнікаў Пуціна. Пры ўсім цяпер нядрэнным стане адносінаў зь Беларусьсю ўсё ж пажадана правядзеньне перамоваў з Пуціным на нэўтральнай пляцоўцы — у дадзеным выпадку гэта Мілян.

Па-трэцяе, цяперашняя сытуацыя дастаткова складаная. Перамовы трэба падрыхтаваць, яны не павінны быць спантанныя. Паколькі парадак дня на саміце СНД задаецца Расеяй, гэта ня вельмі задавальняе Ўкраіну. Украіна, хутчэй, гатовая да такіх мэтанакіраваных перамоваў, якія тычацца крызісу на ўсходзе краіны, газавых праблемаў і г.д. Таму лепш за ўсё засяродзіцца на падрыхтоўцы двухбаковай сустрэчы з Пуціным, сустрэчы ў асяродзьдзі заходніх лідэраў, а не на чужой пляцоўцы», — кажа Фясенка.

Учора Пятро Парашэнка ў тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам папрасіў прабачэньня за свой няўдзел у саміце СНД. Украінскі прэзыдэнт таксама паведаміў пра плянаваную сустрэчу з Уладзімерам Пуціным, у ходзе якой будзе абмеркаваны ўвесь комплекс пытаньняў украінска-расейскага парадку дня, у тым ліку спыненьне збройнага супрацьстаяньня на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Паводле дадзеных украінскіх СМІ, сустрэча Парашэнкі і Пуціна можа адбыцца 16–17 кастрычніка ў Міляне, падчас форуму «Эўропа — Азія».

Сёньня на сустрэчы кіраўнікоў краінаў СНД Украіну прадстаўляе амбасадар у Беларусі Міхаіл Ежаль.

XS
SM
MD
LG